Facebook-старонка адваката Алеся Міхалевіча прызнаная «экстрэмісцкай». Хронікі рэпрэсій 23 кастрычніка

Акрамя таго «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі Telegram і YouTube-каналы «Re:BELarus», сайт і старонкі ў сацсетках ініцыятывы «Sveriges Belarusier/ Беларусы Швецыi», а таксама Telegram-каналы «Літарка» і «Толькі анонсы».

1_1097_1.png

Рабочага з Мікашэвічаў асудзілі па чатырох палітычных артыкулах і назвалі «тэрарыстам»

Палітзняволенаму Ігару Калуеву 51 год. Ён з Мікашэвічаў. Мяркуючы па сацсетках, мужчына працаваў на розных рабочых спецыяльнасцях у родным горадзе. Ігар любіць жывёл — у сацсетках ён рэгулярна рэпосціў аб'явы пра тое, як ім дапамагчы. Таксама ён рэпосціў навіны з грамадска-палітычных паблікаў.

Ігара Калуева затрымалі ў лістападзе 2024 года. Яго асудзілі ў Брэсцкім гарадскім судзе па чатырох артыкулах — «уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361‑1 КК), «заклікі да санкцый ці іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК).

Сутнасць абвінавачанняў невядомая, але амаль напэўна звязаная з ягонай актыўнасцю ў сацсетках, піша «Наша Ніва». Дакладны прысуд Ігару таксама невядомы, але звязаны з пазбаўленнем волі.

А нядаўна Калуева дадалі ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».

Да блізкіх журналіста з Гродна Валерыя Руселіка прыходзілі сілавікі 

«Даведаўся сёньня, што зноўку кашмараць маіх блізкіх. Распытваюць пра мяне, пра маю сям'ю. Пры гэтым не паведамляюць прычыны сваіх візытаў і распытваньняў», — напісаў журналіст у фэйсбуку.

Валерый -- журналіст з Гродна, цяпер жыве ў Варшаве. Яго праект «daroha» прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем. Нядаўна ён вярнуўся на тэлеканал «Белсат».

Выйшаў на волю дырэктар выдання «Беларусы і рынак» Канстанцін Залатых

Канстанцін Залатых быў асуджаны на 4 гады калоніі па артыкулах аб абразе прадстаўніка ўлады і Лукашэнкі (артыкулы 369 і 368 КК), распальванні варожасці (артыкул 130 КК) і перавышэнні службовых паўнамоцтваў (артыкул 426 КК).

Ён выйшаў на волю цалкам адбыўшы тэрмін.