Стала вядома, за што судзілі музыкаў гурта Tor band

Напісанне «экстрэмісцкай» песні «Родная Зямля» і ўдзел у здымках кліпа «Жыве» — сталі падставай для суда над музыкамі гурта Tor band, паведамляюць праваабаронцы.

pic_31.jpg

Удзельнікаў гурта Tor band затрымалі разам з жонкамі музыкаў. Гэта адбылося ў Рагачове 28 кастрычніка. Пазней музыкаў Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка некалькі разоў запар судзілі паводле адміністрацыйных пратаколаў, а нядаўна перавялі ў гомельскае СІЗА ў межах крымінальнай справы.

Праваабаронцам стала вядома, што адзін з пратаколаў паводле арт. 19.11 КаАП на Галавача быў складзены за тое, што ён напісаў «экстрэмісцкую» песню «Родная Зямля» і выклаў яе ў інтэрнэт.

Так, паводле пратакола, Галавач, «выкарыстоўваючы гітару з футаралам і рэменем, вырабіў і з таго ж часу захоўваў з мэтай распаўсюду ў суполцы "Tor band" у "ВКонтакте", якая належыць яму, аўдыёматэрыял "Родная Зямля" [напісаны ў 2020 годзе] музычнага калектыву Tor band, які адносіцца да інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

На судзе Дзмітрый віну не прызнаў, ад дачы тлумачэнняў адмовіўся.

Суддзя адзначыла, што праз тое, што «Галавач з'яўляўся актыўным удзельнікам гурта, яму было дакладна вядома пра ўключэнне песні ў "спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў"».


Адзначым, што на момант суда Дзмітрый ужо месяц знаходзіўся за кратамі, а інфармацыя пра прызнанне сацсетак і песень гурта Tor Band у рэспубліканскім спісе з'явілася толькі ў пачатку лістапада з пазнакай пра тое, што іх прызналі яшчэ нібыта 29 жніўня. Вынік суда — 15 сутак.

Меркавана, гэта не перш суд за "напісанне песні", бо гітара Галавача ўжо была канфіскаваная паводле пастановы суда ад 14 лістапада па арт. 19.11 КаАП.

Акрамя гэтага, Яўгена Бурло 15 лістапада асудзілі за тое, што ён «сумесна з іншымі музыкамі ў полі з выкарыстаннем барабанаў, драўляных барабанных палачак, а таксама металічных стоек і талерак удзельнічаў у вырабе відэаматэрыялаў для кліпа "Жыве", які прызнаны "экстрэмісцкім"». Таксама яму ставіўся ў віну ўдзел у яшчэ адным кліпе гурта. Паводле матэрыялаў справы, падчас ператрусу музычныя інструменты забралі. Суддзя Ірына Зыль прызнала Яўгена вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП і арыштавала яго на 15 сутак.

16 студзеня гурт Tor band быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Адпаведнае рашэнне пра прызнанне «экстрэмісцкім фармаваннем» прыняў КДБ. 

Tor band — вядомы беларускі гурт. Іх кліпы на песні «Мы — не "народец"», «Жыве», «Кто, если не ты?!» набралі больш за мільён праглядаў на YouTube.

Музыкаў пасля выбараў 2020 года рэжым Лукашэнкі рэпрэсуе оптам і ўраздроб. Шмат хто з артыстаў прайшоў праз «суткі» і потым эміграваў. Некаторыя трапілі пад крымінальны пераслед. Litesound, удзельнікі гуртоў Irdorath (лідары каманды Надзея і Уладзімір Калачы дагэтуль за кратамі паводле прысуду), Tor Band, Мерыем Герасіменка і іншыя.