Дырыжор Іван Касцяхін аднавіў згубленую оперу Канстанціна Горскага. Партытура згарэла ў час вайны
Дырыжор Іван Касцяхін аднавіў згубленую оперу беларускага кампазітара Канстанціна Горскага паводле сюжэта Уладзіслава Сыракомлі. Опера была напісана ў 1905 годзе, калі толькі-толькі выйшаў указ, які нарэшце дазваляў выкарыстанне беларускай мовы. Больш за тое, у оперы ёсць і беларускае лібрэта. Унікальная сітуацыя!
Беларускі дырыжор Іван Касцяхін завяршыў працу над аркестроўкай оперы Канстанціна Горскага «Маргер». У студыі «Радыё Ўнэт» маэстра распавёў пра эпічную гісторыю вяртання шэдэўра.
Даведка:
Канстанцін Антоній Горскі — беларуска-польскі выканаўца і кампазітар. Нарадзіўся ў Лідзе, вучыўся ў Вільні, Варшаве і Пецярбургу. Амаль 30 гадоў Горскі пражыў у Харкаве, а пасля 1917 года пераехаў з сям’ёй у Польшчу і да канца свайго жыцця быў першай скрыпкай у аркестры познаньскага Тэатра оперы і балета.
У 1905 годзе Канстанцін Горскі напісаў оперу паводле паэмы «Маргер» Уладзіслава Сыракомлі. Прэмʼера твора адбылася ў 1927 годзе, ужо пасля смерці кампазітара, і гэта быў першы і апошні яго паказ. У Другую сусветную вайну партытура «Маргера» згарэла. Цудам захаваўся толькі клавір.
Амаль праз 100 гадоў пасля прэм’еры оперы ён і трапіў у рукі беларускаму дырыжору Івану Касцяхіну. Днямі маэстра завяршыў працу над аркестроўкай «Маргера» і паказаў свежанадрукаваны трохтомнік забытага шэдэўра.
— Канстанцін Горскі быў вельмі таленавітым музыкантам. Ён вучыўся ў Леапольда Аўэра, гэта скрыпічная школа сусветнага ўзроўню! Кампазіцыю яму выкладалі Рымскі-Корсакаў і Чайкоўскі. З Пятром Ільічом іх, дарэчы, звязвала доўгае сяброўства. Горскі быў адным з першых выканаўцаў яго скрыпічнага канцэрта. Кажуць, што Чайкоўскі нават прапусціў паказ аркестру, бо заплакаў за дырыжорскім пультам з-за такога кранальнага выканання. Безумоўна, выканальніцкі талент Горскага быў запатрабаваны значна больш, чым яго талент кампазітарскі.
— І тым не менш музыказнаўцы пішуць, што «Маргер» стаў справай усяго яго жыцця. Дарэчы, з якім творам сусветнай класікі мы маглі б правесці паралелі? Як вы думаеце, якімі опернымі сюжэтамі мог натхняцца Горскі падчас стварэння сваёй партытуры?
— Гэта эпіка-драматычная опера. Як «Аіда» Вердзі або «Пікавая дама» Чайкоўскага. Вялікая партытура, амаль 3 гадзіны музычных падзей!
Гэта жудасная гісторыя сям’і і замка князя Маргера: 14 стагоддзе, гераічная барацьба супраць крыжакоў, супраць рабавання, супраць пазбаўлення Радзімы. Усе гэтыя падзеі былі блізкія Канстанціну Горскаму, як блізкія зараз і нам.
— Партытура «Маргера» згарэла падчас вайны. Але як вы даведаліся, што ў архівах захаваўся клавір?
— Дзякуючы Віктару Іванавічу Скорабагатаву і Беларускай капэле. У 2018 годзе я закахаўся ў гэты твор. У Беларусі пачаў рабіць першыя накіды. Аднак па-сапраўднаму пачаў працаваць ужо тут, у Варшаве.
— Для шырокай аўдыторыі папрашу адказаць на пытанне, а што ж такое клавір і што маецца на ўвазе, калі мы кажам пра яго аркестроўку, інструментоўку?
— Клавір — гэта вельмі спрошчаная версія оперы для голасу і фартэпіяна. Мелодыя і празрысты акампанемент, які трэба распісаць для цэлага аркестра! Вельмі было заўважна, што Горскі быў скрыпачом, а не піяністам. Мне вельмі не хапала нейкага аб’ему. Праца з музыкай Канстанціна Горскага нагадвала археалагічныя даследаванні, калі ты вылічваеш месца, дзе можа быць скарб.
Але партытура, якую я зрабіў — гэта не музейная рэканструкцыя. Гэта мая выканальніцкая транскрыпцыя оперы, маё бачанне. У іншым выпадку яна б так і засталася ў бібліятэцы.
— Опера Канстанціна Горскага створана паводле паэмы Уладзіслава Сыракомлі «Маргер». Абодвух творцаў мы называем і беларускімі, і польскімі.
— Клавір, які быў у маім распараджэнні, утрымлівае і польскі, і рускі тэкст. Але не будзем забываць, што «Маргера» Горскі напісаў у 1905 годзе, калі толькі-толькі выйшаў указ, які нарэшце дазваляў выкарыстанне беларускай мовы. Больш за тое, у оперы ёсць і беларускае лібрэта. Унікальная сітуацыя! Вяртаючыся да пытання, што Горскага мы называем і беларускім, і польскім творцам… Ён нарадзіўся ў Лідзе, паходзіў з мясцовай шляхты, вучыўся ў Вільні і Пецярбургу, жыў у Харкаве, пасля рэвалюцыі пераехаў у Польшчу. Так што гэта нашая агульная спадчына, спадчына Рэчы Паспалітай.
— Маэстра, а што далей? Ёсць партытура. Але ці загучыць яна?
— Далей плануюцца сустрэчы з польскай музычнай супольнасцю, з тэатрамі, прасоўванне твора ў медыйнай прасторы.
У маіх руках 700 старонак партытуры, але наперадзе яшчэ шмат грунтоўнай працы. Як казала мая знаёмая, будзем верыць у мару, бо гэтая опера вартая самых вялікіх сцэн. Гэта помнік музычнай культуры нашай зямлі. Канстанцін Горскі — гэта асоба, якая абавязкова павінна быць прадстаўлена ў сусветнай музычнай прасторы.