Марыя Калеснікава: Я маю намер быць здаровай!

Марыя Калеснікава год як знаходзіцца ў калоніі. Яна здолела даслаць на волю ліст да бацькі, які пісала 27 снежня.

zanoczy_marsz_fota_dzmitryja_dzmitryeva__33__logo_3.jpg

Роўна год таму, у ноч з 8 на 9 студзеня, Марыю Калеснікаву этапавалі з СІЗА ў гомельскую жаночую калонію.

Роўна 28 месяцаў Маша Калеснікава знаходзіцца ў зняволенні:

- 4 месяцы ў жодзінскай турме,

- 1 год у СІЗА на Валадарскага-9 месяцаў у адзіночнай камеры,

- 1 год у Гомельскай жаночай калоніі.

За апошнія 1,5 месяца — ШЫЗА, рэанімацыя, медсанчастка на тэрыторыі гомельскай калоніі.

Маша ўсё яшчэ знаходзіцца ў санчастцы. Вось што яна піша:

«З'явілася магчымасць хадзіць-шпацыраваць каля гадзіны на дзень. Я паволі нарошчваю тэмп і колькасць крокаў — сёння 5000, гэта сапраўдны рэкорд для мяне, бо з 29.11 да апошняга тыдня я амаль не рухалася.

У мяне яшчэ не ўсё ў парадку, але я настроеная пазітыўна і аптымістычна і маю намер быць здаровай!  Таму рыхтуйся: твае дранікі і шашлыкі ў мяне нумар 1 у будучыні меню.

Усім нашым родным і блізкім перадавай найвелізарнейшыя прывітанні і віншаванні з усімі святамі — я ўсіх вельмі люблю і ўсім удзячная за любоў, падтрымку і клопат!

Калі ласка, беражыце сябе, а ты, тата, асабліва! Бо нам трэба будзе так шмат усяго зрабіць, павандраваць і ўбачыць, і столькі адкрыццяў нас яшчэ чакае!

Вельмі цябе люблю і моцна-моцна сумую!

Я заўсёды думаю пра вас з Таняй, гэтыя думкі мяне саграваюць і я нават часам забываю, дзе я знаходжуся! Таму я заўсёды побач!

Люблю і моцна абдымаю! Усё будзе добра!

Твая дачка».


Нагадаем, 28 лістапада ў Гомельскай калоніі Марыі Калеснікавай вынеслі чарговае пакаранне — яшчэ 10 сутак ШІЗА. Адваката да яе не пусцілі.

Пасля абеду ў гэты дзень у Марыі Калеснікавай самаадчуванне значна пагоршылася, пачаўся крызіс: да праблем з ціскам, млоснасці і перыядычных стратаў прытомнасці дадаўся жахлівы боль у страўніку, Марыя літаральна падала. Яе перавялі ў медыцынскі стацыянар, а ўвечары брыгада хуткай дапамогі экстранна даставіла Марыю ў бальніцу.

5 снежня Аляксандру Калеснікаву дазволілі сустрэцца з дачкой на 10 хвілін. Дзякуючы гэтай кароткай сустрэчы стаў вядомы дакладны дыягназ Марыі і пра тое, што яе ўжо перавялі са шпіталя ў медыцынскі стацыянар у калоніі. Яна таксама распавяла пра аперацыю і падзякавала лекарам за тое, што ўратавалі ёй жыццё.

Днямі стала вядома, што Марыю да гэтага часу не перавялі ў атрад. Стан яе здароўя далёкі ад добрага, «Калеснікава ляжыць у лякарні, стан яе не вельмі добры, зусім худая», — распавялі пра Марыю праваабаронцам абазнаныя крыніцы.