Хронікі рэпрэсій. Доказ «злачынства» — фота з Хілары Клінтан, і «экстрэмісцкая» кніга пра забойства Кубэ

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 13 студзеня.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg


Праваабаронцам стала вядома, што паўтара месяца таму ў Мінску быў затрыманы Сяргей Козел. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА-1. Да затрымання Сяргей працаваў настаўнікам гісторыі ў мінскай школе №30. Мужчына скончыў гістфак БДУ і яшчэ са школьных гадоў вельмі захапляецца вывучэннем гісторыі.

* * *

З 14 снежня ў ІЧУ ўтрымліваюць жыхара Бабруйскага раёна Сяргея Герасіменю. 38-гадовага мужчыну абвінавачваюць у распальванні міжнацыянальнай варожасці за выказванні ў падтрымку ўкраінскіх вайскоўцаў. Мужчыну трымаюць у холадзе, яму не даюць матраца і падушкі.

* * *

У канцы снежня затрымалі эксперта па этыкету Аксану Зарэцкую. Па інфармацыі праваабаронцаў, культуролаг знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага. Аксана — трэнер па этыкету і бізнес-камунікацый, магістр педагогікі. Падрабязнасці і прычыны затрымання Зарэцкай пакуль не вядомыя.

* * *

КДБ перадаў у Генпракуратуру «справа ўдзельнікаў злачыннай групы, якая абвінавачваецца ў тэрарызме». У якасці абвінавачаных па крымінальнай справе праходзяць 18 чалавек: Вадзім Пракоп'еў, Дзяніс Хаміцэвіч, Ігар Чамякін, Віталь Вайцяховіч, Анастасія Вайцяховіч, Уладзіслаў Вайцяховіч, Вольга Вайцяховіч, Сяргей Лісоўскі, Аляксей Міхайлаў, Дзмітрый Неверкевіч, Эдуард Пестрак, Вольга Петух, Мікалай Рой, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Дзяніс Філончык, Павел Чыхінскі і Пётр Юркевіч.

У дачыненні да ўсіх абвінавачаных прымененая мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту (у дачыненні да Вадзіма Пракоп'ева, Дзяніса Хаміцэвіча і Ігара Чамякіна — завочна).


* * *

У «тэрарыстычны спіс» дадалі яшчэ траіх чалавек. Яго папоўнілі супрацоўнік EPAM Сяргей Кірыенка, а таксама Міхаіл Шакураў і Мікалай Амельчанка. Цяпер у ім 250 беларусаў.

* * *

Андрэя Дзмітрыева вінавацяць у «датычнасці да экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляе Следчы камітэт Беларусі.

«Падчас правядзення неадкладных следчых дзеянняў устаноўлена, што экс-палітык Андрэй Дзмітрыеў браў актыўны ўдзел у вулічных беспарадках, якія праходзілі на тэрыторыі сталіцы ў жніўні-верасні 2020 года», — адзначаецца ў паведамленні.

У ведамстве падлічылі, што ён «599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь, з іх 33 — пасля 2020 года».

«Следства мяркуе, што наяўнасць кантактаў у Дзмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сведчыць аб каардынацыі яго палітычнай дзейнасці з-за мяжы. Маецца інфармацыя, што затрыманы кантактаваў з Дзяржаўным сакратарыятам ЗША і асабіста з яго былым кіраўніком Хілары Клінтан», — заявілі ў СК і прыклалі адпаведнае фота.

dmi1.jpg


Пра тое, што Дзмітрыеў быў кандыдатам у прэзідэнты Беларусі (што і тлумачыць ягоныя замежныя паездкі і кантакты), СК, зразумела, «забыўся».

Пакуль Дзмітрыеў знаходзіцца ў статусе падазраванага па арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ён затрыманы.

* * *

Суд Ленінскага раёна Мінска прысудзіў да 15 сутак арышту жыхара сталіцы з-за шапкі з выявай герба «Пагоня». Мужчыну затрымалі ў сярэдзіне снежня. На яго склалі пратакол аб несанкцыянаваным пікетаванні.

У судзе мужчына часткова прызнаў віну: сказаў, што ён сапраўды быў у шапцы і ведаў, што «Пагоня» ставіцца да пратэстнай сімволікі, але адмаўляў, што такім чынам ён «выказваў свае грамадска-палітычныя інтарэсы».

* * *

Муж і жонка-журналісты Аляксандр Лычаўка і Сняжана Інанец асуджаныя да «хатняй хіміі». Суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў іх вінаватымі па «народным» артыкуле 342 КК (Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Паводле інфармацыі БАЖ, Сняжана Інанец асуджаная на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, а Аляксандр Лычаўка — на 3 гады. Яны вызваленыя з-пад варты.

Мужа і жонку затрымалі ў кастрычніку мінулага года.


* * *

Ютуб і тэлеграм-канал жыхара Хойнікаў Алега Казлова прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі. У сваіх каналах Казлоў дзяліўся з нешматлікімі падпісчыкамі думкамі на грамадска-палітычныя тэмы. У ютубе з пачаткам расійскай агрэсіі размясціў некалькі відэа з рухам расійскай тэхнікі.

Абнаўляць свае сеткі Алег Казлоў перастаў у верасні 2022 года. Дзе ён знаходзіцца сёння, невядома.

У тэлеграме на яго падпісаны 36 чалавек, а на ютубе — 41.

* * *


* * *

Адразу 12 кніг прызналі «экстрэмісцкімі»

У «спіс забароненай літаратуры» рашэннем суда Цэнтральнага раёну Мінска трапілі:

  • «Беларусь превыше всего! (О национальной беларуской идее)», Анатоль Тарас;
  • «Год 1942 —учебный», Уладзімір Бешанаў;
  • «Забытая Беларусь», Вадзім Дзеружынскі;
  • «Запiсы таварыства аматараў беларускай гiсторыi iмя Вацлава Ластоўскага. Выклiкi “рускага міру” i Беларусь. Выпуск. 6», Анатоль Тарас;
  • «Большая кровь: Как СССР победил в войне 1941 — 1945 гг.», Сяргей Захарэвіч;
  • «Нацыянальна-культурнае жыццё на Беларусi ў часы вайны (1941 — 1944 гг.)», Леанід Лыч;
  • «Постсоветский транзит: между демократией и диктатурой: Сборник статей», Анатоль Тарас;
  • «Праблемы гуманiтарная бяспекi Беларусi: Матэр'ялы навукова-практычнай канферэнцыi»;
  • «Тень Победы», Віктар Сувораў;
  • «Страницы прошлого: статьи по истории Беларуси», Анатоль Тарас;
  • «Трансфармацыi ментальнасцi беларусаў у XXІ ст. — Матэр'ялы навукова-практычнай канферэнцыi»;
  • «Кто, как и зачем убил Вильгельма Кубе», Алег Усачоў.