Пуцін мае планы на Беларусь. Незалежна ад поспехаў ва Украіне, Расія рыхтуецца далучыць нашу краіну
Расія плануе займець кантроль над Беларуссю, што б ні было ва Украіне, і працягвае спробы наступу ў Данецкай і Луганскай абласцях.
Інстытут вывучэння вайны: Пуцін плануе атрымаць кантроль не толькі над Украінай, але і над Беларуссю
У Інстытуце вывучэння вайны (ISW) робяць выснову, што Крэмль плануе інтэграваць ваенна-прамысловую базу Беларусі ў больш шырокую праграму расійскага пераўзбраення ў рамках падрыхтоўкі да зацяжной вайны ва Украіне.
Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным 17 лютага паведаміў, што Беларусь можа вырабляць штурмавікі Су-25 па расійскай тэхналогіі, а Мінскі аўтамабільны завод можа рабіць камплектуючыя для аўтамабіляў КАМАЗ.
Лукашэнка таксама згадаў пра гатоўнасць Беларусі дапамагчы ў вытворчасці электронных кампанентаў, каб папоўніць дэфіцыт заходняга імпарту ў Расіі.
Што яшчэ адзначылі аналітыкі Інстытута вывучэння вайны ў пятнічным дакладзе?
Беларусь рэалізавала 80% з 28 праграм інтэграцыі Саюзнай дзяржавы, уключаючы мытную і падатковую, што стала буйной перамогай Крамля ў працэсе стварэння Саюзнай дзяржавы. Гэта вялікае дасягненне для Расіі, бо Лукашэнка доўгі час супраціўляўся гэтым працэсам.
Гэтыя саступкі з боку Лукашэнкі сведчаць, што ён не хоча задзейнічаць беларускія сілы для ўварвання ва Украіну, лічаць у ISW. Беларускі кіраўнік, верагодна, “расплачваецца за тое, што адмовіўся ад больш шырокага патрабавання Пуціна далучыць беларускія войскі да ўварвання ва Украіну, робячы меншыя саступкі, якія ён адмаўляўся пагаджацца гадамі… Запозненыя саступкі Лукашэнкі і далейшая адмова накіраваць беларускія войскі на расійскае ўварванне паказваюць на рашучасць Лукашэнкі ўтрымаць беларускія войскі ад непасрэднага ўдзелу ў расійскай вайне”, — адзначае Інстытут вывучэння вайны.
Лукашэнка дадаткова заявіў, што Беларусь на 100% выконвае нейкія пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне абароны і бяспекі, пра якія Беларусь і Расія дамовіліся «тры месяцы таму». Ніякай канкрэтыкі пра гэтыя дамовы раней улада беларускаму грамадству не паведамляла.
Ціск Крамля на Лукашэнку ў пытаннях інтэграцыі Расіі і Беларусі кажа аб тым, што яго планы не абмяжоўваюцца захопам адной толькі Украіны: “Дасягненні Крамля ў Беларусі падкрэсліваюць, што імперыялістычныя амбіцыі Пуціна выходзіць за межы Украіны і што стрымліванне расійскай пагрозы патрабуе пастаяннай увагі Захаду. Пуцін, хутчэй за ўсё, дасягне значных поспехаў у аднаўленні расійскага сюзерэнітэту над Беларуссю незалежна ад выніку яго ўварвання ва Украіну”, — гаворыцца ў справаздачы ISW.
Цяпер Пуціна пажынае плён доўгатэрміновых кампаній інтэграцыі Беларусі, адзначае Інстытут стратэгічных даследаванняў. “Расія і Беларусь стварылі структуру Саюзнай дзяржавы ў 1999 годзе. Крэмль істотна актывізаваў кампаніі палітычнага і эканамічнага ціску з мэтай інтэграцыі Беларусі праз структуру Саюзнай дзяржавы не пазней за 2019 год. Пуцін і Лукашэнка першапачаткова ратыфікавалі пакет з 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы, якія цяпер у асноўным выкананы, у лістападзе 2021 года”.
У Расіі прызначылі новых камандуючых Цэнтральнай, Усходняй, Заходняй і Паўднёвай ваеннымі акругамі. Гэта, верагодна, зроблена для таго, каб дыстанцыяваць расійскія ўзброеныя сілы ад мінулых няўдач і падрыхтаваць іх да новага буйнамаштабнага наступу ва Украіне.
Якія-небудзь сведчанні таго, што расійскія і беларускія войскі рыхтуюцца да наступу з Беларусі, адсутнічаюць, лічаць у Інстытуце вывучэння вайны.
Генштаб УСУ: расійскія войскі працягваюць спробы наступу
Расійскія войскі працягваюць абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі, у тым ліку наносяць удары па крытычнай інфраструктуры, паведамляе Генштаб УСУ. За мінулыя суткі было здзейснена 10 ракетных і 29 авіяцыйных удараў, а таксама 69 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.
Выведка Вялікабрытаніі: у Расіі плануюць узяцца за падтрымку мабілізаваных
Выведка Вялікабрытаніі адзначае, што ў сваім звароце 21 лютага Пуцін можа закрануць пытанне сацыяльнай падтрымкі мабілізаваных і іх сем'яў. Такая выснова робіцца на падставе таго факту, што 16 лютага першы віцэ-спікер Савета Федэрацыі Андрэй Турчак падаў Пуціну даклад, складзены рабочай групай па забеспячэнні ўзаемадзеяння органаў публічнай улады і арганізацый па пытаннях мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі.
У брытанскім ведамстве лічаць, што пытанне падтрымкі мабілізаваных і іх сем'яў стане больш актуальным, калі будзе мець месца далейшая мабілізацыя, відавочная або няяўная. Там падкрэсліваюць, што апытанне, праведзенае ў снежні 2022 года, паказала, што ў 52% расіян былі сябры ці сваякі, якія ўдзельнічалі ў вайне супраць Украіны.
Паводле Люстэрка, www.understandingwar.org