Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 8 лютага
Гучныя суды над палітвязнямі і здзекі ў турме — галоўнае з таго, як пражыла краіна сённяшні дзень.
8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму прысудзілі сёння палітзняволенаму журналісту і аднаму з кіраўнікоў «Саюза палякаў Беларусі» Анджэю Пачобуту. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яго вінаватым у «закліках да санкцый» і «ў ажыццяўленні дзеянняў для рэабілітацыі нацызму». Пачобут правёў за кратамі да суду паўтара года.
8 лютага Гомельскі абласны суд вынес прысуд «рэйкавым партызанам» з Мазыра — 34-гадоваму Сяргею Плешкуну і 45-гадоваму Юрыю Сельвічу. Суддзя Алег Харошка прысудзіў іх да 16 і 14 гадоў пазбаўлення волі. Згодна з матэрыяламі справы, Пляшкун і Сельвіч набылі камплектуючыя для вытворчасці «кактэйляў Молатава» і піратэхнічных вырабаў, якія «захоўвалі і перавозілі ў розных транспартных сродках і месцах з мэтай іх наступнага выкарыстання пры здзяйсненні тэракту, нападу на будынкі, установы, транспартныя сродкі, а таксама на супрацоўнікаў праваахоўных органаў». Акрамя таго, Плешкун нібыта сам вырабляў «кактэйлі Молатава» і разам з Сельвічам «рыхтаваўся да наўмыснага вываду з ладу транспартных сродкаў і сродкаў сувязі», што магло «прывесці да гібелі чалавека, крушэння або аварыі».
Стала вядома, што 22-гадовы Уладзіслаў Мароз каля ста дзён правёў у ШІЗА, пасля чаго трапіў у рэанімацыю. Адміністрацыя навапалоцкай калоніі, у якой вязень адбывае пакаранне за тое, што ў ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года зняў штаны перад сілавікамі, працягвае здзекавацца са зняволенага: пасля рэанімацыі яго зноў змясцілі ў ШІЗА, а затым у ПКТ, заблакавалі яго рахунак і спісваюць з яго грошы за нібыла сапсаванае Марозам люстэрка.
3 гады «хатняй хіміі» прысудзілі настаўніку гісторыі Сяргею Козелу за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса). Падставай стаў удзел мужчыны ў акцыях пратэсту 2020 года.
Палітзняволены журналіст і аўтар «Новага Часу» Дзяніс Івашын пасля этапавання ў калонію трапіў у бальніцу. У яго ўзнялася высокая тэмпература — да 39 градусаў. Івашын знаходзіцца за кратамі ўжо амаль 700 дзён.
Баранавіцкана актывіста Мікалая Чарнавуса-малодшага арыштавалі на 15 сутак. Учора, 7 лютага, над актывістам прайшоў суд. Яго абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў», паведамляюць праваабаронцы.
Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1449 палітвязняў. Ініцыятыва Dissidentby вызнае палітычнымі зняволенымі 1706 чалавек. Сярод іх — 190 жанчын і 6 непаўнагадовых. 13 палітвязняў былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне.