Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць супраць Вадзіма Крывашэева. Хронікі рэпрэсій 24 кастрычніка
У верасні 2020-га Вадзіма Крывашэева звольнілі з пасады дырэктара РЦАП па фрыстайле за «дрэнную ідэалагічную працу ў калектыве». Ён з'ехаў з Беларусі. Цяпер супраць яго распачалі крымінальную справу паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі. Апроч іншага, Крывашэева абвінавачваюць у змове з мэтай захопу ўлады, дзеяннях, шкодных для нацыянальнай бяспекі і ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні.

Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць супраць Дзмітрыя Баніта
40-гадовага Дзмітрыя абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), арт. 369 (абраза прадстаўнікоў улады), арт. 364 (гвалт у дачыненні да міліцыянтаў), арт. 188 КК (паклёп), арт. 230-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных).
Мужчыну запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэту.
Суд Чыгуначнага раёна Віцебска прызнаў «экстрэмісцкай» групу «Долой Лукашенко»
Гэтая група «ВКонтакте» была прызнана «экстрэмісцкай» 22 кастрычніка. Увечары 24 кастрычніка яе ўнеслі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі.
Цікава, што назву групы на сайце ведамства не ўказалі, там пазначаны толькі яе адрас у інтэрнэце).
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 18 прозвішчаў — цяпер у ім 5916 чалавек
24 кастрычніка МУС зрабіла традыцыйнае пятнічнае абнаўленне «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі палітвязня Івана Замяціна, асуджанага за данаты, фігурантаў «справы Гаюна» Яўгена Мязеца і Юрыя Несцерава, а таксама двух чалавек, якіх асудзілі паводле «народнага» арт. 342 КК, але вызвалілі ад адказнасці «ў сувязі з выхадам тэрміну прыцягнення».
«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса.
Не менш за 109 чалавек зняволены па «справе Гаюна»
«Вясна» мае інфармацыю пра як мінімум 109 пацверджаных фігурантаў «справы Гаюна, якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш. Затрыманні адбываюцца па ўсёй Беларусі да гэтага часу. Па звестках «Вясны», напачатку кастрычніка затрымлі мінімум двух мужчын. Таксама вядома, што некаторых затрыманых адпускаюць да суда пад залог.
З пачатку верасня ў «Спіс экстрэмістаў» дадалі 73 чалавекі, асуджаных за «садзейнічанне экстрэмізму». Гэта больш чым траціна ад усіх людзей, якіх дадалі ў спіс за гэты час. Частка з гэтых людзей — фігуранты «справы Гаюна», пра якіх невядома праваабаронцам.
Таксама ў Беларусі амаль кожны дзень адбываюцца суды па гэтай справе. Фігурантам прызначаюць як «хімію» з накіраваннем, так і калонію. Справы некаторых людзей перадаюць з Мінску ў рэгіянальныя суды.