Двух «рэйкавых партызанаў» асудзілі да 22 гадоў калоніі, у іх стралялі пры затрыманні

Яшчэ аднаго затрыманага — вызвалілі з улікам амністыі. Суд быў закрытым, пішуць праваабаронцы.

_belarus_ekanomika__fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__4__logo.jpg

У Магілёўскім абласным судзе 10 лютага вынеслі прысуд тром "рэйкавым партызанам" Дзмітрыю Клімаву, Уладзіміру Аўрамцаву і Яўгену Мінкевічу з Бабруйску.

Двум першым прызначылі па 22 гады калоніі, а апошняму — паўтара года калоніі. Адзначаецца, што Мінкевіча вызвалілі ад пакарання часткова тэрмінам на адзін год паводле Закона "Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства". З улікам часу знаходжання пад вартай пакаранне лічыцца адбытым.

Паводле версіі абвінавачвання, яны датычныя да знішчэння двух рэлейных шаф сігнальнай усталёўкі пад Асіповічамі.

Падчас затрымання Дзмітрый Клімаў быў паранены сілавікамі.

Дзмітрыя Клімава і Уладзіміра Аўрамцава судзілі па пяці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "акт тэрарызму", "здраду дзяржаве" і "ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі". Справу ў закрытым рэжыме два тыдні разглядаў суддзя Ігар Шведаў.  

partyzany_babruisk__logo.jpeg


У чым абвінавацілі палітвязняў?

Палітвязням інкрымінавалі адразу пяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

ч. 3 арт. 289 — акт тэрарызму арганізаванай групай;

ч. 2 арт. 290-4 — удзел у арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці;

ч. 1 арт. 356 — здрада дзяржаве;

ч. 4 арт. 309 — наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў злучэння;

ч. 2 арт. 406 — неданясенне аб злачынстве.

Паводле ч. 2 арт. 406 КК (неданясенне аб злачынстве) судзілі Яўгена Мінкевіча. Да суда ён не ўтрымліваўся пад вартай.


Раней па артыкуле за "ўдзел у арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці" судзілі толькі фігурантаў "справы АГСБ". Бабруйскіх партызанаў судзяць за сувязь з ByP*L і планам "П*рамога".

Нагадаем, у ноч на 30 сакавіка 2022 года пры сілавой падтрымцы САХРа былі затрыманыя трое "рэйкавых партызанаў" з Бабруйску. Пра гэта 6 красавіка паведаміла МУС.

На аператыўнай здымцы ў аднаго з іх перабінтаваныя калені, і ён з цяжкасцю адказвае на пытанні аператыўнікаў, у другога кроў на твары, а трэці моцна напалоханы. Па інфармацыі ведамства, "падчас затрымання мужчыны аказалі актыўны супраціў і паспрабавалі ўцячы".

Сілавікі ўжылі зброю на паражэнне. Адзін з затрыманых быў паранены і нейкі час знаходзіўся ў лячэбнай установе. Іншым аказана меддапамога на месцы. Як вынікае з аператыўнага відэа, пры затрыманні быў паранены Дзмітрый Клімаў. На відэа затрымання ў яго перавязаныя калены, а ў ізалятары ён кульгае.

https://novychas.online/hramadstva/troh-svetlahorskih-partyzanau-asudzili-na-stalin

Што вядома пра палітвязняў?

Дзмітрый Клімаў пры затрыманні

Дзмітрый Клімаў пры затрыманні

28-гадовы Дзмітрый Клімаў у мінулым працаваў кіроўцам у некалькіх арганізацыях і таксістам. Таксама ён працаваў у Калінкавіцкім Дэпартаменце аховы з пачатку 2017 года да траўня 2018-га, а затым прапаршчыкам міліцыі да звальнення ў жніўні. Дзмітрый жанаты, у яго ёсць чатырохгадовая дачка.

27-гадовы Уладзімір Аўрамцаў вучыўся ў Бабруйскім вучылішчы алімпійскага рэзерву і ў БДАТУ. Ён займаўся барацьбой і выступаў на спаборніцтвах па грэплінгу — чэмпіянаце Беларусі і ADCC Belarus Open. Уладзімір працаваў трэнерам у Бабруйскім фітнес-цэнтры "Ева".

28-гадовы Яўген Мінкевіч, як і Уладзімір Аўрамцаў, скончыў вучылішча алімпійскага рэзерву — ён адвучыўся ў МДПУ імя Шамякіна на факультэце фізічнай культуры. Ён працаваў санітарам у бабруйскай хуткай дапамогі, а таксама таксістам ў розных сэрвісах.

Падтрымаць палітвязняў можна лістамі салідарнасці, пасылкаміі: Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А (Дзмітрыю Аляксандравічу Клімаву, Уладзіміру Аляксандравічу Аўрамцаву)