Расію масава атакавалі беспілотнікамі. Што адбываецца?

Якія дроны ўдзельнічалі ў атацы і пра што гэта можа сведчыць?

_belarus_zbroja_vojska_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8___1__logo.jpg


Удар беспілотнікамі па расійскіх аб'ектах, размешчаных за сотні кіламетраў адзін ад аднаго, стаў самым масавым (і фактычна першым такім) з пачатку вайны. БПЛА атакавалі нафтабазы і пункты ФСБ. «Л*стэрка» разбіраецца, пра што гэта можа сведчыць, і расказваем, якія дроны выкарыстоўваліся, а таксама ў чым іх асаблівасці.

Што здарылася

28 лютага адразу ў некалькіх расійскіх рэгіёнах упалі дроны. Частка беспілотнікаў нанесла шкоду будынкам і інфраструктуры, частка проста звалілася на зямлю. Пры гэтым геаграфія налётаў аказалася нечувана шырокай: БПЛА атакавалі або спрабавалі атакаваць мэты ад Падмаскоўя да Каўказа (і, магчыма, нават у Ленінградскай вобласці).
Адзін з дронаў зваліўся ў Маскоўскай вобласці — шкоды ён не нанёс, але беспілотнік знайшлі паблізу газавай кампрэсарнай станцыі пад горадам Каломна. Пасля паведамлялася, што супрацоўнікі ФСБ Расіі знайшлі на дроне «дзве выбухоўкі С-4 і чатыры зарады да РПГ-7». У гэты ж дзень над Санкт-Пецярбургам закрылі паветраную прастору нібыта з прычыны вучэнняў — пры гэтым у горадзе ўвялі план «Дыван», які звычайна абвяшчаюць пасля незаконнага перасячэння мяжы.
Яшчэ тры дроны ў ноч на 28 лютага атакавалі поўдзень Расіі: адзін з іх упаў у пасёлку Новы ў Гіягінскім раёне Рэспублікі Адыгея (адзін з суб'ектаў РФ, размешчаны на Паўночным Каўказе), за 90 кіламетраў ад Краснадара і за 160 кіламетраў ад горада Туапсэ. Другі і трэці даляцелі ўжо да самага Туапсэ і атакавалі нафтабазу, якая там знаходзіцца.
Гэтым разам атака былі больш удалай — беспілотнікі трапілі ў нафтабазу, і выбухамі разбурыла адзін з будынкаў (праўда, не само нафтасховішча — найбольш важную частку нафтабазы — а будынак бойлернай). Сцвярджаецца, што ўсяго за 30 метраў ад месца выбухаў знаходзіцца казарма Міністэрства абароны Расіі.
За дзень да гэтага, 27 лютага, ударам падвергліся памежныя з Украінай расійскія рэгіёны — Белгародская і Бранская вобласці. Спачатку лічылася, што ў Белгарадзе ўпалі тры дроны, потым высветлілася, што чатыры — адзін з іх зваліўся на дах супермаркета, выклікаўшы ўзгаранне. Паведамлялася, што беспілотнікі ўдалося заглушыць сістэмамі радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ), а імавернай мэтай была адна з электрападстанцый.
У Бранскай вобласці таксама зафіксаваныя чатыры БПЛА: адзін з іх быў збіты, а тры атакавалі вышку тэхнічнага назірання, якую выкарыстоўваюць памежнікі.
Украіна факту атакі не прызнавала. Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Міхаіл Падаляк у сваім твітары назваў удары дронамі «ўнутранымі атакамі» і дадаў, што «Украіна не наносіць удараў па тэрыторыі Расіі. Украіна вядзе абарончую вайну з мэтай дэакупацыі ўсіх сваіх тэрыторый. Гэта аксіёма…»
Позна ўвечары 28 лютага выбухі прагрымелі на вайсковым аэрадроме ў Ейску Краснадарскага краю. Мясцовыя ўлады спачатку паведамілі пра тактычныя вучэнні, якія праводзяцца ў раёне, але пазней з’явіліся звесткі пра тое, што аб'ект быў атакаваны дронамі.


1 сакавіка прадстаўнікі Мінабароны Расіі заявілі, што перадухілілі «масіраваную атаку» ўкраінскіх беспілотнікаў на аб’екты ў Крыме, у якой удзельнічалі 10 дронаў. З іх шэсць нібыта збіла СПА, а чатыры — заглушылі сістэмы радыёэлектроннай барацьбы. Праўда, мясцовыя паблікі паведамлялі, што каля 2.30 ночы гучны выбух чулі ў раёне Еўпаторыі, а ў пасёлку Чарнаморскае выбухі гучалі «ўсю ноч да пачатку 5-й раніцы».

Чым атакавалі расійскія аб'екты?

Як мінімум частка аб'ектаў была атакаваная беспілотнікамі савецкай вытворчасці Ту-141 «Стрыж». Пра іх вядома даўно: падобна, менавіта такія атакавалі аэрадромы стратэгічнай авіяцыі Расіі ў Дзягілеве і Энгельсе ў пачатку снежня мінулага года.
Відаць, менавіта такі апарат упаў і ў Адыгеі: у сеціве з’явіліся фота абломкаў БПЛА, у якіх удалося апазнаць частку гэтага БПЛА — а менавіта рулявую машыну РМ-100−3. Гэты механізм выкарыстоўваецца акурат у Ту-141.

Рулявая машына беспілотніка Ту-141, які ўпаў у Адыгеі. Фота: t.me/m0sc0wcalling

Рулявая машына беспілотніка Ту-141, які ўпаў у Адыгеі. Фота: t.me/m0sc0wcalling


Магчыма, «Стрыж» выкарыстоўваўся і падчас атакі на нафтасховішчы ў Туапсэ: кіраўнік расследавальнай групы Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў адзначаў, што на відэа атакі чуваць не толькі выбух, але і гук рэактыўнага рухавіка. БПЛА з такой сілавой устаноўкай у свеце даволі мала, і з пачатку вайны вядома пра выкарыстанне толькі рэактыўных «Стрыжоў».
А вось беспілотнік, які даляцеў да Падмаскоўя, нашмат цікавейшы. У сеціве ёсць фота дрона, які ўпаў пад Каломнай: у ім можна беспамылкова апазнаць машыну ўкраінскай вытворчасці Ukrjet UJ-22 Airborne.


Гэты дрон упершыню быў прадстаўлены кампаніяй Ukrjet, якая выпускае разнастайныя БПЛА, на выставе «Зброя та безпека — 2021» у Кіеве. Па сваёй сутнасці гэта шматмэтавы беспілотны самалёт, зроблены з кампазітаў і прыкладна аналагічны па класе расійскаму «Арлану-10». Такія дроны абсталёўваюцца не электрычнымі (як камерцыйныя квадракоптары або FPV-дроны), а бензінавымі рухавікамі: гэта дазваляе праводзіць у паветры не лічаныя хвіліны, а вельмі доўгі час, і ляцець на велізарныя адлегласці.


Абломкі беспілотніка, які ўпаў у Падмаскоўі 28 лютага 2023 года. Фота: t.me/mozhemobyasnit

Абломкі беспілотніка, які ўпаў у Падмаскоўі 28 лютага 2023 года. Фота: t.me/mozhemobyasnit


Так, вытворца адзначае, што ў паветры апарат можа праводзіць да сямі гадзін і пры крэйсерскай хуткасці 120 кіламетраў у гадзіну (максімальная — да 160) ляцець на адлегласць да 800 кіламетраў. Дрон лётае на вышынях ад 50 да 6000 метраў.


Дрон Ukrjet UJ-22 Airborne на выставе «Зброя та безпека — 2021». Фото: mil.in.ua

Дрон Ukrjet UJ-22 Airborne на выставе «Зброя та безпека — 2021». Фото: mil.in.ua

Пры гэтым БПЛА можа «працаваць» і разведчыкам, і як ударная машына. Для эфектыўнай разведкі на яго могуць усталёўвацца аптычна-электронная станцыя і фотаапарат. А калі трэба нанесці па праціўніку ўдар, то замест абсталявання для сачэння апарат можа браць на борт баявую частку масай да 20 кілаграмаў.
Спецыялізаваных ракет або бомбаў для UJ-22, мяркуючы па ўсім, не распрацоўвалі. Хоць беспілотнік не саматужны, яго сродкі паражэння пераробленыя з тых, што ўжо існуюць. Для знішчэння жывой сілы праціўніка ён можа выкарыстоўваць міны да 82-міліметровага мінамёта (такія вельмі распаўсюджаныя на постсавецкай прасторы). Калі ж трэба падбіць тэхніку, то БПЛА бярэ на борт кумулятыўныя гранаты да супрацьтанкавага гранатамёта РПГ-7, якім распрацоўшчыкі дадалі апярэнне, каб дакладней траплялі.


Супрацьтанкавыя (злева) і супрацьпяхотныя «бомбы» беспілотніка UJ-22, выстава «Зброя та безпека — 2021». Фота: mil.in.ua

Супрацьтанкавыя (злева) і супрацьпяхотныя «бомбы» беспілотніка UJ-22, выстава «Зброя та безпека — 2021». Фота: mil.in.ua


Акрамя імправізаваных бомбаў беспілотнік можа выкарыстоўвацца і ў якасці носьбіта баражыравальнага боепрыпасу (дрона-камікадзэ) UJ-31 Zlyva. Гэты беспілотнік паветранага базавання мае баявую частку ПГ-7ВМ (тую самую гранату ад РПГ-7).
Як піша ўкраінскі ваенны партал «Мiлiтарний», БПЛА UJ-22 здольны даставіць дрон-камікадзэ на адлегласць 150−200 кіламетраў ад пункту ўзлёту, пасля чаго той можа праляцець яшчэ да 60 кіламетраў самастойна.


Баражыравальны боепрыпас Zlyva на выставе «Зброя та безпека — 2021». Фота: mil.in.ua

Баражыравальны боепрыпас Zlyva на выставе «Зброя та безпека — 2021». Фота: mil.in.ua


Дронам UJ-22 Airborne кіруе каманда аператараў з наземнай станцыі (вытворца пастаўляе яе разам з дронам). Аднак магчымы і аўтаматычны палёт з карэкцыяй па GPS. Больш за тое, на далёкасці да 800 кіламетраў UJ-22 можа ляцець толькі ў аўтаматычным рэжыме: беспілотнікі з кіраваннем не па спадарожніку, а з зямлі (нават знакаміты «Байрактар») не могуць кіравацца чалавекам на дыстанцыі, большай за 150−200 кіламетраў: крывізна зямлі не дасць радыёсігналам са станцыі дайсці да дрона.
Сама кампанія-вытворца UJ-22 паведамляе, што перадача звестак з дрона магчымая толькі на адлегласці да 100 кіламетраў. Падобна да таго, што і кіраваць машынай у неаўтаматычным рэжыме можна на такой жа адлегласці. На сайце Ukrjet адзначаецца, што беспілотны самалёт можа лётаць у простых і складаных метэаўмовах, у любую пару года, а таксама ва ўмовах актыўнага выкарыстання праціўнікам сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.
Адзначаецца, што машына не патрабуе спецыялізаванай інфраструктуры для ўзлёту-пасадкі, а яе падрыхтоўка да выкарыстання займае не больш за 10 хвілін. Каманда, якая кіруе беспілотнікам, складаецца з чатырох чалавек.


Пра што можа сведчыць гэтая атака?

Той факт, што «Эйрборны» паспяхова даляцелі да цэлага шэрагу гарадоў Расіі аж да Падмаскоўя, азначае адно: Украіна атрымала адначасова вельмі простую і вельмі дальнабойную зброю для паражэння цэляў на велізарных адлегласцях. Падвесіўшы пад дрон боепрыпасы, можна падняць яго ў паветра, даць каардынаты цэлі і адправіць у палёт у адзін канец.
Пры гэтым можна выкарыстоўваць і іншыя сродкі паражэння (нагадаем, на дроне, які ўпаў пад Каломнай, супрацоўнікі ФСБ знайшлі тое, што назвалі С-4 — гэта амерыканскі тэрмін, якім часта абагульнена называюць любую пластычную выбухоўку незалежна ад маркі). Паколькі дрон можа браць на борт да 20 кілаграмаў, то гэта даволі сур'ёзны паказчык — нашмат большы, чым у камерцыйных коптараў.
Дрон невялікіх памераў і зроблены не з металу, а з кампазітаў — гэта ператварае яго ў вельмі складаную для радараў цэль, на экранах «Эйрборн» будзе амаль не заўважны. Збіць яго, праўда, трохі прасцей, чым камерцыйныя коптары: бензінавы рухавік выпраменьвае цяпло, і ў БПЛА можна пусціць ракету з інфрачырвонай галоўкай саманавядзення. Аднак для гэтага машыну спачатку трэба заўважыць, што можа быць вельмі цяжка, асабліва ноччу.

Адзін са сродкаў радыёэлектроннай барацьбы Расіі, станцыя перашкод Р-330Ж «Житель». Фота: Vitaly V. Kuzmin. vitalykuzmin.net, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Адзін са сродкаў радыёэлектроннай барацьбы Расіі, станцыя перашкод Р-330Ж «Житель». Фота: Vitaly V. Kuzmin. vitalykuzmin.net, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org


У кампаніі Ukrjet адзначаюць, што беспілотнік можа працаваць ва ўмовах радыёэлектроннай барацьбы, аднак некаторыя з апаратаў, паводле сцверджанняў расійскага боку, былі «здушаныя сродкамі РЭБ». Хутчэй за ўсё, гаворка ішла пра падмену сігналаў спадарожнікавай навігацыі — перахопліваць кіраванне дронамі не было ў каго, бо палёт праходзіў у аўтаматычным рэжыме. Менавіта гэта магло стаць прычынай падзення беспілотніка пад Каломнай.
Аднак варта адзначыць, што нават калі ўкраінскія БПЛА былі здушаныя РЭБ, то іх цалкам правароніла СПА. Што не дзіўна: як мы пісалі вышэй, заўважыць зроблены з кампазітаў невялікі дрон вельмі няпроста. Атрымліваецца, што не толькі рэактыўны «Стрыж», але і ціхаходныя беспілотныя самалёты могуць спакойна «падарожнічаць» над Расіяй на сотні кіламетраў, і перашкодзіць ім могуць (калі могуць) толькі сродкі радыёэлектроннай барацьбы.
Праўда, выбухоўкі UJ-22 можа несці нашмат менш, чым «Стрыж», які ўяўляе сабой немаленькую крылатую ракету. З іншага боку, 20 кілаграмаў выбуховага рэчыва — гэта таксама нямала, вядомыя іранскія «Шахеды-136», якія прынеслі Украіне шмат гора, нясуць параўнальную баявую частку ў 50 кг. Затое, у адрозненне ад савецкіх «Стрыжоў», колькасць якіх заведама канечная (іх даўным-даўно не вырабляюць), калі Украіна зможа вырабляць у сябе «Эйрборны» ў вялікай колькасці, то ўдары па аб'ектах у Расіі могуць стаць пастаяннымі. Пры гэтым кожную хаця б крыху важную цэль будзе цяжка абараніць сродкамі РЭБ.
У гэтым выпадку галоўнае пытанне ў тым, колькі новых дронаў украінская абаронная прамысловасць зможа вырабляць. Калі яе магчымасці акажуцца вялікімі, то УСУ змогуць адпраўляць на важныя аб'екты Расіі (тыя ж аэрадромы) цэлыя атрады беспілотнікаў, супраць якіх не надта карысныя сістэмы СПА. А калі з UJ-22 будуць выкарыстоўваць баражыравальныя боепрыпасы, дакладнасць такіх удараў можа стаць яшчэ вышэйшай.
Доўгі час масіраваныя налёты ракет і дронаў праводзіліся выключна Расіяй па ўкраінскіх аб'ектах. У студзені 2023 года валанцёр і тэлевядоўца Сяргей Прытула і актывіст Сяргей Стэрненка абвясцілі вынікі збору на дроны з далёкасцю 800 кіламетраў (тады яшчэ не паведамлялася пра канкрэтныя мадэлі БПЛА). «Расіяне, у гэтую гульню можна гуляць удваіх», — сказаў тады Прытула, маючы на ўвазе атакі РФ па цывільнай інфраструктуры іранскімі беспілотнікамі.