Пяць жыхароў Навагрудку асуджаны да калоніі па «справе дваровых чатаў». Хронікі рэпрэсій 22 кастрычніка
У Гродзенскім абласным судзе 21 кастрычніка агучылі прысуд пяцём палітзняволеным: Таццяне Палубок, Вользе Аляшкевіч, Ігару Хіневічу, а таксама мужу і жонцы Аляксандру і Ірыне Лебедзь. Паводле звестак «Вясны», іх прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) і прызначылі па 2,5 гады зняволення кожнаму і кожнай, а таксама штрафы памерам 800 базавых велічыняў.

Таццяну Палубок, Вольгу Аляшкевіч, Ігара Хіневіча, Аляксандра і Ірыну Лебедзь затрымалі 31 кастрычніка. Тады супрацоўнікі КДБ зладзілі рэйд на актывістаў па ўсёй краіне. Яны затрымлівалі людзей, якія, на іх думку, былі датычныя да «дваровых чатаў». Верагодна, пяцёх жыхароў Навагрудку затрымалі за тэлеграм-чат «Партызаны Наваградку». Іх абвінавацілі ў «стварэнні або ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Фігурантаў увесь час утрымліваюць у гродзенскай турме № 1.
Таксама, па інфармацыі праваабаронцаў, па гэтай справе былі асуджаныя яшчэ некалькі чалавек у двух гарадах Беларусі. Амаль усім фігурантам прызначылі зняволенне.
Нагадаем, 29 кастрычніка 2024 года КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» дваровую кааліцыю «Ордэн», у якую ўваходзяць дваровыя чаты «Злые когтики», «Сухарево», «Сеніца2.0», «Солідарность», «Вольныя ваўкі», «Навагрудскія партызаны», «ВИЛИЯ», «Скромные матрешки», «Соседи». Паводле ведамства, дачыненне да гэтых ініцыятыў маюць Ірына Якаўлева, Наталля Дароніна, Дыяна Гаўрылава, грамадзянін Украіны Іван Амялян, Вольга Няхайчык, Кастусь Кірыленка, Лізавета Плітнік, Наталля Гужова, Ірына Смалярава, Станіслаў Батвін, Наталля Лантух. Праз некалькі дзён па ўсёй Беларусі адбыліся масавыя затрыманні па гэтай справе.
Супраць дзясяткаў людзей узбудзілі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), а таксама ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). Некаторыя фігуранты знаходзяцца за мяжой, яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек цяпер утрымліваюцца пад вартай. Некаторым спачатку выставілі абвінавачванне паводле арт. 357 КК, а пазней перакваліфікавалі на арт. 361-1 КК, некаторых абвінавачваюць адразу па двух артыкулах.
Глядзіце таксама

У ліпені 2025 года ў Беларусі распачаліся першыя масавыя суды па гэтай справе. Палітзняволеных затрымалі па «справе дваровых чатаў» год таму. Таксама «Вясне» вядома, што ў Беларусі скончыліся яшчэ два суды па гэтай справе, амаль усе фігуранты былі асуджаныя да пазбаўлення волі.
У гомельскай калоніі жанчынам-зняволеным забаранілі браць пракладкі на спатканне з роднымі
У гомельскай ПК-4 працяглыя спатканні — адзіная магчымасць хоць на некалькі дзён адчуць сябе чалавекам, абняць сваіх блізкіх, пагаварыць без кратаў. Але цяпер нават гэта ператвараюць у выпрабаванне і прыніжэнне.
Паводле новага «правіла», жанчыны павінны прыходзіць на спатканне з пустымі рукамі — толькі ў турэмнай робе, піша MAYDAY. Ніякай зменнай бялізны, ніякіх ручнікоў, ніякіх гігіенічных сродкаў. Нават жаночыя пракладкі пад забаронай.
Цяпер усё неабходнае павінны прывозіць родныя — ад зубной шчоткі да хатніх сланцаў. Бо туалет і душавыя пакоі знаходзяцца ў розных будынках.