Хронікі рэпрэсій за 9 студзеня

Расказваем, што адбылося за сённяшні дзень унутры Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Сёння раніцай у Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд «справы TUT.BY». Судзяць былую гендырэктарку кампаніі Людмілу Чэкіну і былую галоўную рэдактарку партала Марыну Золатаву. Суд праходзіць у закрытым рэжыме. Трох іншых фігурантак справы — Вольгу Лойка, Алену Талкачову і Кацярыну Ткачэнка — сілавікі аб'явілі ў вышук. 

Палітзняволеная Марыя Калеснікава, якая ў снежні пасля ШІЗА трапіла ў рэанімацыю, перад Новым годам напісала ліст бацьку. У ім яна паведамляе, што пачала ўжо хадзіць і настроеная пазітыўна і аптымістычна. Гэта першы яе ліст бацьку за апошнія паўтара месяца. 

За падтрымку Украіны ў сацсетках затрымалі намесніка гендырэктара «Беларуснафты» Сяргея Патупчыка. Вядома, што гэта сын былога міністра энергетыкі Уладзіміра Патупчыка. За фразу «F...ck war, Kiev is in my heart» па яго прыйшлі амаль перад самым Новым годам. Тады ж сілавікі забралі і іншых, больш дробных мэнэджараў прадпрыемства з Гомеля і Рэчыцы. 

Стала вядома, што затрымалі аднаго з пачынальнікаў беларускамоўнага ЖЧ (LiveJournal) Івана Марозава. Мужчыну інкрымінуюць удзел у пратэстах у 2020 годзе. З ім знялі «пакаяльнае відэа». 

Справу Паўла Белавуса, заснавальніка крамы «Symbal.by», неўзабаве перададуць у суд. Паводле версіі сілавікоў, ён «кіраваў экстрэмісцкім фарміраваннем "Беларуская Р*да культуры"». Грамадскую і культурніцкую дзейнасць Паўла следчыя расцанілі як «10-гадовую падрыхтоўку да змены дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Яго абвінавачваюць і ў тым, што ён у сетках «распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму» і атрымліваў грошы на свае праекты з-за мяжы.

Зявілася новая інфармацыя пра прысуд «чыгуначнаму партызану» Віталю Мельніку: яго прысудзілі 13 гадоў калоніі асаблівага рэжыму за тое, што ён падпаліў блок-рэле аўтаматычнай блакіроўкі святлафора, у выніку чаго прылады і элементы прыйшлі ў непрыдатнасць. Гэта нібыта прывяло да затрымкі 22 грузавых і 17 пасажырскіх цягнікоў. раней паведамлялася, што Мельніку прысудзілі 16 гадоў зняволення.

Вайсковага аналітыка Ягора Лебядка перавялі ў баранавіцкі СІЗА, паведамляюць праваабаронцы. 23 снежня мінулага года палітвязню суддзя Алена Міснік прызначыла 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Лебядка абвінавацілі і прызналі вінаватым паводле ч. 1 і ч.2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

У Мінску ГУБАЗіК схапіў студэнта гістфака БДУ Аляксея Рамановіча. Хлопца абвінавачваюць у тым, што ён «заклікаў да беспарадкаў» у 2020-м годзе. На той момант Аляксею было 15 гадоў. Сілавікі кажуць, што хлопец «атрымае штраф і пойдзе на волю».