Нобелеўскага лаўрэата ўлады хочуць пасадзіць на 12 гадоў

Дзяржабвінавачанне заявіла, што віна праваабаронцаў цалкам даказана. Аляксандр Кароль запытаў для «вясноўцаў» ад 9 да 12 гадоў калоніі і аграмадны штраф кожнаму. Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну, паведамляюць праваабаронцы.

Суд па «справе Вясны», студзень 2023 года

Суд па «справе Вясны», студзень 2023 года

У судзе Ленінскага раёна Мінска 9 лютага адбываюцца судовыя спрэчкі па крымінальнай справе супраць старшыні «Вясны» і нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (у парадку спецыяльнай вытворчасці). За месяц на працэсе дапыталі сведак, даследавалі ўсе 284 тамы крымінальнай справы і дапыталі праваабаронцаў.

Сёння пракурор Аляксандр Кароль запрасіў тэрміны для праваабаронцаў «Вясны», для старшыні — максімальны.

Дзяржаўнае абвінавачанне лічыць, што віна праваабаронцаў паводле ч. 4 арт. 228 («Кантрабанда арганізаванай групай») і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») цалкам даказана. Аляксандр Кароль запрасіў наступныя тэрміны для «вясноўцаў»:

  • старшыні «Вясны» і нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага — 12 гадоў калоніі;
  • намесніка старшыні «Вясны» і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча — 11 гадоў калоніі;
  • каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча — 9 гадоў калоніі;
  • праваабаронцы «Вясны» Дзмітрыя Салаўёва — 10 гадоў калоніі завочна.

Усім узмоцнены рэжым і прысуджаны штраф у пяць тысяч базавых велічынь (185 тысяч беларускіх рублёў ці 73 200 долараў). 



Коратка пра судовы працэс

Справу ў адкрытым рэжыме з 5 студзеня разглядае суддзя Марына Запаснік.

Праваабаронцаў абвінавачваюць паводле ч. 4 арт. 228 («Кантрабанда арганізаванай групай») і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Згодна з версіяй абвінавачання, праваабаронцы, «дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы, з 4 красавіка 2016 года да 14 ліпеня 2021 года пад маркай выкарыстання на тэрыторыі Беларусі для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ «Вясна», а таксама іншых арганізацый абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структур і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі. Затым з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам, забяспечылі незаконнае перамяшчэнне… наяўных сродкаў у буйным памеры, агульнай сумай не меншай за 201 тыс. еўра і 54 тыс. долараў ЗША, праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання».

Паводле матэрыялаў справы, «яны ж ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзян да ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ «Вясна», незарэгістраванага фонду «BY_HELP» у перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года».

У прыватнасці, праваабаронцам ставяцца ў віну аплата штрафаў, аплата рахункаў за харчаванне ў ізалятарах, аплата працы адвакатаў.


Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну. На судзе ніводнае хадайніцтва (аб працэсе на беларускай мове, аб зняцці кайданкоў, аб прадастаўленні часу на азнаямленнем са справай і іншыя) не было задаволена суддзёй Запаснік.

У матэрыялах справы — 284 тамы. У іх утрымліваецца шмат даных пра публічную дзейнасць праваабаронцаў, размешчаную на сайце «Вясны» і ў сацсетках, нават пасля затрымання абвінавачаных. Так, напрыклад, у матэрыялах справы маецца спіс зняволеных, якія прызнаны праваабаронцамі «Вясны» палітычнымі па стане на 3 верасня 2022 года (1322 чалавекі) — незадоўга да выстаўлення канчатковых абвінавачванняў праваабаронцам і больш як праз год пасля затрымання. Гэты пратакол агляду заняў 128 лістоў.

З матэрыялаў справы стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа пачалі праводзіць аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы ў дачыненні да праваабаронцаў яшчэ ў верасні 2020 года. Тады сілавікі пачалі праслухоўваць тэлефон кіраўніка брэсцкай філіі Уладзіміра Вялічкіна.

На судзе стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа праслухоўвалі на спатканні з жонкай у пакоі для кароткатэрміновых спатканняў у гомельскім СІЗА № 3 палітзняволенага Леаніда Судаленку. Гэта адбылося праз два месяцы пасля затрымання праваабаронцы.

 

Праваабаронцы давалі паказанні на судзе і выказваліся пра прад'яўленыя абвінавачванні. Вось што думаюць палітзняволеныя «вясноўцы».

Валянцін Стэфановіч сказаў у сваіх паказаннях:

«Дзейнасць «Вясны» легітымная і законная. Яе дзейнасць ажыццяўлялася і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Дэкларацыяй ААН аб праваабаронцах. Я яшчэ раз паўтару: кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях [артыкул 1 Дэкларацыі]. А згодна арт. 9 Дэкларацыі, чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае, у прыватнасці, права прапаноўваць і прадастаўляць прафесійную кваліфікаваную прававую дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабод. Таму я лічу, што ніякіх ліцэнзій на праваабарончую дзейнасць няма і быць не магло».

Уладзімір Лабковіч таксама падкрэсліваў легальнасць праваабарончай дзейнасці ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»:

«Як грамадскае аб'яднанне мы рабілі гэта па сваёй ініцыятыве, бо маем на гэта поўнае права. Гэты нашыя пажаданні, якія мы як грамадзяне Беларусі рэалізоўвалі, аб'яднаўшыся ў кампанію».

Алесь Бяляцкі выказаўся наконт абвінавачванняў паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса:

«Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, якая нечакана адбылася пасля траўня 2020 года, — амаральная і нечалавечая. Яна самаўпраўная, таму што гэты артыкул — ч. 2 арт. 342 КК — не змяняўся, ён быў такім доўгія гады. І раптам з траўня 2020 года яго пачалі ўжываць супраць гуманітарнай дапамогі пацярпелым людзям.

У традыцыях беларускага народа — дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе. Але калі такім чынам трактуецца Крымінальны кодэкс і ўжываецца супраць такой харататыўнай дапамогі адзін аднаму — гэта антычалавечна. Вось да траўня 2020 года чамусьці такая дапамога была магчыма, а пасля траўня — яе забаранілі».

Пад вартай праваабаронцы ўтрымліваюцца з 14 ліпеня 2021 года.