Затрыманы Андрэй Дзмітрыеў. Ён цяпер на Акрэсціна

Увечары 11 студзеня затрыманы палітык Андрэй Дзмітрыеў. Абставіны затрымання і падставы пакуль невядомыя. Па звестках паплечнікаў палітыка, яго даставілі на Акрэсціна.

dzmitryeu.jpg

Андрэй Дзмітрыеў быў кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2020 года. ЦВК заявіла, што за яго прагаласавалі 1,21 працэнта выбарцаў. Ён таксама быў сустаршынёй ліквідаванага ўладамі грамадскага аб'яднання «Гавары праўду».

На старонцы партыі паплечнікі са спасылкай на адваката паведамляюць, што цяпер Дзмітрыеў у ІЧУ на Акрэсціна.

Яго затрымлівалі і раней — у жніўні 2021 года ў перыяд масавага нападу на прадстаўнікоў медыя і трэцяга сектара.

«Народная воля» згадвае, што экс-кандыдата ў прэзідэнты не так даўно ўзяла «пад прыцэл» праўладная актывістка і блогерка Вольга Бондарава, зварот да сілавікоў яна распаўсюдзіла праз свой тэлеграм-канал.

«Не ведаю, што за «Наша партыя» такая, але змагарствам і антыдзяржаўнымі ўстаноўкамі ад яе смярдзіць за вярсту, — пісала яна, аналізуючы паведамленні аргкамітэта па стварэнні партыі. — Першае, што кінулася ў вочы — гэта нянавісць да БРСМ і негатыўная рыторыка, якая тычыцца дзяржаўнай ідэалогіі (дзеяслоў «навязванне» кажа сам за сябе). Тое ж самае — пра патрыятызм: моладзь «прымушаюць» быць патрыётамі. Не выхоўваюць, не ўзгадоўваюць любоў да Радзімы, не — «прымушаюць»... (...) запрашаю сілавікоў бліжэй азнаёміцца з дзіўнай бчб-партыяй».

Праўда, Бондарава крытыкавала многіх, у тым ліку і высокапастаўленых персон: прэс-сакратара А. Лукашэнкі Наталлю Эйсмант, экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, кіраўніка Адміністрацыі Ігара Сергяенку і іншых, прычым не асабліва выбіраючы выразы, за што яе саму апошнім часам часцяком крытыкуюць нават журналісты афіцыйных СМІ.