«Заклікаем да больш рашучых дзеянняў». Сваякі палітвязняў звярнуліся да міжнароднай супольнасці
Сваякі палітвязняў і былых палітвязняў апублікавалі зварот да міжнароднай супольнасці, у якім заклікалі прыкласці больш намаганняў для вызвалення ахвяр рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі. Нагадаем, зараз за кратамі знаходзіцца калі 1500 палітычных зняволеных, унесеных у спісы праваабаронцаў. Прэ гэтым рэальна палітвязняў у Беларусі нашмат больш.
«Пачынаючы з 2020 года, Беларусь перажывае самыя масавыя палітычныя рэпрэсіі з моманту набыцця незалежнасці. На дадзены момант у месцах пазбаўлення волі знаходзяцца каля 1500 чалавек, прызнаных праваабаронцамі палітычнымі вязнямі. Але нават гэтая жахлівая лічба не адлюстроўвае сапраўдных маштабаў тэрору. Праваабаронцы не ў стане сабраць усю інфармацыю пра рэпрэсіі, а самі вязні і іх родныя часта асцерагаюцца расказваць пра тое, што з імі адбываецца, бо баяцца помсты з боку сілавікоў. Між тым, толькі паводле афіцыйных даных, за 2,5 гады было распачата звыш 11,5 тысяч крымінальных спраў, звязаных з палітыкай», — гаворыцца ў звароце.
Аўтары падкрэсліваюць, што ў турмах палітвязні сутыкаюцца са здзекамі, знявагамі і шантажом. Ім абмяжоўваюць перапіску, пазбаўляюць спатканняў і перадач, кідаюць у карцар. «Нашытыя на вопратку жоўтыя біркі і цяжкая прымусовая праца ў калоніях — гэткім чынам у Беларусі караюць за іншадумства і жаданне жыць у свабодным грамадстве. Кожны дзень і гадзіна, праведзеныя за кратамі — гэта катаванне для палітвязняў і іх сваякоў», — пішуць родныя палітвязняў.
«Мы са шкадаваннем вымушаны канстатаваць, што для вызвалення нашых родных сёння робіцца недастаткова. Падзеі апошніх гадоў у Беларусі часта параўноўваюць з вайной і акупацыяй. Але нават падчас вайны ў палонных ёсць магчымасць вярнуцца дадому. Перад нашымі вачыма прыклад Украіны: за час канфлікту сотні ўкраінцаў былі вызвалены з варожага палону ў выніку перамоў і абмену. Перамовы пра вызваленне палонных ніяк не ўздзейнічалі на рашучасць Украіны змагацца з агрэсарам да поўнага вызвалення ўсіх акупаваных тэрыторый — наадварот, вяртанне герояў толькі ўмацоўвае маральны дух грамадства. Мы ж у Беларусі за мінулыя 2,5 гады былі сведкамі толькі паадзінкавых выпадкаў вызвалення палітвязняў. З аднаго боку, гэта сведчыць пра тое, што цяперашнія падыходы не з’яўляюцца эфектыўнымі. Але з іншага боку, гэта даказвае, што выратаванне палонных рэжыму не з'яўляецца невыканальнай задачай», — адзначаецца ў звароце.
«Вызваленне УСІХ палітвязняў і ПОЎНАЕ спыненне рэпрэсій у Беларусі мы лічым задачай, якая не можа ставіцца пад сумневы ні пры якіх абставінах, — удакладняюць аўтары звароту. — Але спосабы дасягнення гэтай задачы могуць адрознівацца. Кожны вызвалены палітвязень — гэта ўжо маленькая перамога, якая набліжае нас да галоўнай мэты. Калі сёння ёсць магчымасць выратаваць хаця б аднаго чалавека — мы павінны гэта зрабіць. А заўтра будзем выцягваць з засценкаў тых, каго сёння вызваліць было немагчыма».
«Лёс Еўропы сёння вырашаецца на палях бітваў ва Украіне. Але супрацьстаянне расійскай агрэсіі не робіць праблему палітвязняў у Беларусі менш важнай — у абодвух выпадках гаворка ідзе пра абарону агульначалавечых каштоўнасцей. Мы заклікаем лідараў свабоднага свету да больш рашучых дзеянняў па вызваленні палітвязняў. Гэтыя дзеянні мусяць уключаць у сябе перамоўныя працэсы, намаганні як публічнага, так і непублічнага характару. Мы ў сваю чаргу гатовыя актыўна ўдзельнічаць у распрацоўцы новых падыходаў, тактыкі і стратэгіі», — падсумоўваюць аўтары звароту.
У ініцыятыўную групу па вызваленні палітвязняў уваходзяць Таццяна Хоміч (сястра Марыі Калеснікавай), Аляксандр Лойка (муж Ірыны Слаўнікавай), Святлана Мацкевіч (жонка Уладзіміра Мацкевіча).
На дадзены момант зварот падпісалі 29 чалавек, у тым ліку Ігар Ільяш (муж Кацярыны Бахвалавай), Вольга Івашына (жонка Дзяніса Івашына), Віктар Пархімчык (былы палітвязень), Дарʼя Чульцова (былая палітзняволеная), Сяргей Стальмакоў (былы палітвязень), Вадзім Хіжнякоў (былы палітвязень), Галіна Антончык (дачка палітвязня Рыгора Кастусёва), Яна Кавалёва (сястра палітвязня Ільі Верамеева), Анатоль Панькоўскі (муж Валерыі Касцюговай), Надзея Лучанок (дачка палітвязня Уладзіміра Мацкевіча), Ігар Юрчык (сын палітвязня Аляксандра Юрчыка).