У чым палягала «здрада дзяржаве» Кацярыны Андрэевай, да гэтага часу невядома
Год таму на палітзняволеную журналістку Кацярыну Андрэеву завялі новую крымінальную справу — за здраду дзяржаве. Кацярына за кратамі ўжо 817 дзён.
Ігар Ільяш на сваёй старонцы ў фэйсбуку прыгадвае, што змест справы за здраду для сям’і Кацярыны ўсё роўна застаецца загадкай:
— Год таму Кацярыну Андрэеву забралі з калоніі ва УКДБ па Гомельскай вобласці, а потым змясцілі ў СІЗА №3 у сувязі з «працэсуальнымі дзеяннямі», як сказаў тады следчы. Насамрэч супраць яе была распачата крымінальная справа па артыкуле «Здрада дзяржаве».
У ліпені 2022 года, нагадаю, прайшоў закрыты суд, вырак — 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўлення волі.
Нам дагэтуль не патлумачылі, на аснове якіх падзей узнікла гэтае абсурднае абвінавачванне, які журналісцкі матэрыял прыраўнялі да «здрады» і за што Каці далі такі сталінскі тэрмін. Ніякіх афіцыйных тлумачэнняў і каментароў пасля суда не было.
Пры гэтым прапагандысцкія тэлеграм-каналы, каментуючы гэтую справу, усяляк упіралі на тое, што Каця займалася ўкраінскай тэмай. Падкрэслівалі, што яна напісала «Беларускі Данбас» — «экстрэмісцкі бестселер», як нехта з іх сказаў.
Наўрад ці сама кніга фігуравала ў фабуле абвінавачання — у адваротным выпадку я б таксама праходзіў па справе як суаўтар. Зразумела, што церахі, азаронкі і прыдыбайлы самі нашу кнігу ніколі не чыталі, а проста адпрацоўвалі нейкую метадычку спецслужбаў.
Гэта наводзіць на пэўныя разважанні наконт матываў пераследу, але змест справы ўсё роўна застаецца для сям’і загадкай.
Сумарна Каця знаходзіцца за кратамі ўжо амаль 27 месяцаў — 817 дзён».
https://novychas.online/hramadstva/ihar-iljasz-heta-vyprabavanne-praz-jakoe-nam-tak