Былога журналіста БТ Дзмітрыя Лукшу перавялі ў магілёўскую турму
Былога вядоўцу БТ і яго жонку абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Беларусі», а таксама ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Цяпер яго перавялі ў магілёўскую турму, паведамляюць праваабаронцы.
Палітвязню Дзмітрыю Лукшу, былому журналісту Белтэлерадыёкампаніі і пазаштатнаму карэспандэнту казахстанскага тэлеканала «Хабар 24», 2 снежня прысудзілі 4 гады калоніі, а яго жонцы Паліне Палавінцы — 2,5 гады калоніі.
Паводле версіі абвінавачання, Лукша з лістапада 2021 па сакавік 2022 года «сістэматычна прадастаўляў замежнаму тэлеканалу за ўзнагароджанне матэрыялы пра падзеі, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь». «З мэтай дыскрэдытацыі краіны з дапамогай аператара ён зняў шэраг відэасюжэтаў, што ўтрымлівалі заведама ілжывую інфармацыю, і перадаў іх згаданаму тэлеканалу», — сцвярджала абвінавачанне.
Таксама Лукшу вінавацяць у тым, што ў 2020 годзе ён, яго жонка, двое іншых абвінавачаных — Дзяніс Яроўскі і Канстанцін Ніканораў — прымалі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак у сталіцы.
Цяпер палітвязні чакаюць разгляду апеляцыйнай скаргі. Да гэтага часу кожны можа падтрымаць іх пасылкамі, медыцынскімі бандэролямі і грашовымі пераводамі.
Адрасы для падтрымкі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Паліна Аляксандраўна Палавінка, Дзяніс Мечыслававіч Яроўскі
Турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Дзмітрый Міхайлавіч Лукша