Рэакцыя ўлад на дыверсію ў Мачулішчах будзе жорсткай

Уладам важна будзе паказаць «старэйшаму брату», што ў Беларусі расійская маёмасць надзейна ахоўваецца. І таму караць за «партызаншчыну» будуць жорстка.

Паводле адной з версій, расійскі самалёт у Мачулішчах быў атакаваны дронамі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Паводле адной з версій, расійскі самалёт у Мачулішчах быў атакаваны дронамі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Выбухі на беларускім вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам адбыліся раніцай, 26 лютага. Аб'яднанне былых беларускіх сілавікоў B*POL паведаміла, што ў выніку дыверсіі сур'ёзна пашкоджаны расійскі вайсковы самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання (ДРЛА) А-50.

Інфармацыю пра выбухі на аэрадроме пацвердзілі «Беларускі Г*юн» і Telegram-канал «Беларусь за МКАДам». Расійскія ваенкары Юрый Кацянок і Сямён Пегаў таксама пісалі, што аэрадром, імаверна, атакавалі беспілотнікі. Фота і відэа з месца падзей, а таксама каментары ўлад не публікаваліся.

У панядзелак, 27 лютага, Лукашэнка правёў нараду з дзяржсакратаром Савета бяспекі, міністрамі ўнутраных спраў і абароны, старшынямі КДБ і Памежкамітэта, аднак ніякіх заяў пра тое, што здарылася, не прагучала. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў таксама не стаў гаварыць са СМІ пра інцыдэнт.

«Нямецкая хваля» сабрала ўсё, што вядома пра меркаваную дыверсію, і папрасіла экспертаў пракаментаваць тое, што адбылося.

Зноў «беларускія партызаны»?

Увесну 2022 года, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, беларускія актывісты ажыццявілі некалькі актаў сабатажу на беларускай чыгунцы, якія прывялі да зрываў руху цягнікоў з расійскай вайсковай тэхнікай. У краіне былі затрыманы некалькі «рэйкавых партызанаў», аднаму з затрыманых прастрэлілі нагу. Па некалькіх крымінальных справах ужо вынесены прысуды — у тым ліку па абвінавачанні ў тэрарызме. Затрыманым далі велізарныя тэрміны — больш за 20 гадоў калоніі.

Пасля жорсткіх затрыманняў акты сабатажу на беларускай чыгунцы спыніліся. Аднак, паводле кіраўніка B*POL Аляксандра Азарава, большасць «рэйкавых партызанаў» затрыманы не былі. «І мы, вядома ж, працу не спынілі і працягвалі планаваць новыя акцыі. Шукалі аб'екты, дзе можна ўжыць навыкі партызанаў», — сказаў ён.

Паводле слоў Азарава, цяпер «сілавікі расслабіліся, знялі ўсюды ахову». Тым часам дыверсія рыхтавалася амаль чатыры месяцы. «Гэта вельмі складана — знаходзячыся за мяжой, мець зносіны з партызанамі ўнутры Беларусі, правесці выведку, даставіць тое, што неабходна, арганізаваць шляхі адыходу, паклапаціцца пра бяспеку», — тлумачыць ён.


Мэтай, паводле яго слоў, быў менавіта самалёт ДРЛА А-50: «Мы выбралі гэты аб'ект невыпадкова, паколькі ён вельмі важны для расійскай арміі. Гэта фактычна флагманскі карабель у паветраным флоце. Ён ажыццяўляе выведку тэрыторыі Украіны і наводзіць ракетныя ўдары. За ім заўсёды ўзлятаюць носьбіты «Кінжалаў» (гіпергукавых ракет. — Заўв. рэд.) і б'юць па тых каардынатах, якія ён ім паведамляе».

Па звестках B*POL, у Беларусі знаходзіўся толькі адзін расійскі А-50 — у Мачулішчах. Ён і быў атакаваны дронамі. «Адбылося два выбухі — у цэнтральнай частцы, дзе размешчана навігацыйная «талерка», і ў пярэдняй частцы фюзеляжа», — расказвае Аляксандр Азараў. Паводле папярэдняй інфармацыі BY*POL, самалёт рамонту не падлягае: «Мы чакаем такога пацвярджэння. Паглядзім, узляціць ён ці не ўзляціць».

Колькі менавіта чалавек у Беларусі было задзейнічана ў дыверсіі, не паведамляецца, як і тое, ці былі гэтыя людзі вайскоўцамі. «Гэта была група беларусаў, якая цяпер шчасліва пакінула краіну і знаходзіцца ў бяспецы», — кажа Азараў.

Кошт і значэнне самалёта

Самалёт ДРЛА А-50 Паветрана-касмічных сіл РФ з рэгістрацыйным нумарам RF-50608 прыляцеў у Беларусь 3 студзеня 2023 года. За 54 дні гэты борт зрабіў 12 вылетаў. Папярэдні яго прылёт на беларускую тэрыторыю быў зафіксаваны 24 лютага 2022 года.

Паводле звестак «Беларускага Г*юна», у ПКС РФ усяго 9 такіх самалётаў, з іх 6 — удасканаленыя. Кошт такога самалёта ацэньваецца ў 330 млн. долараў.

«Гэта самалёт радыёлакацыйнай выведкі, навядзення, кіравання, які можа вызначаць на адлегласці да 500 кіламетраў наземныя, паветраныя, марскія цэлі, у тым ліку рухомыя і стацыянарныя — ракеты, самалёты, калоны танкаў, пускавыя ўстаноўкі ракет, вядома, сістэмы супрацьпаветранай абароны праціўніка і перадаваць гэтую інфармацыю на сродкі паражэння», — тлумачыць украінскі вайсковы эксперт, дырэктар «New Geopolitics Research Network» Міхайла Самусь.

Па яго меркаванні, без гэтай інфармацыі расійская авіяцыя, ракеты, дроны-камікадзэ не могуць прымяняцца. Эксперт тлумачыць: пасля таго, як падымаецца ў паветра гэты самалёт, «ва Украіне можна чакаць ракетных або авіяцыйных удараў — з тэрыторыі Расіі, з мора, у любых напрамках з тэрыторыі Беларусі.

«Такіх самалётаў няшмат. Паводле разрозненай інфармацыі, іх, магчыма, каля дзесяці — плюс-мінус. Яны актыўна выкарыстоўваюцца ў вайне супраць Украіны», — дадае Самусь.

«Гэта падобна да затаплення крэйсера «Масква», — так ацэньвае значнасць таго, што адбылося, Рыгор Ніжнікаў, эксперт Фінскага інстытута міжнародных адносін. — Зразумела, што крэйсер «Масква» быў адзіны ў сваім родзе, а падобных самалётаў у Расіі каля 10. Але знайсці замену ва ўмовах санкцый (а гэты самалёт — лятальная электроніка, гэта значыць суцэльныя мікрачыпы і тэхналогіі, якія імпартуюцца з Захаду) будзе вельмі складана».

Якой будзе рэакцыя?

На думку Рыгора Ніжнікава, вельмі паказальна, што беларускія і расійскія ўлады выбралі тактыку замоўчвання: «Гэта значыць, што яны зусім не былі да гэтага гатовыя. Гэта значыць, тое, што здарылася, стала для іх дастаткова шокавай сітуацыяй, не было выразнай стратэгіі, як на гэта рэагаваць».

Эксперт лічыць гэта асабліва паказальным на фоне папярэджанняў, што якая-небудзь «аперацыя» можа прымусіць Беларусь уступіць у вайну. «Ні Масква, ні Мінск не хочуць цяпер парушаць існы статус-кво. Масква задаволеная тым, як сітуацыя складваецца ў Беларусі. А для Лукашэнкі важна паказваць, што ён трымае сітуацыю пад кантролем. У дадзеным выпадку гэтая атака не да месца ні тым, ні гэтым — таму лепш яе проста ігнараваць».


Паводле слоў Ніжнікава, версія пра дыверсію з украінскага боку на тэрыторыі Беларусі гучала б для беларускага рэжыму яшчэ горш, чым версія падрыву самалёта партызанамі. Ён мяркуе, што ў апошнім выпадку Лукашэнка можа сказаць Маскве: «Глядзіце, вы хочаце, каб мы ўдзельнічалі ў вайне, а мы самі пад ударам». А вось «украінскі сцэнар» стаў бы для яго вялікім палітычным паражэннем. «Ён гаварыў, і не раз, што, калі будзе атака з Украіны, яму давядзецца адказаць і Расія заступіцца. І мы бачым, што і Расія не хоча адказваць, і ў яго на гэта няма ні рэсурсаў, ні жадання», — кажа эксперт.

Тым часам унутры краіны, на думку Рыгора Ніжнікава, рэакцыя будзе жорсткай. «Важна будзе паказаць, што — як гэта было ў выпадку з «рэйкавымі партызанамі» — любая акцыя, накіраваная і супраць дзяржавы, і супраць расійскага войска, будзе жорстка пакараная». Эсперт лічыць, што могуць затрымліваць тых, хто паставіў пад паведамленнямі аб дыверсіі лайкі ў сацсетках, тых, хто апынуўся не ў той час не ў тым месцы — каля аэрадрома падчас атакі. «Рэакцыю павінны паказаць у тым ліку і Маскве: мы гарантуем захаванасць вашай маёмасці на нашай тэрыторыі. Каб не было прэцэдэнту, калі Расія адправіць свае войскі ахоўваць нават подступы да сваіх вайсковых аб'ектаў», — мяркуе эксперт.

Паводле звестак Аляксандра Азарава, ужо вядома пра затрыманне дзяўчыны, якая жыве ў раёне Мачулішчаў. Ёсць звесткі, што на дарогах у Беларусі дзяжураць дадатковыя патрулі. «На мяжы з Украінай знаходзіцца шмат узброеных вайскоўцаў. Машыны ўзмоцнена правяраюць на памежных пунктах пропуску. Прадстаўнікі спецслужбаў спрабуюць знайсці датычных да гэтай акцыі», — кажа кіраўнік B*POL.