«Аказаў падтрымку прыхільнікам прававога нігілізму». Паглядзіце, за што будуць судзіць адваката
Стала вядома, за што будуць судзіць палітзняволенага адваката Аляксандра Данілевіча. Пра гэта распавялі ў Следчым камітэце. Як і ў выпадку з заснавальнікам крамы Symbal.by Паўлам Белавусам, месцамі фармулёўкі вельмі нагадваюць сталінскія.

Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволенага адваката Аляксандра Данілевіча
Як адзначаюць у СК, у ходзе расследавання «ўстаноўлена, што, нягледзячы на наяўнасць вышэйшай юрыдычнай адукацыі і практыкі ў прававой сферы, «адвакат» (двукоссе выкарыстана ў прэс-рэлізе СК — НЧ.) вырашыў аказаць падтрымку экстрэмістам і прыхільнікам прававога нігілізму. Ён актыўна садзейнічаў працэсам фарміравання публічных заклікаў экстрэмістаў да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Каб дэстабілізаваць эканамічную абстаноўку, абвінавачаны займаўся дыскрэдытацыяй айчынных прадпрыемстваў перад замежнымі партнёрамі».
У якасці аднаго з прыкладаў «экстрэмісцкай» дзейнасці ведамства прыводзіць падрыхтоўку Аляксандрам Данілевічам «лістоў і дакументаў на адрас нарвежскай кампаніі «Yara». Нагадаем, «Yara» — былы контрагент «Беларуськалія», які набываў калійныя ўгнаенні, нягледзячы на заклікі беларускага дэмакратычнага грамадства прыпыніць супрацоўніцтва з прадпрыемствам.

Дзеянні Аляксандра Данілевіча ў выніку кваліфікаваны па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: ч.6 арт. 16 і ч.3 арт. 361 («Дапамога ў закліках да мер абмежавальнага характару»), ч.1 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Матэрыялы
перададзены пракурору для накіравання ў суд.
