Валанцёр Ілля Міронаў хадайнічае аб адкрыцці крымінальнай справы на начальніка гомельскага ІЧУ

Валанцёр Ілля Міронаў просіць адкрыць крымінальную справу ў дачыненні да начальніка гомельскага ізалятара часовага ўтрымання Баравых. Ілля накіраваў адпаведную заяву ў Следчы камітэт, піша «Штодзень».

mironau_illia.jpg

На думку валанцёра, начальнік ІЧУ парушыў два артыкулы Крымінальнага кодэкса — «злоўжыванне ўладай» (ч. 2 арт. 424) і «перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў» (ч. 3 арт. 426). Ілля Міронаў падрабязна распавядае пра парушэнні сваіх правоў у ізалятары часовага ўтрымання, дзе ён знаходзіўся з 8 па 20 снежня.

«Было парушана маё права на гуманнае абыходжанне і павагу чалавечай годнасці. Бо мне не прадаставілі матрац і бялізну, чыстую вопратку і прадметы гігіены. Я быў пазбаўлены сну і адпачынку. Мяне спецыяльна будзілі ноччу і не давалі прылегчы ўдзень. Для запалохвання ў адносінах да мяне незаконна выкарыстоўвалі кайданкі. Ежа, якую мне давалі, была агіднай, прызначанай хутчэй для харчавання жывёл, чым для людзей. Без нармальнага харчавання, сну, адпачынку, вопраткі, прадметаў гігіены, ва ўмовах стрэсу я знаходзіўся 12 дзён», — адзначае Ілля Міронаў у заяве, накіраванай у Следчы камітэт.

Былы палітвязень Ілля Міронаў вядомы тым, што напісаў некалькі тысяч лістоў палітвязням. Яго затрымалі 30 верасня 2021 года па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і айцішніка Андрэя Зельцэра.

Суд адбыўся 24 кастрычніка. Іллю Міронава асудзілі на 1,5 года папраўчай калоніі і 200 базавых велічынь штрафу. Але паколькі Ілля Міронаў больш за год знаходзіўся ў СІЗА, яго пастанавілі вызваліць у зале суда.

Пасля вызвалення валанцёра яшчэ двойчы арыштоўвалі на «суткі» паводле адміністрацыйных абвінавачванняў.

Пасля выбараў 2020 года і гвалту сілавікоў шмат беларусаў звярталіся ў СК з хадайніцтвамі ад расследаванні фактаў прымянення сілы і катаванняў. Аднак не было заведзена ніводнай справы.