Прыднястроўе. У чаканьні выбуху сытуацыі

У ваенны час цалкам лягічнымі выглядаюць новыя і новыя кропкі напружаньня. Пакуль фокус вайны засяроджаны на Данбасе і Марыюпалі, пастка новага канфлікту пачынае скрыгатаньне зубамі зь іншага боку Ўкраіны — на мяжы з Малдовай, на тэрыторыі так званай «Прыднястроўскай Малдоўскай Рэспублікі».

7d05f62e8b10b5dace94c053845cc.jpeg

Паглядзіце на гэтыя «афіцыйныя» сымбалі ўтварэньня ПМР:

scizh.png
herb.png


Толькі па іх ужо можна ўявіць прыблізны лад жыцьця, эканамічную сытуацыю і ўзровень дэпрэсіі грамадзтва ў гэтым рэгіёне.

25 красавіка ў Ціраспалі, так званай «сталіцы» Прыднястроўя адбыліся выбухі. Яны прагучалі ў міністэрстве дзяржбясьпекі і сталіся рэхам заявы, зробленай расейскім генэралам напярэдадні. Вайсковец узьняў пытаньне аб расейскамоўных у Прыднястроўі ў кантэксьце вайны ва Ўкраіне. Зь яго словаў вынікала, што плян ваенных дзеяньняў Расеі прадугледжвае поўны кантроль над поўднем Украіны, што зможа забясьпечыць Расейскай Федэрацыі сухапутны доступ да Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі.

Паспрабуем разабрацца з прычынамі старога канфлікту.

Яшчэ ў часы Вітаўта і Ягайлы, а гэта канец 14-пачатак 15 стагодзьдзяў Малдоўскае княства было ў такіх афіцыйных дачыненьнях з Вялікім Княствам Літоўскім і Польскім каралеўствам, якія можна назваць васальскімі. Перад гэтым Малдоўскае княства ўзьнікла як васал Вугорскага каралеўства, а пасьля зносін з ВКЛ, з 1513, стала васалам Асманскай Імпэрыі. Акурат дачыненьні з асманамі і наступная барацьба з іншай імпэрыяй — Расейскай — і нарадзілі ўсе падставы для сёньняшняга супрацьстаяньня.

Схематычна гэта выглядае наступным чынам. Малдоўскае княства, увесь час знаходзячыся ў васальскім становішчы, было вымушана выплачваць грошы, заўжды «прыслухоўвацца да старэйшых» у сваёй зьнешнепалітычнай і ўнутрыпалітычнай дзейнасьці. Напрыканцы 17 стагодзьдзя адбываюцца войны Рэчы Паспалітай з асманамі, а таксама Расейскай імпэрыі з асманамі, у выніку чаго тэрыторыя, на якой знаходзілася Малдоўскае княства, усё больш пазбаўлялася якіх-кольвек самастойных правоў. Прычым фармальна яно не было часткай Асманскай імпэрыі, як напрыклад балканскія краіны, але толькі васалам.

У 1774 годзе (ня блытаць з 2022 годам) Расейская імпэрыя абвесьціла аб праве абараняць праваслаўнае насельніцтва Малдоўскага і Валахскага княстваў. У тым жа годзе паўночная частка Малдоўскага княства была анэксаваная імпэрыяй Габсбургаў. На набытых землях аўстра-вугорскі ўрад утварыў герцагства Букавіна. У 1806-1812 адбылася новая турэцка-расейская вайна, па выніках якой Расейская імпэрыя захапіла ўсходнюю частку Малдоўскага княства (гэтая частка атрымала назву Бесарабія). Па ўсёй Бесарабіі малдаване падвяргаліся працэсу русіфікацыі і дэнацыяналізацыі, у 1867 румынская мова была забаронена ў школах Бесарабіі.

Пасьля паразы ў Крымскай вайне 1853-1856, Расійская Імпэрыя страціла пратэктарат над Малдоўскім княствам і саступіла яму некаторыя тэрыторыі ў Бесарабіі. Само княства працягвала заставацца васалам Асманскай імпэрыі. У студзені 1859 кіраўніком княства становіцца Аляксандру Іён Куза. Праз два тыдні яго ж абіраюць на пасад князя Валахіі. У 1861 Асманскі ўрад выдае закон «Аб адміністрацыйным ладзе Малдовы і Валахіі», які зацьвердзіў палітычнае і адміністрацыйнае аб'яднаньне іх у складзе Асманскай імпэрыі. 11 сьнежня 1861 Аляксандру Іён Куза апублікаваў праклямацыю, якая сьцьвярджала ўтварэньне румынскай нацыі і стварэньне новай дзяржавы — Румынія. У 1877 Румынія абвяшчае сваю незалежнасьць ад Асманскай імпэрыі.

grivita_1877.jpg

Да Другой сусьветнай вайны

Ваенны зьезд у Кішынёве ў кастрычніку 1917 абвяшчае тэрытарыяльна-палітычную аўтаномію Бесарабіі, выступае з ініцыятывай аб стварэньні парламенту — Рады краіны. 2 сьнежня 1917 была абвешчана Малдоўская Дэмакратычная Рэспубліка, а 24 студзеня 1918 Рада краіны прагаласавала за незалежнасьць рэспублікі. Гэты дзяржаўны орган, не маючы ўласных вайсковых частак, напрыканцы 1917 папрасіў Румынію ўвесьці войскі для навядзеньня парадку ў выніку анархіі, якая панавала ў Бесарабіі. Камуністы, якія стварылі свой орган у Кішынёве, даведаўшыся аб гэтым закліку, вымушаны былі пакінуць тэрыторыю Бесарабіі.

9 красавіка 1918 Рада краіны прагаласавала за аб’яднаньне з каралеўствам Румыніі.

У 1924 годзе камуністамі з Масквы была распрацаваная хітрая ідэя стварэньня сваёй супрацьвагі Румыніі. У межах Украінскай ССР была створаная Малдоўская аўтаномная рэспубліка. Афіцыйнай сталіцай быў абвешчаны «часова акупаваны горад Кішынёў», выканаўчай сталіцай да 1929 быў горад Балта, а з 1929 па 1940 — горад Ціраспаль. Камуністычныя лідэры сьцьвярджалі, што гэтая новая рэспубліка магла распаўсюдзіць камунізм у суседняй Бесарабіі, прынесьці камуністычную рэвалюцыю ў Румынію і нават на Балканы.

У кіраўнікоў Малдоўскай АССР ад пачатку існавалі дзьве тэндэнцыі: стварэньне асобнай ад румынскай мовы — малдоўскай, з мэтай абароны мясцовых працаўнікоў ад згубнага ўплыву буржуазнай румынскай культуры, або прызнаньне адзінства мовы і этнічнай прыналежнасьці паміж малдаванамі і румынамі — з надзеяй, што такім чынам можна будзе дасягнуць камунізацыі і саветызацыі ўсёй Румыніі.

Гэтае ўтварэньне было зьмешчана па левым беразе Днястра, і мела тэрыторыю ў 8 тыс. квадратных кіламетраў.

Другая Сусьветная вайна і час пасьля

Сакрэтны дадатковы пратакол да пакту Молатава-Рыбентропа аб сфэрах уплыву і панаваньня ва Ўсходняй Эўропе, падпісаны паміж Савецкім Саюзам і нацысцкай Нямеччынай 23 жніўня 1939, прывёў да прыняцьця 28 чэрвеня 1940 ультыматуму з боку ўрада СССР і анэксіі тэрыторый паміж рэкамі Прутам і Днястром (Бесарабія), і Паўночнай Букавіны. 2 жніўня 1940 была абвешчана Малдоўская ССР, у якую ўваходзілі заходняя частка Малдаўскай АССР (прыблізна адпавядае сучаснай тэрыторыі Прыднястроўя) і большая частка Малдовы паміж рэкамі Прутам і Днястром. Усходняя частка МАССР, у тым ліку яе першая сталіца Балта, увайшла ў склад Украіны.

22 чэрвеня 1941 Румынія ў саюзе з Нямеччынай напала на СССР. Ужо да 26 чэрвеня Бесарабія і Паўночная Букавіна вярнуліся да Румыніі, у хуткім часе было вернутае і Прыднястроўе.

Да жніўня 1944 СССР зноў захапіў гэтыя тэрыторыі.

У 1940 з анэксаванай тэрыторыі камуністамі было дэпартавана 300 тыс. бесарабцаў і букавінцаў, зь якіх 57 тыс. загінулі.

У 1944-1945 было дэпартавана 390 тыс. бесарабцаў і букавінцаў, зь якіх 51 тыс. загінула.

У 1945-1953 было дэпартавана 1 654 000 бесарабцаў і букавінцаў, з якіх 215 000 загінулі — у асноўным у ГУЛАГу і дарозе.

У пэрыяд так званай перабудовы хутка адраджаліся нацыянальныя рухі ў паняволеных народаў. Як і ў Беларусі, у Малдове рух за незалежнасьць дасягнуў свайго росквіту напрыканцы 1980-х. 27 жніўня 1991 Малдова абвесьціла незалежнасьць. Да гэтага ў краіне зьявіўся рух, які выступаў за ўзьяднаньне Малдовы з Румыніяй, а таксама сэпаратыўныя рухі, якія выступалі за аддзяленьне некаторых тэрыторый (Прыднястроўе, Гагаўзія) ад Малдовы.

Прыднястроўска-малдаўская эліта фармавалася не столькі этнічнымі асаблівасьцямі, колькі блізкасьцю да савецкай наменклатуры, таму адчувала сябе залежнымі ад Расеі і не жадалі разрываць зь ёй эканамічныя сувязі. Мэтай прыднястроўскай эліты было не дапусьціць «румынізацыі» Прыднястроўя і захаваць яго эканамічныя і палітычныя сувязі.

wide_16_9_ebe4b90132abe207507603a76b482343.png

Жыхары з аднаго боку ракі, пераважна расейскамоўныя, расейцы ці ўкраінцы, прытрымліваліся больш прасавецкіх і прамаскоўскіх настрояў, чым на іншым беразе ракі, дзе жывуць этнічныя малдаване, якія размаўляюць, па сутнасьці, на румынскай. Разам з тым як Народны Фронт Малдовы набіраў сілу, заклікі да незалежнасьці выклікалі спрэчкі ў такіх пытаньнях, як статус малдоўскай і расейскай моваў. Сэпаратысты ў аднабаковым парадку абвясьцілі «незалежнасьць» Прыднястроўя. Першы крывавы бой сэпаратыстаў з узброенымі сіламі Малдовы адбыўся ў 1990. Друое значнае сутыкненьне адбылося ў сьнежні 1991.

1244da62961add3a563f0fbee7973.jpeg

Супрацьстаяньне паміж дзьвюма групамі дасягнула піка ў 1992, калі Кішынёў распачаў сілавую спробу аднавіць кантроль над сэпаратысцкімі тэрыторыямі. На бок уладаў Прыднястроўя сталі расейскія войскі, дыслякаваныя ў рэгіёне. У Прыднястроўі пачаліся актыўныя ваенныя дзеяньні. Генэрал Лебедзь, які кіраваў расейская арміяй, разьмешчанай у Малдове, сумна вядомы таксама потым падчас вайны ў Ічкерыі, заяўляў у 1992, што яго армія можа дасягнуць Бухарэста за дзьве гадзіны.

004fc5ce63b71d7a50f5d0f39dd7a944.jpg

21 ліпеня 1992 канфлікт быў замарожаны падпісаньнем мірных пагадненьняў. Але любая замарозка пасьля стаматоляга калі-небудзь сканчваецца.

На саміце АБРЭ ў 1999 Расея паабяцала вывесьці свае войскі з Прыднястроўя. Абяцанага, як ведаем, тры гады чакаюць, але ў гэтым выпадку — ужо 23. У пачатку нашага стагодзьдзя да ўлады ў Малдове прыйшла старая добрая кампартыя, якая прасоўвала ідэю прыцягненьне Малдовы ў расейскую арбіту. Была спроба абвесьціць расейскую мову другой дзяржаўнай, што выклікала рашучы супраціў грамадзтва. У 2020 прэзыдэнткай была абраная праэўрапейская Мая Санду. У апошнія 10 гадоў Малдова падпісала пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ, аб бязьвізавым рэжыме, а таксама ўсёабдымнае пагадненьне аб свабодным гандлі. Гэтыя тры пагадненьні дапамаглі расплюшчыць вочы жыхарам Прыднястроўя на тое, што паляпшэньне адносінаў з Малдовай адпавядае іх эканамічным і асабістым інтарэсам.

Мая Санду — прэзыдэнтка Малдовы

Мая Санду — прэзыдэнтка Малдовы

Паводле ўраду так званага Прыднястроўя, тэрыторыя на ўсходзе Днястра ніколі не была тэрыторыяй Румыніі і яе папярэднікаў, такіх як Малдоўскае княства, гэтая тэрыторыя была вырваная з Украіны палітычным манэўрам СССР, каб стаць Малдаўскай АССР.

Этнічны склад Малдовы па даных на 2014

Этнічны склад Малдовы па даных на 2014

Некалькі разоў улады Прыднястроўя зьвярталіся да Масквы з просьбай далучыць сваё ўтварэньне да Расеі — у тым ліку і адразу пасьля анэксіі Крыма ў 2014.
Гісторыя Прыднястроўя верагодна ідзе да свайго завяршэньня, у нас ёсьць вялікі шанец гэта засьведчыць. На днях прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду паведаміла, што ў выпадку агрэсіі, малдоўская армія будзе не ў стане даць адказ. У той жа час дарадца прэзыдэнта Зяленскага Аляксей Арастовіч заявіў, што пры патрэбе і просьбе малдоўскага боку Ўкраіна зможа дэмілітарызаваць Прыднястроўскі рэгіён за некалькі дзён. Сытуацыя накальваецца. А вы трымайце сваю галаву халоднай, шаноўныя чытачы.
Захаваны аўтарскі правапіс