У гісторыі палітычнага супрацьстаяння ў Беларусі адкрываецца новая старонка?

Справа не ў тым, хто і як пашкодзіў расійскі самалёт у Мачулішчах. Справа ў тым, што ў выніку рассыпаецца галоўнае, на чым дагэтуль трымаецца беларуская ўлада. Менавіта манаполія на сілу стала галоўнай ахвярай гэтага ўчынку, лічыць тэлеграм-канал «Рэфлексіі і рэакцыі».

1641705572_29_hdpic_club_p_samolet_a_50u_foto_51.jpg


Адзін раз — выпадковасць, два разы — заканамернасць, тры разы — супадзенне. Пакуль гэта проста адзінкавая падзея, але сама канва — пагрозлівая для ўнутранай стабільнасці, таму і максімальная мітусня сілавікоў на ўсіх узроўнях.

Справа не ў самалёце. Справа ў манаполіі на сілу. Беларускае грамадства можа быць як заўгодна складаным, як заўгодна не любіць уладу, але факт прызнання манаполіі на сілу дзяржавы на кантраляванай тэрыторыі — бясспрэчны для ўсіх (вынесем тут за дужкі расійскі кантынгент як патэнцыйна яшчэ адну сілу). Прызнання менавіта фактычнага, і менавіта на гэтым будавалася ўся рыторыка рэжыму ў дачыненні да яго апанентаў: «Знойдзем усіх». Капалі і капаюць будзь здароў — маштаб рэпрэсій не сціхае. Жорны сістэмы працуюць спраўна, народ у страху. Надзеі няма, таму што незразумела што можа супрацьстаяць гэтай сістэме.

І тут здараецца інцыдэнт — усё роўна, самалёт ці гэта, ці што заўгодна іншае. Факт — калі здзейсненае застанецца беспакараным (а тое, што па гарачых слядах нікога не знайшлі, азначае што, хутчэй за ўсё, так і будзе, альбо знойдуць «стрэлачнікаў»), то гэта ставіць пытанне: а ці так усемагутная дзяржава? А ці ўсё яна можа кантраляваць? Ці можа забяспечваць бяспечны тыл саюзнікам? Ці можа гарантаваць, што заўтра дрон не прыляціць у казарму?


І тут на першы план выходзіць вышэйзгаданая формула. Пазалетась вельмі шмат натхнення сярод радыкальна настроенай публікі выклікаў налёт дрона на частку АМАПу. Але гэтая акцыя як была разавай, так і засталася. Для правядзення такой акцыі патрабуецца вельмі сур'ёзная падрыхтоўка, калі стаіць задача сысці беспакараным. Будучы адзінкавай, акцыя запомнілася як дзёрзкая, але ніяк сітуацыю не змяніла.

Затым былі «рэйкавыя партызаны». Тут усё скончылася прастрэленымі каленамі і гіганцкімі тэрмінамі. Цяпер — прыляцела на аэрадром.

Многія пытаюцца: «пачалося» ці што? Калі яшчэ раз у бліжэйшы час будзе аналагічная акцыя, а потым яшчэ адна — вось тады можна будзе з упэўненасцю казаць, што «пачалося». Бо гэта самае слабае месца: калі дзяржава не здольная пакараць і не здольная прадухіліць, то яна і няздольная абараніць.

А значыць, стратэгія поўнай адданасці рэжыму ўжо не так адназначна працуе з пункту гледжання асабістых інтарэсаў і абароны. А значыць, усё зноў становіцца складана — зноў у грамадстве ўзнікаюць арэлі. А галоўны саюзнік на франтах, мякка кажучы, не бліскае поспехамі. А эканоміка ледзь цягне, і незразумела, колькі будзе цягнуць — расійскі рубель ужо папоўз уніз, за ім і беларускі. Можна яшчэ шмат чаго прыдумаць, што накручваецца, як ком на спіцу.

Усё роўна, хто зрабіў атаку на аэрадром. Важна, ці ў стане ён паўтарыць падобнае. Калі так — то можна сказаць што ў гісторыі палітычнага супрацьстаяння ў Беларусі адкрываецца новая старонка.