Сястра «мачулішчанскага дыверсанта» з арыенціроўкі высмеяла спецслужбы Лукашэнкі

Арыенціроўка на Міколу Швеца шырока разышлася па інтэрнэце. «Ураджэнец Крыма, 1993 года нараджэння», — пішацца ў ёй. «Н*ша Ніва» адшукала сваячку хлопца з фота і пагаварыла з ёй.

Фота «Л*стэрка»

Фота «Л*стэрка»

Дзяўчына папрасіла не публікаваць яе імя і фота. Вось што яна расказала:

«На фота — мой брат. Ну проста зорка! Я баюся даваць ягоны кантакт, бо гэта можа быць для яго небяспечна пры ўсёй сур'ёзнасці справы, але ён дакладна не мае дачынення да гэтай акцыі. Ён ніколі не быў у Беларусі. 25 і 26 лютага ён дома сядзеў ва Украіне: мужчынам жа нельга выязджаць».

Іх сям'я родам не з Крыма, а з Крывога Рога, хоць і жыла ў Вялікай Ялце да акупацыі. Пасля таго, як Расія акупавала Крым, Швецы выехалі.

Фота «Л*стэрка»

Фота «Л*стэрка»

«Брат зусім не вайсковец. На пачатку вайны Мікола запісаўся ў тэрабарону, але цяпер ён не там, бо людзей хапае і без яго, набору няма. Увогуле, сталай прафесіі брат не мае і працуе дзе давядзецца, і ён не спецслужбіст.

Гэтыя фота, хутчэй за ўсё, «злітыя» з базы ПрыватБанка — мне, як жыхарцы Украіны, відаць, што гэта фота, якія рабілі ў банку пры выдачы карткі. Ва Украіне гэта звычайная рэч, што фота кліентаў банкаў прадаюць у інтэрнэце.

Я асабіста лічу, што гэта ўкід з нейкага боку. Гэтага не мог здзейсніць мой брат».

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

Раней кіраўнік BYP*L Аляксандр Азараў паведаміў, што на арыенціроўцы «не іх чалавек».

Адказнасць за выбухі на аэрадроме ў Мачулішчах узяла ініцыятыва беларускіх сілавікоў супраць дыктатуры BYP*L. Яна сцвярджае, што беларускія падпольшчыкі з дапамогай дронаў вывелі з ладу мегакаштоўны самалёт далёкай разведкі коштам 330 мільёнаў долараў.