Выспа Малдова. Ці здольна Расія да яе дацягнуцца?

Падзеі, звязаныя з вайной ва Украіне, прымусілі ў мінулым месяцы кагосьці прыгадаць, а кагосьці — вывучыць назву яшчэ адной краіны Усходняй Еўропы, якая калісьці ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі і СССР. Сітуацыя ў Малдове і вакол яе прыцягвае ўсё больш увагі і выклікае ўсё большую трывогу.

Парламент Рэспублікі Малдова. moldova.md

Парламент Рэспублікі Малдова. moldova.md

Пачатак існавання, корань праблем


Малдова размяшчаецца паміж Румыніяй і Украінай, не маючы выйсця да мора. Тэрыторыю краіны з поўначы на поўдзень падзяляе рака Днестр, адразаючы вузкую палоску ўздоўж левага берага, якая прымыкае да тэрыторыі Украіны. Цяпер на гэтай палосцы месціцца непрызнаная Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка, плошча якой крыху меншая за два Лагойскія раёны.
Калісьці цяперашняя Малдова была часткай Малдаўскага княства, якое межавала некаторы час з Вялікім Княствам Літоўскім і было васалам Асманскай імперыі. Пасля расійска-турэцкай вайны 1806-1812 гадоў Расійская імперыя дамаглася перадачы ёй Бесарабіі — усходняй часткі Малдаўскага княства. Расія тады замахвалася на ўсю тэрыторыю цяперашняй Румыніі, але ўварванне Напалеона не дазволіла давесці справу да канца. Тыя часткі Малдовы, якія ў Расію не трапілі, у другой палове ХІХ стагоддзя аб’ядналіся з Валахіяй і Трансільваніяй і ўтварылі Румынію.
За часам Расійскай імперыі этнічны склад насельніцтва ў некаторых частках Бесарабіі змяніўся. На поўдні — у Дабруджы, якая мела выйсце да Чорнага мора, замест татараў-нагайцаў, што перасяліліся ў Асманскую імперыю, з’явіліся балгары і гагаузы — цюркі з паходжання, але праваслаўнага веравызнання. Сюды ж, як і на левабярэжжа Днястра, пачалі перасяляцца ўкраінцы і рускія.
Пасля Першай сусветнай Бесарабія ўз’ядналася з Румыніяй. Але пакт Молатава-Рыбентропа прадугледжваў перадачу яе СССР. З чым Румынія, аказаўшыся пад моцным ціскам, была вымушана пагадзіцца. У канцы чэрвеня 1940-га ў Бесарабію ўвайшлі савецкія войскі. Анексія Бесарабіі СССР стала падставай для таго, што Румынскае каралеўства добраахвотна і з першага ж дня прыняло ўдзел у нападзе Трэцяга Рэйху на Савецкі Саюз (саюзнікі гітлераўскай Нямеччыны — Вугоршчына і Фінляндыя — зрабілі гэта пазней і не без правакацый з боку СССР).
Малдаўская ССР, утвораная на месцы Бесарабіі, згубіла сваю частку Дабруджы (разам з выйсцем да мора, канечне), якая трапіла ў склад Украінскай ССР, а таксама Паўночную Букавіну з Чарнаўцамі і Хоціным (якія таксама «дасталіся» савецкай Украіне). У складзе самой Малдаўскай ССР існавалі раёны, дзе побач з малдаванамі пражывалі вялікія групы прадстаўнікоў іншых народаў: украінцаў, расіян, гагаузаў. Гэтыя раёны месціліся на левым беразе Днястра і на поўдні рэспублікі.

Калі надышлі часы распаду СССР, гэтая этнічная стракатасць дала свой плён.

Прыднястроўскі канфлікт

Уласна Левабярэжжа ніколі ў гісторыі не разглядалася як частка Малдовы ці Румыніі. Днестр быў усходняй мяжой Малдаўскага княства. Тым не менш, каля паловы мясцовага насельніцтва Левабярэжжа размаўляла на румынскай мове, і ў міжваенны перыяд на гэтай тэрыторыі ў рамках Украінскай ССР была ўтворана Малдаўская Аўтаномная ССР. Вырашальную ролю ў гэтай справе адыграў герой Грамадзянскай вайны і персанаж шматлікіх савецкіх мемаў Георгій Катоўскі.  
У другой палове 80-х Перабудова, абвешчаная Міхаілам Гарбачовым, адчыніла дзверы нацыянальнаму адраджэнню розных народаў на тэрыторыі СССР. У Малдаўскай ССР гэтае адраджэнне ішло, пераважна, у рэчышчы набліжэння да Румыніі і румынаў. Уласна, розніца паміж гэтымі нацыямі заключаецца, пераважна, у наяўнасці дзяржаўнай мяжы, якая іх падзяляе. Мова, на якой размаўляюць малдаване, практычна не мае адрозненняў ад румынскай, і толькі асобныя лінгвісты настойваюць на тым, што мовы ўсё ж розныя. Галоўным адрозненнем было тое, што ў Румыніі карысталіся лацінкай, а ў Малдове — кірылічным шрыфтам.
У канцы 80-х лідары нацыянальнага адраджэння пачалі патрабаваць пераходу на лацінку, каб прыбраць гэтае адрозненне. Што адразу выклікала незадаволенасць тых жыхароў рэспублікі, якія размаўлялі і пісалі на іншых мовах. Тут жа паўстала пытанне пра дзяржаўныя мовы: колькі іх мусіць быць. Зразумела, што пытанне гэта штучна падагравалася вонкавымі сіламі (як, уласна, шмат у якіх іншых выпадках тады і пасля), але знаходзіла і ўдзячную аўдыторыю сярод мясцовага насельніцтва.
У справе набыцця дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці цэнтральныя малдаўскія ўлады і прыднястроўскія і гагаузскія сепаратысты ішлі практычна крок у крок (часам з некаторым апярэджаннем з боку апошніх). Калі Малдова абвясціла пра сваю незалежнасць 27 жніўня 1991-га, дык прыднястроўцы зрабілі гэта яшчэ 25 жніўня.
Праўда, на юрыдычнае прызнанне гэта не паўплывала: ААН прызнала незалежнасць толькі Малдовы, а вось Прыднястроўе засталося прызнаным толькі такімі ж квазідзяржаўнымі ўтварэннямі: Паўднёвай Асеціяй, Абхазіяй і Нагорным Карабахам. Нават Расія не прызнала яго.
Супраціў спробам цэнтральных улад навесці канстытуцыйны парадак на тэрыторыі Малдовы насіў, быццам бы, «стыхійны», «народны» характар. Але калі ў сакавіку 1992-га тагачасны прэзідэнт Малдовы Мірча Снегур накіраваў супраць сепаратыстаў узброеныя сілы, тым давялося ваяваць не толькі з прадстаўнікамі «працоўных калектываў», як пра тое распавядалі тады расійскія мас-медыя. Калі верыць апошнім, рабочыя прадпрыемстваў, узброеныя арматурай, далі адпор азвярэлай румынскай ваеншчыне, якая жадала знішчыць незалежнасць як Прыднястроўя, так і Малдовы. Гэта суправаджалася страшылкамі пра забойствы, рабаўніцтва і згвалтаванні, якія чынілі «румыны», а таксама матывавальнымі сюжэтамі, як простыя жанчыны, узброеныя віламі і граблямі, разганялі аддзелы малдаўскай паліцыі.
У рэчаіснасці румынаў, канечне, не было. Ды і супраціў малдаўскім сілам ладзілі не жанчыны. На баку сепаратыстаў дзейнічалі атрады добраахвотнікаў з Расіі і Украіны. У іх шэрагах «засвяціўся», у тым ліку, і Дмітрый Рагозін, які ваяваў у Прыднястроўі з канца траўня па ліпень 1992-га. Але галоўную ролю адыгралі аддзелы 14-й савецкай арміі пад камандаваннем улюбёнца публікі генерала Лебедзя. З 1 красавіка 1992-га Ельцын сваім указам перадаў армію, а таксама буйны склад зброі і баепрыпасаў у Кабасне на ўсходзе Прыднястроўя Расійскай Федэрацыі. А 3 ліпеня артылерыя 14-й арміі нанесла ўдар па малдаўскіх сілах, які прывёў да гібелі больш чым 100 чалавек. Гэтая падзея і паставіла кропку ва ўзброеным канфлікце.
Заключаныя ў той жа дзень дамоўленасці паміж Малдовай І Расіяй хоць і прадугледжвалі спыненне баявых дзеянняў, але канфлікту зусім не вырашалі. Як і ў іншых аналагічных выпадках на тэрыторыі былога СССР, сітуацыя была пакінута ў падвешаным стане. Сепаратысты атрымлівалі магчымасць пачаць будаўніцтва сваёй квазідзяржавы. Цэнтральны ўрад губляў магчымасць неяк уплываць на сітуацыю ў падкантрольных сепаратыстам раёнах. Пры гэтым на тэрыторыі Прыднястроўя размяшчаўся «міратворчы» расійскі кантынгент, які гарантаваў немагчымасць змяніць статус-кво. Такім чынам, Расія пакінула за сабой магчымасць як уздзейнічаць на ўнутраную сітуацыю ў Малдове, так і ў любы момант вярнуць сітуацыю ў «гарачую» фазу.

Палітычныя арэлі на бомбе запаволенага дзеяння

Расійскія «міратворцы» павінны былі пакінуць тэрыторыю Малдовы ў 1999-м, але яны працягваюць заставацца там дагэтуль. Іхняя колькасць цяпер ацэньваецца ў межах 1500-2000 чалавек. Лішне казаць, што ва ўмовах поўнамаштабнай вайны супраць Украіны і процістаяння з Захадам такі «плацдарм» у тыле праціўніка мог бы даць сур’ёзныя перавагі расійцам у справе дасягнення такой мэты, напрыклад, як адразанне Украіны ад заходніх саюзнікаў. Калі зірнуць на палітычную мапу, можна лёгка ўявіць у тэорыі, як удары з поўдня (з узбярэжжа Чорнага мора) і з поўначы (тэрыторыі Беларусі) дазваляюць расійскім вайскам сустрэцца ў Прыднястроўі, дзе з агульнага насельніцтва ў 476 тыс. чалавек 213 тыс. маюць расійскія пашпарты, і, мяркуючы па выніках сацыялагічных апытанак, не толькі большасць украінцаў і расіян, якія там пражываюць, але і этнічных малдаван выступаюць за далучэнне да Расіі. Калі б Расія здолела ажыццявіць такую аперацыю, яна б адсекла цэнтр Украіны ад заходніх абласцей, адпаведна ад паставак зброі і спадзяванняў на перамогу.
Нагадаю, што год таму Лукашэнка дэманстраваў карту, дзе быў пазначаны ўдар з поўдня ў бок Прыднястроўя.

_123626683_b24fdf60_8d94_4368_ae72_01fd95184ba4.jpg


На шчасце, здзейсніць падобнае на практыцы куды складаней, чым уявіць у тэорыі ці намаляваць на карце. Але гэта не значыць, што для Расіі не існуе нейкіх іншых варыянтаў, якія маглі б павярнуць сітуацыю ў спрыяльны для яе бок. Прыхільнікаў Расіі можна знайсці не толькі на тэрыторыі Прыднястроўя, але і на астатняй тэрыторыі Малдовы. У Малдове існуюць значныя палітычныя сілы, якія сімпатызуюць Расіі. Гэта добра адлюстроўваецца ў знешняй палітыцы краіны, якая перажывае дыяметральныя змены, у залежнасці ад таго, хто прыходзіць да ўлады.  
Нягледзячы на агульныя празаходнія настроі, лідар малдаўскіх камуністаў Уладзімір Варонін напярэдадні выбараў 2001-га абяцаў, што ў выпадку яго абрання Малдова разам з Прыднястроўем далучацца да Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а расійская мова будзе зроблена другой афіцыйнай. Гэтыя абяцанні так і не былі выкананы. Не атрымалася і ўвесці ў малдаўскіх школах вывучэнне расійскай мовы з 2 класа, а таксама перайсці да вывучэння гісторыі Малдаўскай дзяржавы замест гісторыі Румыніі. Гэтыя ініцыятывы нарваліся на моцны супраціў з боку празаходняга насельніцтва. Больш за тое, з 2003-га Варонін пачаў казаць пра неабходнасць еўраінтэграцыі. Цікава, што дзед Вароніна па кудзельцы — Ісідар Сырбу — быў актыўным удзельнікам антысавецкага супраціву ў сярэдзіне ХХ стагоддзя.


Яшчэ адзін прарасійскі кіраўнік Малдовы Ігар Дадон, які займаў пасаду прэзідэнта з 2016-га па 2020-ты, адразу пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах зняў са сваёй рэзідэнцыі сцяг Еўразвязу. У 2017-м падчас візіту ў Маскву абвясціў, што дамова аб асацыяцыі з ЕЗ будзе анулявана, а інтэграцыя краіны ў NATO — спынена. У тым жа годзе Дадон падпісаў мемарандум аб супрацы з Еўразійскім Эканамічным Саюзам.

interfax.com.ua

interfax.com.ua

Цяперашні прэзідэнт Малдовы Мая Санду, якая заняла пасаду ў канцы 2020-га, мае выразную празаходнюю пазіцыю. Свой першы замежны візіт яна нанесла ў студзені 2021-га ва Украіну. Прычым ганаровую варту яна вітала словамі «Слава Украіне!» У далейшым яна актыўна працавала на ўсталяванне больш шчыльных сувязяў з краінамі Еўропы і Еўрапейскім Звязам.

Малдова абірае курс. Расія «негодуэ»

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне еўрапейская арыентацыя цяперашняга кіраўніцтва Малдовы зрабілася яшчэ больш выразнай. 3 сакавіка 2022-га (у адзін дзень з Грузіяй) Малдова падала заяўку на ўступленне ў ЕЗ. 23 чэрвеня Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю ў падтрымку статусу Малдовы як кандыдата ў ЕЗ. Адначасова такое ж рашэнне было прынята і па Украіне. Паралельна з гэтым працэсам, у сакавіку 2022-га, Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы прыняла папраўку аб тым, што Прыднястроўе з’яўляецца тэрыторыяй, акупаванай Расіяй. Кіраўніцтва Малдовы ў траўні таго ж года запатрабавала ад Расіі цалкам вывесці свае войскі з тэрыторыі Прыднястроўя, паколькі іх знаходжанне там парушае суверэнітэт Малдовы.


І тут у Малдовы пачаліся праблемы. Ужо ў верасні ў Кішынёве прайшоў мітынг, у якім прынялі ўдзел каля 20 000 чалавек, што патрабавалі адстаўкі празаходняга ўрада. Падобныя мітынгі адбыліся ў кастрычніку і лістападзе. Паралельна пачаўся ціск на кіраўніцтва Малдовы з боку «Газпрама», ад якога залежаць пастаўкі газу ў гэтую краіну. У кастрычніку расійская карпарацыя прыгразіла спыніць пастаўкі, калі малдаўскі бок не пагасіць запазычанасці перад ёй. 21 лістапада запазычанасці былі пагашаны. Але на наступны дзень, 22 лістапада, «Газпрам» абвінаваціў Украіну ў несанкцыянаваным адборы газу з тых аб’ёмаў, якія прызначаліся для Малдовы. На гэтай падставе ён абвясціў, што скарачае штодзённыя пастаўкі на той аб’ём, які, быццам, не даходзіць да Малдовы. Вынікам гэтага было тое, што ў пачатку снежня кіраўніцтва Малдовы абвясціла аб сваім намеры цалкам адмовіцца ад расійскага газу.
У тым жа месяцы ў Малдове ўступіла ў дзеянне забарона на трансляцыю 6 расійскіх тэлеканалаў. Але прасоўванне расійскай «мягкай сілы» ўжо дало свой плён. Пратэсты супраць палітыкі Санду працягнуліся і ў гэтым годзе. На вуліцы Кішынёва ды іншых гарадоў перыядычна выходзяць дзясяткі тысяч людзей, якія называюць Санду «дыктатарам» і патрабуюць ейнай адстаўкі.
Арганізатарам пратэстаў з'яўляецца партыя «Шор», якая яшчэ ў 2014-м выступала пад лозунгам «За Малдову ў складзе Расіі!». Лідар гэтай партыі Ілан Шор (чыё імя партыя і носіць) цяпер хаваецца ад органаў правасуддзя, якія абвінавачваюць яго ва ўдзеле ў «крадзяжы стагоддзя»: вывадзе 1 млрд долараў з малдаўскіх банкаў праз афшоры ў невядомым кірунку. Акрамя таго, з кастрычніка 2022-га Ілан Шор знаходзіцца ў санкцыйным спісе ЗША, куды ён трапіў за арганізацыю беспарадкаў, накіраваных на падрыў дэмакратычнага ладу ў Малдове. Папулярнасці лозунгаў, якія вылучае партыя «Шор», спрыяе і тое, што Малдова — адна з самых бедных краін Еўропы (горай сітуацыя толькі ў Косава і Украіне), і ейнае насельніцтва вельмі нервова ўспрымае высокую інфляцыю і рост камунальных тарыфаў. Гэта робіць адносна лёгкай задачу мабілізацыі людзей на антыўрадавыя пратэсты (асабліва калі прысутнічае яшчэ і матэрыяльнае заахвочванне, чаму існуюць сведчанні).

Мяккую сілу змяняюць жорсткія заявы

Але вулічныя пратэсты — толькі адзін з элементаў «гібрыднага» ціску на Малдову. Ад пачатку гэтага года Малдова ўсё часцей гучыць у кантэксце вайны ва Украіне, і змест гэтых прыгадванняў далёка не міралюбны. 9 лютага Уладзімір Зяленскі абвясціў, што, па даных украінскай выведкі, Расія рыхтуе ў Малдове дзяржаўны пераварот. Датычная гэтага інфармацыя была адразу перададзена Санду.
Відавочна, што ў малдаўскага кіраўніцтва былі істотныя падставы ўспрымаць гэтую інфармацыю ўсур’ёз. Ужо на наступны дзень Санду замяніла на пасадзе прэм’ер-міністра Наталлю Гаўрыліцу, якая выступала за захаванне Малдовай нейтралітэту, на прыхільніка жорсткага вырашэння «прыднястроўскай праблемы» Дорына Рэчана. І ён вельмі хутка пацвердзіў сваё рэнамэ, абвясціўшы, што Прыднястроўе «мусіць быць дэмілітарызавана» з абавязковым вывадам адтуль расійскіх войскаў.
Расія і сама ў хуткім часе пацвердзіла, што гатова разглядаць Малдову як аб’ект сваёй агрэсіі. 17 лютага Марыя Захарава, прэсавая сакратарка расійскага МЗС, выказалася на ўлюбёную тэму «прыгнечанага стану» расійскай мовы ў краінах Балтыі, але на гэты раз далучыла да спісу і Малдову. 20 лютага прэсавы сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў «папярэдзіў» Малдову аб наступствах ад пагружэння ў «антырасійскую істэрыю».


21 лютага ўжо сам Пуцін падпісаў указ, які адмяняў дзеянне іншага ўказа, падпісанага ў 2012-м — «Аб мерах па рэалізацыі знешнепалітычнага курсу РФ». У адмененым указе быў пункт, у якім Расія брала на сябе абавязак вырашаць праблему Прыднястроўя на падмурку павагі суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і нейтральнага статусу Малдовы. Міжнародныя назіральнікі прачыталі гэты акт адназначна: цяпер Расія будзе ўяўляць пагрозу суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Малдовы. Праз два дні пасля гэтага Міністэрства абароны Расіі распаўсюдзіла інфармацыю, што на Прыднястроўе рыхтуецца напад украінскіх войскаў, пераапранутых у форму расійскай арміі.

Планы вялікія, але рукі кароткія

Хоць заяве МА РФ не паверыў ніхто, нават Лукашэнка, сітуацыя вакол Малдовы, тым не менш, пачала выклікаць у міжнародных колах сур’ёзную трывогу. Венгерскі лоўкосцер «Wizzair» нават абвясціў аб прыпыненні палётаў у Малдову праз «высокую рызыку», звязаную з «апошнімі падзеямі». Заходнія палітыкі таксама не хаваюць сваёй глыбокай заклапочанасці (без двукосся), аб чым сведчыць заява намесніка генеральнага сакратара NATO Мірчы Джааны. 1 сакавіка ён у эфіры румынскага тэлебачання абвясціў, што, нягледзячы на нейтральны статус, Малдова, у выпадку агрэсіі супраць яе з боку Расіі, «не будзе слабай у ваенным плане». Заходнія краіны, відавочна, жадаюць даслаць Маскве адназначны сігнал, што Малдову яны на волю лёсу не кінуць.
Нягледзячы на трывогу на Захадзе мала хто верыць у рэальнасць спробы Расіі ваенным чынам змяніць сітуацыю у Малдове. Паўтары тысячы «міратворцаў» у Прыднястроўі не ў стане весці наступальныя аперацыі, а перакінуць ім падмацаванне няма магчымасцей — вакол Украіна і NATO. Мабілізацыя мясцовага насельніцтва таксама не дасць плёну праз адсутнасць неабходных запасаў харчавання і зброі. Але варыянт «унутранай бузы», калі прарасійскія сілы арганізуюць беспарадкі ў Малдове, застаецца пакуль актуальным. Таму Маю Санду і ейны ўрад у бліжэйшы час чакаюць істотныя выпрабаванні.
Але ўжо цяпер відавочна, што Захад цвёрда настроены на тое, каб не аддаць Малдовы ў рукі Расіі. А гэта значыць, што ўплыў апошняй на постсавецкай прасторы працягвае незваротна скарачацца. Ну і свой папярэдні нейтральны статус Малдова цяпер будзе імкнуцца памяняць на бяспеку ў рамках NATO. А Пуцін зноў усіх пераіграў (сарказм).