Засакрэчаныя сведкі і допыт мытнікаў. Вынікі чацвёртага і пятага пасяджэнняў па «справе Вясны»
У судзе Ленінскага раёна Мінска 11 і 12 студзеня працягнуўся суд па «справе Вясны».

Справу разглядае сумна
вядомая суддзя Марына Запаснік, а дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае
пракурор Аляксандр Кароль. Праваабаронцы распавялі, што адбывалася на чацвёртым і пятым
пасяджэннях па гучнай справе супраць праваабаронцаў «Вясны».
Чацвёртае судовае пасяджэнне: паказанні засакрэчаных сведак, хворыя праваабаронцы ў кайданках
11 студзеня суд працягнуў знаёміцца з паказаннямі сведак. Але ні адзін з іх не быў дапытаны асабіста па розных прычынах — у асноўным, таму што знаходзяцца за мяжой. На судзе зачыталі іх паказанні, дадзеныя падчас следства. Сярод іх, напрыклад, паказанні магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля.
Акрамя гэтага, суддзя знаёмілася з пратаколамі допыту двух сведак са змененымі прозвішчамі. Але Запаснік не зачытвала гэтыя паказанні ўслых «у мэтах бяспекі» гэтых засакрэчаных сведак.
Трох праваабаронцаў на судзе працягваюць утрымліваць у клетцы ў кайданках, негледзячы на іх хадайніцтвы на папярэдніх пасяджэннях зняць іх. Уладзь, якому ўчора выклікалі «хуткую» на суд, працягвае хварэць. Захварэў таксама і Алесь Бяляцкі.

Пятае судовае пасяджэнне: допыт мытнікаў і лічбы са столі
На судзе працягваюць дапытваць сведак і зачытваць іх паказанні. На першым пасяджэнні Алесь Бяляцкі заявіў, што па справе ўсяго праходзяць каля 100 сведак і было праведзена 120 ператрусаў па ўсёй краіне.
Сёння
суддзя Запаснік усё ж такі агучыла паказанні засакрэчаных сведак, адной з якіх
з'яўляецца — Карповіч. Валянцін Стэфановіч на першым пасяджэнні настойваў, што
гэта прапагандыстка «СБ» Алена Красоўская, і прасіў выдаліць яе з
залі суда. Суддзя не задаволіла хайдайніцтва праваабаронцы, бо нібыта гэта
толькі яго здагадкі. У «мэтах бяспекі» прозвічшы двух сведак у
матэрыялах справы былі змененыя.

Таксама 12
студзеня дапыталі супрацоўнікаў мытнай службы. Спецыяліст Мытнага камітэту на
судзе заявіў, што нібыта з 2011 па 2021 год у інтарэсах ПЦ «Вясна» у
Беларусь было ўвезена два мільёны долараў. Крымінальная адказнасць за ўвоз
наяўных грошай у буйным памеры без дэкларавання была ўведзена ў Беларусі толькі
ў 2016 годзе, таму ў крымінальнай справе фігуруе сума каля 250 тысяч долараў за
гэты перыяд. З паказанняў мытнікаў стала зразумела, што гэтыя сумы ім былі
прадыктаваныя іншымі структурамі. Невядома, адкуль узяліся такія лічбы і як
абвінавачванне будзе падцвярджаць іх.
Шостае
судовае пасяджэнне прызначана на 13 студзеня на 10:30.
Палітзняволеных праваабаронцаў можна падтрымаць лістамі,
пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага,
2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу,
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу