Хронікі рэпрэсій: 11 студзеня

Навіны знутры краіны за сённяшні дзень.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Сілавікі затрымалі Андрэя Дзмітрыева, аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты ў 2020 годзе. Пра гэта паведамілі некалькі яго знаёмых. Паводле інфармацыі «З*ркала», Дзмітрыеў знаходзіцца на Акрэсціна.

За зліў персанальных звестак сілавікоў мінчанку Таццяну Колас асудзілі на шэсць з паловай гадоў. 27 чэрвеня 2022 года праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што жанчына, якая працавала ў адной з дзяржаўных кампаній і мела доступ да персанальных звестак сілавікоў, нібыта прыйшла «пакаяцца» ў ГУБАЗіК самастойна. Да суда яе адпусцілі пад хатні арышт. Пазней Колас была ўключана ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

Суд у Бярозе адмяніў прысуд мінчуку за «абразу сілавікоў». Рамана Коржыка абвінавачвалі ў тым, што ён напісаў у тэлеграм-чатах абразлівыя каментары пра шасцярых супрацоўнікаў МУС з 29 кастрычніка да 7 снежня 2020 года. Як тлумачаць праваабаронцы, тэрмін даўніны па гэтай справе — два гады з моманту здзяйснення ўчынку. Гэта значыць прысуд Раману Коржыку павінен быў уступіць у сілу на працягу двух гадоў з даты напісання апошняга каментара — не пазней за 7 снежня.

Яшчэ адзін чат беларускай дыяспары прызналі «экстрэмісцкім». Згодна з рашэннем суду Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы ад 5 студзеня, інфармацыйныя прадукты тэлеграм-чата «БелП*знань Навіны + Важнае» прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына змясцілі ў карцар на 7 сутак, дзе палітвязень захварэў і быў вымушаны звярнуцца да медыкаў. Пра гэта паведаміла яго жонка Вольга: «Фельчар агледзеў Дзяніса і прыняў рашэнне перамясціць яго ў каранцін, перапыніўшы такім чынам адбыццё "пакарання" ў карцары. Прычым фізічны стан Дзяніса быў настолькі кепскім, што медык дазволіў яму ўдзень ляжаць на ложку. Сам Дзяніс казаў, што адчувае праблемы з дыханнем, магчыма гаворка ідзе пра віруснае рэспіраторнае захворванне».

Пракурор запытаў для палітвязня Юрыя Касцюка 4 гады калоніі за тое, што ён дапамагаў іншым палітвязням атрымліваць падтрымку ад фондаў салідарнасці. Яго судзяць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Восенню Юрыя таемна вывезлі з Расіі ў Беларусь. Прысуд будзе агучаны 13 студзеня.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у краіне налічваецца 1440 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1704 чалавек. Сярод іх — 197 жанчын і 6 непаўнагадовых. 14 чалавек адпраўленыя на прымусовае лячэнне.