«Сапегу аддадуць, з Дуднікавым складаней». Адвакат распавёў пра справы палітзняволеных грамадзян РФ
Адвакат Антон Гашынскі быў пазбаўлены ліцэнзіі ў Беларусі і цяпер працуе ў Маскве. Ён з'яўляецца абаронцам палітзняволеных грамадзян Расіі Сафіі Сапегі і Ягора Дуднікава, якіх рэжым Лукашэнкі асудзіў на працяглыя тэрміны. Гашынскі расказаў выданню «Новая газета. Еўропа» пра магчымы перавод сваіх падабаронных у РФ.
![_kaljuczka___kraty___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg _kaljuczka___kraty___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg](/img/v1/images/_kaljuczka___kraty___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Я цяпер займаюся пераводам Сафіі Сапегі і Ягора Дуднікава
ў Расійскую Федэрацыю, — адзначыў Антон Гашынскі. — Ягор знаходзіцца цяпер у турме Магілёва, перыядычна да яго
ездзіць адвакат. Да яго ездзіў і расійскі консул. Мінюст Расіі пагадзіўся з
хадайніцтвам мамы Ягора і накіраваў запыт на яго выдачу ў Генеральную
пракуратуру Беларусі. І перыядычна Мінюст паведамляе Юліі Дуднікавай, што чакае
адказу ад беларускай Генпракуратуры. А беларускі бок пакуль не рэагуе наогул. Ён проста цягне час.
Паводле слоў адваката, Ягор Дуднікаў працягвае адбываць пакаранне, «яго спрабуюць усялякімі спосабамі зламаць, але ён стойка трымаецца».
![Фота БелТА Фота БелТА](/img/v1/images/48da26506072447b99f9dab715706115.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота БелТА
— Малады чалавек аказаўся гатовы не проста пераносіць усе нягоды — яго там вельмі моцна прэсуюць, а ён можа пастаяць не толькі за сябе, але і за сукамернікаў. Не ведаю, з ведама Расіі гэта ўсё адбываецца з ім або не. Ведаю, што сітуацыя ўмоўна на кантролі знешнепалітычнага ведамства, але па вопыту магу сказаць: калі амбасада Расіі хоча штосьці хутка зрабіць, то яна гэта робіць. Я выдатна ведаю, як менавіта яны гэта робяць. А ў дадзеным выпадку яны проста манітораць сітуацыю. Можа, нейкія перамовы і праходзяць, але воз і цяпер там, — дадаў Антон Гашынскі.
— Дарэчы, у Расійскай Федэрацыі павінен таксама прайсці суд, які ўстановіць: так, гэта злачынства з'яўляецца злачынствам і на нашай тэрыторыі, у нас ёсць аналагічны артыкул, тэрмін па якім знаходзіцца ў межах санкцыі беларускага артыкула, і мы гатовыя прыняць асуджанага для адбыцця пакарання. Але ў дадзенай сітуацыі ў Расіі максімальнае пакаранне па артыкуле, аналагічным тым, па якіх асудзілі Ягора, — да шасці гадоў пазбаўлення волі. Гэта значыць, Расія скажа: мы гатовыя прыняць з адбываннем пакарання тэрмінам на шэсць гадоў. А далей Беларусь павінна сказаць «так» двойчы: у прынцыпе адказаць станоўча на запыт расійскага Мінюста і пагадзіцца на тэрмін, вызначаны расійскім судом. І тут, вядома, нам вельмі патрэбна дапамога знешнепалітычнага ведамства, інакш, баюся, нам могуць адмовіць.
![Фота з сацсетак Фота з сацсетак](/img/v1/images/23945bdb92c94c7b85886ad11834a926.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з сацсетак
Сітуацыю з Сафіяй Сапега адвакат лічыць іншай.
— Яе аддадуць, — упэўнены Антон Гашынскі. — Але патрымаюць: свабода павінна быць выпакутаваная. Пасля таго як з'явілася інфармацыя пра тое, што пададзены запыт на перавод яе ў Расію для адбыцця пакарання, мне сталі паступаць званкі ад расійцаў з пагрозамі: «Нам Сапега не патрэбна! Хай застаецца там, мы яе не чакаем!» Самі разумееце, як там усё «прамыта». Дарэчы, ведаеце, у чым прыкол? Сафія яшчэ сумнявалася, ці мае сэнс пераводзіцца ў Расію.
Я сваякам тлумачу: яна тут з жоўтай нашыўкай
экстрэміста ў калоніі, стаўленне да яе ў Беларусі — як да смяротніка, а ў
Расійскай Федэрацыі — не. У Расіі яна можа разлічваць на амністыю. Дарэчы, і
беларускія амністыі таксама будуць на яе распаўсюджвацца. У мяне так было з
адным кліентам: ён атрымаў у Беларусі пяць гадоў, мы аформілі перавод, за гэты
час у Беларусі было дзве амністыі. У выніку яму ў Беларусі па амністыі знялі
два гады, яшчэ год у Расіі — і фактычна ён выйшаў адразу, як толькі перавёўся.
Наўрад ці Сапега адмовяць у пераводзе, а па Дуднікаву ёсць
пытанні. Баюся, што, калі б ён не паехаў у Беларусь, а застаўся ў Расіі, яго б
ужо пасадзілі там — таксама за экстрэмісцкую дзейнасць, за фэйкі або за
дыскрэдытацыю арміі.
Нагадаем, Сафія Сапега была
затрымана ў траўні 2021 года разам з журналістам Раманам Пратасевічам у выніку
прымусовай пасадкі «Боінга» Ryanair у Мінску. Праз год дзяўчыне прысудзілі 6 гадоў калоніі паводле двух
крымінальных артыкулаў за «распальванне варожасці ці варажнечы» і «незаконны
збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці».
Ягора Дуднікава
схапілі таксама пазалетась у траўні ў Мінску. За «распальванне варожасці ці
варажнечы» і «заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай
бяспецы Беларусі» хлопца асудзілі на 11 гадоў зняволення.