«Гэта не самалёт пашкодзілі, гэта ж стабільнасць папсавалі»
Лёгка было беларускім красаўцам перамагаць, пакуль праціўнік да іх не з'яўляўся. А потым выявілася, што выкрываць сапраўдныя змовы трошкі цяжэй, чым прыдумляць віртуальныя, зазначае аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі».

Самалёт А-50. Фота globallookpress.com
Гэта не самалёт, вядома, пашкодзілі. Гэта ж стабільнасць папсавалі. Лёгка было беларускім красаўцам перамагаць, пакуль праціўнік да іх не з'яўляўся. Шукаць тых, хто не хаваўся і караць тых, хто не вінаваты. Ні адзін экстрэмісцкі лайк не мог ад іх схавацца. А якія змовы выкрывалі! То сто пяцьдзясят джыпаў з кулямётамі, то гомельскія падвалы. Увогуле, у барацьбе з віртуальнымі пагрозамі абаронцы стабільнасці дамагліся неверагодных поспехаў.
А потым выявілася, што выкрываць сапраўдныя змовы трошкі цяжэй, чым прыдумляць віртуальныя. Што тут фантазіі і вынаходлівасці мала. Што патрабуюцца зусім іншыя прафесійныя навыкі. І ўсё што застаецца — рабіць выгляд, быццам нічога не здарылася. Балазе, рабіць выгляд, што нічога не здарылася, сведкі стабільнасці ўмеюць.
Галоўнае, хто б гэта ні зрабіў: якія-небудзь партызаны ці, скажам, украінская дыверсійная група, — абодва варыянты для беларускіх уладаў кепскія. Таму што калі вінаватыя партызаны, то атрымліваецца два гады ўмацавання стабільнасці зрабілі стабільнасці толькі горш. Вось усё ж такі ў ранейшыя часы партызан, якія падрываюць стабільнасць на ваенных аэрадромах, у краіне не было.

А калі падрыў стабільнасці быў імпартаваны з паўднёвых рубяжоў, то ўсё зусім дрэнна. Таму што выклікае сумневы ў захаванасці гэтых межаў. І перад саюзнікам, зноў жа, нязручна. Саюзніку ж цэлы год прадавалі надзейны тыл, праз які не пройдзе падступны вораг.
Асабліва цынічна, што гэтая непрыемнасць здарылася якраз у той момант, калі беларускія ўлады вырашылі абнавіць канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Калі беларуская ваенная моц узляцела на небывалую вышыню. Вось мы з табой неяк ужо падлічвалі што ў беларускіх папяровых войсках знаходзіцца 330.000 чалавек, без уліку паляўніча-рыбалоўных рэзерваў. Дык на днях высветлілася, што гэта мы з табой моцна недаацанілі абарончы патэнцыял. Таму што пагрозы растуць і абарончы патэнцыял расце разам з імі. І з улікам клацаюшчых па перыметры зубамі сабатажнікаў, здраднікаў, і няўрадавых арганізацый грамадска-тэрарыстычнага толку, 330.000 чалавек, вядома, замала. Стаўкі выраслі. Цяпер міністэрства абароны абяцае паставіць пад ружжо ўжо паўтара мільёна чалавек, не лічачы 150.000 сельскагаспадарчых апалчэнцаў са стралковай зброяй.

Але паўтара мільёна ў абарончым патэнцыяле было яшчэ да сапсаванай на аэрадроме стабільнасці. А цяпер, я мяркую, патэнцыял давядзецца ўмацоўваць нанова. Думаю, мільёнаў дзевяць у віртуальных войсках на бягучым этапе будзе ў самы раз. Потым, калі што, можна будзе дадаць. Бо стабільнасць сама сябе не абароніць.