Карбалевіч пра дывэрсію ў Мачулішчах: У момант крызісу рэжым Лукашэнкі трапляе ў ступар
Палітоляг Валер Карбалевіч у аўтарскай калёнцы на «Св*бодзе» — пра дывэрсію ў Мачулішчах і маўчаньне лукашэнкаўскага рэжыма.
— Вось і прыйшла вайна ў беларускі дом, — піша Валер Карбалевіч. — Сапраўдная. Невядомыя
дроны атакавалі (пасьпяхова) і пашкодзілі вельмі каштоўны расейскі самалёт
далёкай выведкі ДРЛВ А-50 на вайсковым аэрадроме Мачулішчы пад Менскам. Хоць
гэтая інфармацыя не пацьверджаная, але катэгарычна ўлады яе не абвяргаюць.
Акрамя таго, ёсьць шэраг ускосных сьведчаньняў, што ў Мачулішчах сапраўды
адбылося надзвычайнае здарэньне.
Раней таксама былі невялікія інцыдэнты, якія пры жаданьні
можна было выдаць за ваенную акцыю праціўніка: выбухі на аэрадроме ў Зябраўцы
пад Гомлем, парушэньне мяжы дронам з боку Ўкраіны (паводле інфармацыі
беларускіх памежнікаў), аскепкі ракеты, якая прыляцела з тэрыторыі Ўкраіны.
Але цяпер сытуацыя іншая. Адбылася атака на вайсковы аб'ект,
і ён пашкоджаны. Прычым ня дзесьці там на мяжы нешта выпадкова заляцела, а
адбыўся напад на элемэнт стратэгічнай інфраструктуры побач са сталіцай
дзяржавы.
Лукашэнка шмат разоў заяўляў, што як толькі ворагі зробяць
напад на беларускую тэрыторыю, то адказ будзе «жэстачайшы», «страшны».
Вось напад здарыўся. А ў адказ цішыня...
Калі ўжо быць дакладным, то не зусім цішыня. Ужо два дні ўсе
сілавыя структуры «стаяць на вушах». У Мачулішчах, Фаніпалі затрымліваюць
апазыцыянэраў, людзей вышукваюць за «няправільныя» камэнтары ў сацсетках. ДАІ
ладзіць праверкі на дарогах. Беларускія памежнікі значна ўзмацнілі кантроль на
межах, у памежных рэгіёнах. Шукаюць украінскіх дывэрсантаў. Лукашэнка правёў
нараду, дзе накінуўся на сілавікоў, запатрабаваў ад іх «жэстачайшай
дысцыпліны».
Аднак ні дзяржаўныя мэдыя, ні афіцыйныя асобы ніяк не
камэнтуюць гэтыя падзеі. Пацьвярджаецца вядомая выснова, што ў момант крызісу
палітычная сыстэма накшталт беларускай трапляе ў ступар. Так было пасьля
таямнічай сьмерці міністра замежных спраў Уладзімера Макея. Так адбываецца
цяпер.
Пазыцыю кіраўніцтва можна зразумець. Інфармацыя пра інцыдэнт
у Мачулішчах вельмі ўжо нявыгадная беларускім уладам. Зь некалькіх прычын.
1. Скандал вакол нападу на самалёт разбурае афіцыйную
міталягему пра беларускую стабільнасьць. Маўляў, ва ўсім сьвеце нейкія
забурэньні, ва Ўкраіне вайна, у Эўропе людзі паміраюць ад голаду і холаду, а
тут выспа спакою, міру, парадку і бясьпекі. І вось такі сюрпрыз.
2. Лукашэнка шмат разоў казаў, што Захад імкнецца ўцягнуць
Беларусь у вайну, але я гэтага не дапушчу, гарантую мір, пакуль я ва ўладзе,
беларусы могуць спаць спакойна. Ажно, аказваецца, вайна дабралася і сюды.
Лукашэнка доўга гуляў на мяжы вайны і міру, балянсаваў, каб
і Расею падтрымаць, і адначасова выглядаць міратворцам. І вось мяжа
пяройдзеная. Добра, калі гэта толькі адзінкавы выпадак. А калі гэта пачатак...
3. Напад на аэрадром адбыўся на тле бясконцых вучэньняў, праверак
гатоўнасьці, мабілізацыйных мерапрыемстваў, у якія былі ўцягнутыя
вайсковаабавязаныя. Стваралася тэрытарыяльная абарона, народнае апалчэньне,
пажарнікам выдалі пісталеты, былі нават задзейнічаныя паляўнічыя, рыбаловы,
лесьнікі. Гэта цягнулася цэлы год. Нарады Лукашэнкі зь сілавікамі адбываліся
рэгулярна (раз на два тыдні). І які вынік гэтай мілітарысцкай ліхаманкі?
4. А як жа з сыстэмай супрацьпаветранай абароны? Памятаеце,
у 2012 годзе быў скандал з швэдзкім «плюшавым дэсантам», калі маленькі самалёт
перасек межы, даляцеў амаль да Менску і скінуў плюшавых мядзьведзікаў. Тады ў
адстаўку быў адпраўлены камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі
супрацьпаветранай абароны Ўзброеных сілаў Дзьмітрый Пахмелкін, старшыня
Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі.
Цяпер сытуацыя больш драматычная. Адбыўся напад з паветра на
важны вайсковы аб'ект. І дзе адстаўкі?
5. Нарэшце, як апраўдацца перад Расеяй? Нагадаю, што ў
Беларусі з Расеяй адзіная супрацьпаветраная абарона. Лукашэнка шмат разоў
запэўніваў Крэмль, што беларуская тэрыторыя — надзейная заслона Расеі ад
заходніх «супастатаў», што беларусы тут памруць, а не прапусьцяць на Маскву
натаўскія полчышчы. А тут не змаглі аберагчы, захаваць расейскі самалёт. Вось
такі «надзейны» саюзьнік.
Арганізацыя былых сілавікоў ByPol узяла на сябе адказнасьць
за інцыдэнт у Мачулішчах. Вымалёўваецца сымбалічная карціна: беларускія
партызаны атакуюць замежнае войска, якое прыйшло ў краіну. Дык хто тут нашчадкі
пераможцаў у мінулай вайне?