Вадзім Мажэйка: Што (не) дапаможа вызваліць палітвязняў?

Гандляваць палітвязнямі — тупіковая стратэгія, а вядзенне перамоў і аказанне ціску не супярэчаць адзін аднаму. Аналітык Вадзім Мажэйка на сайце «Наша меркаванне» вырашыў падсумаваць дыскусіі наконт стратэгій вызвалення палітвязняў.

_kaljuczka___drot___njavolja___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_2.jpg


На мяжы 2022 і 2023 гадоў актывізавалася дыскусія, як (не)правільна дамагацца вызвалення беларускіх палітвязняў, да гэтай тэмы пачынаюць падключацца новыя ініцыятывы і палітыкі. Пры гэтым ніякай гарантавана паспяховай стратэгіі вызвалення палітвязняў не існуе, а пажаданняў Лукашэнкі даўно вядомыя — і менавіта супраць іх задавальнення і змагаліся палітвязні.


Ад крытыкі да самаарганізацыі

У Беларусі, па стане на 11 студзеня, па розных падліках ад 1440 да 1707 палітвязняў. А з улікам таго, што дадзеныя праваабаронцаў няпоўныя, рэальная колькасць яшчэ вышэй. Лёс палітвязняў хвалюе самых розных актараў, ад беларускай ініцыятывы «Майстэрня паштовак салідарнасці» да еўрапейскіх палітыкаў, якія становяцца сімвалічнымі хроснымі палітвязняў (напрыклад, Штэфані Прэцыёза, дэпутатка Нацыянальнага савета Швейцарыі — такая хросная маёй калегі Валерыі Касцюговай). Але, вядома, больш за ўсё лёс палітвязняў хвалюе іх саміх, а таксама іх родных і блізкіх. Якія 10 студзеня 2023 года і абвясцілі аб стварэнні «Аб'яднання сваякоў і колішніх палітвязняў» (АСКП).

АСКП заяўляе, што «для вызвалення нашых блізкіх сёння робіцца недастаткова» (не ўдакладняючы, кім), і заклікае «лідараў вольнага свету да больш рашучых дзеянняў па вызваленні палітвязняў, якія ўключаюць у сябе перагаворныя працэсы, намаганні як публічнага, так і непублічнага характару». Сярод актывістаў АСКП — Таццяна Хоміч, Святлана Мацкевіч, Ігар Ільяш, Дар'я Чульцова і іншыя.

Стварэнне АСКП можна толькі вітаць. Гэта прыклад калектыўнага дзеяння, праява суб'ектнасці і самаарганізацыі, дзеля відавочна добрай мэты. Такая актыўнасць апрыёры больш прадуктыўная за голую канстатацыю праблемы, як і проста абвінавачванні каго-небудзь у тым, што яны робяць для вызвалення палітвязняў недастаткова і / або дзейнічаюць няправільна.

Крытыка сама па сабе нармальная і карысная, асабліва калі гаворка ідзе аб зваротнай сувязі для палітыкаў. Але гатоўнасць браць ініцыятыву ў свае рукі, аб'ядноўваючыся з аднадумцамі, куды бліжэй да лепшых беларускіх практык 2020 года. Актывісты АСКП заяўляюць, што «гатовыя браць актыўны ўдзел у распрацоўцы новых падыходаў, тактыкі і стратэгіі» вызвалення палітвязняў.


Саджае Лукашэнка, а не выпускае Ціханоўская

АСКП паўстала пасля актывізацыі ў снежні 2022 года дыскусіі аб змене падыходаў да таго, як дамагацца вызвалення палітвязняў. 7 снежня пра гэта казаў Аляксандр Лойка, муж палітзняволенай журналісткі Ірыны Слаўнікавай, цяпер таксама актывіст АСКП. 23 снежня гэтую ж тэму падняў Іван Краўцоў, прадстаўнік каманды Віктара Бабарыкі. Агульны пасыл у тым, што офіс Святланы Ціханоўскай (ОСЦ) павінен заняць менш бескампрамісную пазіцыю, і дапусціць варыянт саступак рэжыму Лукашэнкі (авансам альбо постфактум) у абмен на вызваленне палітвязняў.

ОСЦ адрэагаваў на крытыку. 25 снежня Ціханоўская выступіла з заявай, дзе не пагадзілася з тым, што «Офіс сабатуе выхад палітвязняў», і пазначыла пазіцыю апанентаў як «Вы хочаце пачаць гандаль людзьмі?». А 26 снежня Ціханоўская прызначыла актывістку і былую палітвязню Вольгу Гарбунову прадстаўніцай у сацыяльных пытаннях (з акцэнтам менавіта на палітвязняў) у Аб'яднаны пераходны кабінет.

Добры бок усяго гэтага ў тым, што пытанне палітвязняў зноў гучней загучала ў грамадскай дыскусіі. Грамадства непазбежна стамляецца ад гэтай змрочнай тэмы — і проста за два з паловай гады, і на фоне вайны. Гарбунова пацвярджае, што ў фондах, якія дапамагаюць палітвязням і іх блізкім, «пасля 24 лютага зборы ўпалі ў разы».

Праблема, аднак, у тым, што ў палітычнай дыскусіі так і не прагучала нейкіх прарыўных ідэй аб тым, што ж трэба рабіць для вызвалення палітвязняў.


Без магіі і адназначнай карэляцыі

Сумная праўда ў тым, што ніякай гарантавана паспяховай стратэгіі вызвалення палітвязняў у аўтарытарных рэжымах не існуе. Адны краіны — напрыклад, Іран і КНДР, — доўгія гады жывуць пад жорсткімі санкцыямі, і там усё роўна поўна палітвязняў. Іншыя, — напрыклад, ААЭ і Азербайджан, — наадварот, маюць як добрыя палітычныя і гандлёвыя адносіны з Захадам, так і палітвязняў.

Размарозка стасункаў ЗША з Кубай спрыяла вызваленню там палітвязняў, а Турцыі саджаць новых вязняў сумлення не перашкаджае не тое што наяўнасць амбасады ЗША, а нават сяброўства ў NATO.

Сітуацыя ва ўсіх вышэйпералічаных краінах розная (і больш ці менш адрозная ад беларускай), аднак гэтыя прыклады паказваюць, што ніякай адназначнай карэляцыі паміж санкцыямі, супрацоўніцтвам і наяўнасцю палітвязняў няма.

Часам вызваліць палітвязняў дапамагае каронавірус, а часам — візіт аўтарытара на генеральную асамблею ААН (так рабіў і Іранскі лідар Хасан Раўхані, і Лукашэнка). А Гарбачоў вызваліў палітвязняў у той жа месяц, калі пасля галадоўкі памёр дысідэнт Анатоль Марчанка.

Разам з тым нескладана заўважыць, што і 2015 для Беларусі, і 1987 для СССР былі гадамі палітычнай разрадкі па цэлым шэрагу прычын, якія не залежалі ад нейкай адной падзеі, няхай гэта будзе візіт у ААН ці галадоўка палітвязня. Ва ўсіх гэтых выпадках прысутнічала камбінацыя стратэгій ціску і ўключэння, якія не супярэчаць адзін аднаму.


Чаго хоча Лукашэнка ў абмен на вызваленне палітвязняў?

Ніякага сакрэту тут няма. Прызнанне Лукашэнкі прэзідэнтам, адмену любых санкцый, рост гандлю і інвестыцый, адсутнасць дзейсных прэтэнзій да парушэнняў правоў чалавека і імітацыі электаральных працэдур. Любыя пратэсты спыніць і «Дадому! На каленях, паўзком!».

Парадокс у тым, што гэтыя жаданні ўключаюць у сябе права сілавікоў і судовай сістэмы караць любых палітычных апанентаў рэжыму — гэта значыць вырабляць новых палітвязняў. Аўтарытарная сістэма, якая не карыстаецца падтрымкай грамадства, не можа існаваць без актыўнага прымянення апарата гвалту.

Строга кажучы, тыя, хто сёння прызнаны ў Беларусі палітвязнямі, выступалі супраць менавіта гэтага. Адстойвалі ў мірным пратэсце свае галасы на выбарах і непрызнанне Лукашэнкі прэзідэнтам, змагаліся з ім.

Хоць калі б яны ставілі сабе мэтай проста не стаць палітвязнямі, то лепшай стратэгіяй было б нічога не рабіць і моўчкі сядзець дома. Як яскрава паказвае прыклад Марыі Калеснікавай, далёка не ўсе гатовыя на асабістую свабоду любой цаной.


Гандаль (не)дарэчны

Нарэшце, важна падзяліць тактычныя або нават індывідуальныя жаданні — і стратэгічныя наступствы розных падыходаў да вызвалення палітвязняў.

На асабістым, чалавечым узроўні зразумела, што за свабоду партнёра, сваяка ці сябра нічога не шкада. Калі палітвязні маглі вызваліцца пасля выплаты за сябе выкупу (у выглядзе кампенсацыі надуманай шкоды) — сваякі прадавалі кватэры, і ніхто потым пра гэта і блізка не шкадаваў.

Але калі глядзець стратэгічна, то выбудоўванне сістэмы гандлю палітвязнямі — і не важна, у абмен на які менавіта тавар, — прывядзе толькі да росту іх колькасці.

Самы вядомы прыклад — ГДР, якая гандлявала палітвязнямі да самага свайго канца, змяняючы іх як непасрэдна на валюту, так і па бартэры на прадукты. Натуральна, пры такім падыходзе палітвязні ў ГДР ніколі не маглі быць вызваленыя канчаткова. Пры гандлі палітвязнямі сістэма стымулаў выбудоўваецца такім заганным чынам, што рэпрэсіі становяцца рацыянальным спосабам папаўняць запатрабаваны на продаж рэсурс.


На вайне як на вайне

Такім чынам, пры ўсёй безумоўнай важнасці і маральнасці вызвалення палітвязняў, не ўсе сродкі для гэтага добрыя. Няма сэнсу выбудоўваць сістэму пастаяннага гандлю людзьмі, калі вызваленне адных будзе непазбежна стымуляваць рэпрэсіі ўсё новых і новых іншых.

У заявах АСКП і іншых крытыкаў цяперашніх падыходаў пастаянна мільгаюць спасылкі на досвед Украіны, якая не грэбуе весці перамовы і абменьвацца палоннымі з Расіяй. Сапраўды, можна і трэба і весці перамовы, і дамагацца вызвалення хаця б асобных палітвязняў — як гэта робяць з рэжымам Лукашэнкі ўлады і Швейцарыі, і Польшчы, і ЗША. Праўда, гаворка там ідзе ў асноўным аб грамадзянах або працаўніках арганізацый гэтых краін, і незразумела, ці магчымыя па тых жа каналах эфектыўныя перамовы аб сотнях іншых палітвязняў, ніяк з гэтымі краінамі не звязаных.

Але Украіна наўрад ці б магла разлічваць на перамогу, калі б толькі абменьвалася палоннымі, а не ваявала.

Пры ўсёй важнасці вызвалення палонных і палітвязняў, заўсёды карысна памятаць, што гэта —не галоўная мэта. А толькі частка той барацьбы, праз якую яны і апынуліся ў гэтым становішчы.

Пераклад НЧ