Намміністра МЗС: у Мачулішчах нічога не здарылася. Чаму? Аргументацыя вас здзівіць
Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч упэўнены, што інфармацыя пра атаку на расійскі самалёт-выведнік у Мачулішчах з'яўляецца фэйкам. Пра гэта ён заявіў у каментары агенцтву Reuters на палях канферэнцыі па раззбраенні ў Жэневе.

Спадарожнікавы здымак аэрадрома «Мачулішчы», зроблены кампаній Maxar 28 лютага
Аргументацыя Амбразевіча «жалезная»: нічога не было, таму што беларускія ўлады не адрэагавалі на паведамленні.
«Улічваючы адсутнасць афіцыйнай рэакцыі, я глыбока перакананы, што гэта чарговы фэйк, накіраваны на тое, каб падкрэсліць пэўныя недахопы ў нашай нацыянальнай бяспецы», — заявіў Амбразевіч.
Яго не збянтэжыла нават тое, што беларускія сілавікі ўжо выклалі ў сеціва арыенціроўку на Міколу Швеца, жыхара Украіны, які, нібыта, датычны да здарэння. Але гэта ўсё роўна «нічога не здарылася», і інфармацыя пра атаку дронаў на аэрадром усё роўна «фэйк».

Тым часам журналіст CNN Джанлука Мецафьоры апублікаваў спадарожнікавы здымак аэрадрома «Мачулішчы», зроблены кампаній Maxar 28 лютага. На здымку бачны расійскі ДРЛА А-50, пра атаку на які паведамляла ініцыятыва BIPOL.
Самалёт знаходзіцца не на месцы сваёй звычайнай стаянкі.
Нагадаем, кіраўнік B*pol Аляксандр Азараў пацвердзіў, што да дыверсіі на аэрадроме ў Мачулішчах датычныя беларускія партызаны.
Азараў заявіў, што на аэрадроме ў Мачулішчах беларускія партызаны, удзельнікі плана «Перамога», раніцай 26 лютага правялі дыверсію. Па словах прадстаўніка B*POL, партызаны скінулі з дрона дзве выбуховыя прылады на самалёт А-50 (савецкі і расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання), які стаяў на ўзлётна-пасадачнай паласе.
Таксама ён дадаў, што самалёт моцна пацярпеў «і лётаць ужо не зможа». Пацярпелі пярэдняя і цэнтральная часткі самалёта, пашкоджана авіёніка і радыёлакацыйная антэна.
Улады Беларусі публічна не абвяргалі інфармацыю пра атаку на аэрадром у Мачулішчах.
«Ім страшна — гэта моцны ўдар па іміджы Лукашэнкі і расійскага войска. Мне здаецца, што гэта можа падкасіць упэўненасьць лукашыстаў у перамозе Расіі. Яны не ведаюць, што рабіць з гэтым усім, ці даваць інфармацыю», — патлумачыў кіраўнік B*Pоl маўчанне ўладаў.
