Валерый Карбалевіч: Калі адных палітвязняў вызваляюць, а іншых арыштоўваюць, то ў чым сэнс?
Палітолаг Валерый Карбалевіч — пра перспектыву перамоў з рэжымам па пытанні вызвалення палітвязняў.
![5242d82ccec42.jpg 5242d82ccec42.jpg](/img/v1/images/5242d82ccec42.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Былыя палітычныя зняволеныя, а таксама сваякі палітвязняў
нядаўна выступілі з публічным зваротам. Яны заявілі, што для вызвалення
палітвязняў робіцца недастаткова і заклікалі лідараў вольнага свету да больш
рашучых дзеянняў, у тым ліку дапусцілі магчымасць перамоў з рэжымам.
Святлана Ціханоўская пазней заявіла, што дэмсілы гатовы разглядаць любыя формы перамоў па ўмовах утрымання і/або вызвалення палітвязняў, у тым ліку з прадстаўнікамі рэжыму.
«Салідарнасць» спытала палітолага Валерыя
Карбалевіча, ці можа рэжым Лукашэнкі пагадзіцца на перамовы па вызваленні
палітвязняў і на якіх умовах.
— Упершыню з 2020 года сваякі палітвязняў пачалі
аб'ядноўвацца і заклікаць палітыкаў пачаць перамоўны працэс па вызваленні іх
блізкіх — у тым ліку шляхам перамоў з рэжымам. Якой можа быць рэакцыя
заходніх краін на гэты заклік?
— Складана казаць, бо ў гэтай тэме вельмі шмат розных
аспектаў, — адзначае Карбалевіч. — Заклік і заява важныя тым, што гэта
спроба актуалізаваць беларускую тэму ў міжнародным парадку дня, бо ў апошні
час яна трохі згубілася з-за вайны ва Украіне.
Калі на гэты заклік звернуць увагу заходнія палітыкі, то, у
прынцыпе, гэта добра, паколькі гэта выцягвае беларускую тэму з ценю і выводзіць
яе на больш высокі ўзровень у парадку дня ў заходняй палітыцы. У гэтым сэнсе
пазітыў, безумоўна, можа быць. Але ўзнікае шэраг праблем і пытанняў.
Перш за ўсё, што азначае сам заклік да рашучых дзеянняў? Рашучыя дзеянні — гэта ўзмацненне
санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі ці, наадварот,
спроба ісці на саступкі? Гэта важнае пытанне, ад якога многае залежыць.
![Сваякі палітвязняў звярнуліся да лідараў свету «Заклікаем да больш рашучых дзеянняў». Сваякі палітвязняў звярнуліся да міжнароднай супольнасці](/img/v1/images/politzaklyuchennyie_belarusi.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Другое пытанне, што задае эксперт, на якіх умовах будуць
праходзіць перамовы, бо Лукашэнка высуне свае.
— Гэта адмена санкцый, прызнанне яго легітымным прэзідэнтам
Беларусі. Узнікае пытанне: ці гатова беларускае дэмакратычнае грамадства
ісці на істотныя прынцыповыя каштоўнасныя саступкі? Увесь пратэст 2020 года быў
пратэстам супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і пратэстам супраць прызнання
Лукашэнкі прэзідэнтам.
Калі цяпер патрабаваць, каб у абмен на прызнанне Лукашэнкі
прэзідэнтам пачалося вызваленне палітвязняў, то гэта элемент капітуляцыі. Ці
гатова дэмакратычнае грамадства пайсці на гэта?
Магчыма, яно прыйдзе да таго, што чалавечая каштоўнасць і
гуманітарныя праблемы значна вышэй, чым палітычная барацьба. Гэта пытанне для
дыскусіі. Але трэба разумець: калі дамагацца вызвалення, то трэба ісці на
прынцыповыя саступкі.
Яшчэ адзін важны момант, як лічыць палітолаг, выяўляецца ў
наступным: вызваленне палітычных зняволеных тэарэтычна павінна было б быць
часткай павароту ўнутранай палітыкі ўлад, як гэта было ў 2008-2010 гадах,
калі пачалі размарожвацца адносіны паміж Беларуссю і Захадам.
— Гэты паварот павінен азначаць не толькі вызваленне палітвязняў, але і лібералізацыю рэжыму. Ці магчыма такое сёння? Калі гэтага не будзе, то здарыцца сітуацыя, у якой адных вызваляюць, а іншых арыштоўваюць. Тады ў чым сэнс? Толькі памяняюцца прозвішчы палітвязняў. Тым больш цяпер нямала выпадкаў, калі людзі вызваліліся з-за кратаў і за імі прыйшлі зноў.
Тут трэба ставіць пытанне аб змене трэнду ва ўнутранай
палітыцы. Зноў жа, ці гатовыя да гэтага людзі, якія прапануюць гэтую ідэю?
Калі беларускія ўлады пагодзяцца пачаць перамовы і
вызваляць палітвязняў, то тут узнікае яшчэ адно пытанне: як выбіраць, каго
трэба вызваліць і каго вызваліць у першую чаргу? Па якім прынцыпе гэта будзе
адбывацца і хто будзе выбіраць? Напэўна, будзе называць прозвішчы Захад.
Тут нялёгкае гуманітарнае пытанне і праблема. Ёсць горшыя і
лепшыя палітвязні? Маса пытанняў, на якія няма адказу.
![Чаму нельга весці перамовы з Лукашэнкам наконт палітвязняў. Пяць прычын Пяць прычын, чаму не варта напрошвацца на перамовы з Лукашэнкам аб вызваленні палітвязняў](/img/v1/images/_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Калі справа сапраўды дойдзе да перамоў паміж Захадам і
афіцыйным Мінскам, а гаворка ідзе менавіта пра гэта, то першым пунктам будуць
зусім не палітвязні, а ступень удзелу Беларусі ў вайне ва Украіне.
Менавіта гэтае пытанне хвалюе Захад, таму першым пунктам, прад'яўленым Лукашэнку, будзе вывад расійскіх войскаў з тэрыторыі
Беларусі і спыненне падтрымкі Расіі ў вайне супраць Украіны. І калі Лукашэнка
на гэта пойдзе, тады будзе абмяркоўвацца пытанне пра палітвязняў.
Пры гэтым Карбалевіч упэўнены, што рэжым Лукашэнкі можа
пагадзіцца на перамовы толькі з Захадам.
— Ні на якія перамовы з апазіцыяй улады не пойдуць, пакуль
гэты рэжым існуе ў цяперашнім выглядзе. Лукашэнка не захацеў пайсці на перамовы
ў жніўні-верасні 2020 года, калі на вуліцы стаялі сотні тысяч людзей, тым больш сёння, калі ў Беларусі цішыня, разлічваць на перамовы не варта.