Лявон Вольскі: «Цяпер трэба выказвацца за гвалт і вайну, а калі маўчыш — ты вораг»
Вядомы беларускі музыка ў сваім Фэйсбуку пракаментаваў «чорныя спісы» выканаўцаў, якім забараняецца канцэртная дзейнасць у Беларусі. Гэтыя спісы трапілі ў СМІ 8 лютага.

Лявон Вольскі. Фота Дар'я Каледа
Калі ўзьнік першы чорны сьпіс у Беларусі (куды я са сваімі праектамі, безумоўна, патрапіў), памятаю, па тэлевізары йшла нейкая агітацыйна-прапагандысцкая перадачка, і ў ёй раптам пачалі «кляйміць пазорам» беларускіх музыкаў і асабіста мяне. Злавесным голасам дыктар вяшчаў: «Гэта ён (то бок, я), калі ўся Беларусь радавалася трыюмфальнай перамозе нашай Ксеніі Сітнік на дзіцячым «Еўрабачаньні», казаў пра яе: «Не люблю, калі дзеці крыўляюцца».
А потым — цытата з «Майго пакаленьня»:
«Набыць бы даляры,
Прадаць бы рублі,
А потым — падалей
Ад гэтай зямлі».
Вось, маўляў, да чаго заклікае гэты музыка.
І вось — мінула амаль 20 гадоў, і ўзьнік абноўлены чорны сьпіс. Там ужо ёсьць і Ксенія Сітнік, перамозе якой так радавалася калісьці Беларусь.

Усё стала на свае мейсцы.
Спачатку ў сьпіс патрапілі артысты, якія ў 2020-м выказаліся супраць гвалту. Напісаў у сацсетцы: «Я супраць гвалту», і ты — вораг.
Потым, у 2022-м — тыя, хто супраць вайны.
А цяпер — тыя, хто не выказваўся.
Таму, што цяпер трэба выказвацца за гвалт і вайну, а калі маўчыш — ты вораг.