Хронікі рэпрэсій за 12 студзеня
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 12 студзеня.

Андрэй Дзмітрыеў — на Акрэсціна. Экс-кандыдата ў прэзідэнты затрымалі 11-га студзеня, абставіны затрымання і падставы пакуль невядомыя. На старонцы партыі паплечнікі са спасылкай на адваката паведамляюць, што цяпер Дзмітрыеў у ІЧУ на Акрэсціна.

Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да экс-кандыдата ў прэзідэнты Валерыя Цапкалы. Яму інкрымінаваны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Палітыка вінавацяць у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (нібыта звыш 151 тыс.. еўра), а таксама злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, закліках да захопу дзяржаўнай улады і акту тэрарызму, стварэнні экстрэмісцкага фарміравання, фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці, дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і г.д.
Яшчэ адзін працэс «спецвытворчасці» распачалі ў дачыненні да Станіслава Лупаносава. Былому афіцэру ГУБАЗіКа, які кінуў службу, эміграваў і далучыўся да каманды B*POL, інкрымінуюць тры крымінальныя артыкулы: 352 (неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй), 356 (здрада дзяржаве), 426 (перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў).

Сілавікі затрымалі прадпрымальніка Юрыя Ташнікава, які нібыта «пералічваў грашовыя сродкі фонду BYSOL». Паводле сілавікоў, супраць затрыманага распачалі крымінальную справу аб фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці (артыкул 361-2 КК).
Працягваецца суд па «справе Вясны». На судзе працягваюць дапытваць сведак і зачытваць іх паказанні. На першым пасяджэнні Алесь Бяляцкі заявіў, што па справе ўсяго праходзяць каля 100 сведак і было праведзена 120 ператрусаў па ўсёй краіне.

Былога журналіста БТ Дзмітрыя Лукшу перавялі ў магілёўскую турму. Паводле версіі абвінавачання, Лукша з лістапада 2021 па сакавік 2022 года «сістэматычна прадастаўляў замежнаму тэлеканалу за ўзнагароджанне матэрыялы пра падзеі, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь».
