«Жыла са штучным сардэчным клапанам». Стала вядома, як у гомельскай ПК-4 памерла асуджаная
У канцы 2022-га праваабаронцы паведамілі, што ў Гомельскай папраўчай калоніі № 4 памерла асуджаная.
Як расказаў «Л*стэрку» знаёмы з сітуацыяй, жанчыну звалі Вольга і ў лістападзе ёй споўнілася 40 гадоў. У калонію Вольга трапіла за даванне хабару: суд прызначыў ёй 2,5 года агульнага рэжыму. Яшчэ на судзе жанчына і адвакат прасілі не адпраўляць яе ў калонію: Вольга жыла са штучным клапанам у сэрцы, і калонія магла моцна пагоршыць яе здароўе. «Але да іх ніхто не прыслухаўся», — кажа знаёмы загінулай жанчыны.
Вольгу (імя змененае) пахавалі 23 снежня ў Салігорскім раёне, дзе яна жыла
да калоніі. На пахаванні была
яе дачка-студэнтка, родныя, сябры… Яе мужа, які знаходзіцца ў СІЗА Магілёва,
развітацца з жонкай не адпусцілі.
— Ведаю,
сяброўкі тэлефанавалі ў ДВП (Дэпартамент выканання пакаранняў),
прасілі дазволіць яму пабыць на развітанні, але дзяжурны адказаў: «Вы ж
разумееце, яго ніхто не адпусціць». Ён прапанаваў асабіста прыехаць да
начальніка на прыём, — расказвае той самы знаёмы, Аляксей. — Але зразумела,
што, калі трэба рыхтавацца да пахавання, ніхто не паедзе 200 кіламетраў, каб,
хутчэй за ўсё, зноў пачуць адмову.
Паводле
знаёмага, праблемы са здароўем, а дакладней з сэрцам, у Вольгі з дзяцінства.
Гадоў дзесяць таму яе прааперавалі і замянілі сардэчны клапан. Нягледзячы на
гэта, жанчына была вельмі жыццярадасным чалавекам.
— Ёй далі
групу інваліднасці, і яна ўвесь час ездзіла на кансультацыі да кардыяхірурга, —
апісвае сітуацыю суразмоўца. — Акрамя таго, ёй трэба было пастаянна прымаць
прэпарат для разрэджвання крыві і сачыць за МНА — гэты паказчык адказвае за
згушчальнасць крыві. Калі ён высокі, то можа здарыцца крывацёк. Калі нізкі, у
крыві ўтвараюцца тромбы.
Аляксей
кажа, што раз, а часам і двойчы на тыдзень Вольга здавала аналізы, каб сачыць,
у якім стане яе кроў:
— Аналіз
яна звычайна рабіла раніцай, а гадзін да 12-ці ўжо быў гатовы вынік. Зыходзячы
з гэтага яна разумела, колькі таблетак трэба прымаць. Дарэчы, пасля аперацыі
Вольга так часта бывала ў паліклініцы, што ў нейкі момант, каб яна не марнавала
час, медсястра з участка сама пачала ёй тэлефанаваць і гаварыць вынікі. Калі
Воля трапіла ў СІЗА ў Жодзіне, звесткі ёй часам паведамлялі тыдні праз два,
калі ў іх ужо не было ніякага сэнсу.
«З'явіўся
знаёмы і прапанаваў дапамагчы з закрыццём справы»
Вольга і яе сям’я жылі ва ўласным доме ў адной з вёсак Салігорскага раёна. Вольга працавала выхавальніцай у дзіцячым садку, а яе муж Юрый узначальваў эксперыментальную базу ў мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі.
— Увосень
2021-га ён прывёз сабе на ўчастак куб або два бетону, які нібыта быў выпісаны
на базу. Як расказвала мне Воля, ён хацеў нешта зрабіць каля куратніка, —
успамінае знаёмы. — Праз нейкі час Юрыю прапанавалі пасаду ў адным з СВК. Ён
пагадзіўся, але яго прызначэнне спадабалася не ўсім, і пачалося цкаванне. Тады
ж і высветлілася сітуацыя з бетонам. Юра сказаў, што гатовы ўсё аплаціць, гэта
было 1200 беларускіх рублёў, але справу ўжо завялі.
Ішоў час,
справа заставалася адкрытай, але гісторыя заціхла. Аляксей кажа, што ў нейкі
момант з’явіўся былы калега Юрыя і прапанаваў дапамогу з закрыццём справы,
— За
дапамогу ён папрасіў дзве тысячы долараў. Воля яму дала гэтыя грошы. Час ішоў,
але нічога не мянялася, — тлумачыць наш суразмоўца. — Потым ён прыехаў да Волі
зноў і паведаміў, што трэба яшчэ пяць тысяч. Яна патэлефанавала мужу, ён сказаў
нічога не даваць, але знаёмы настолькі пераканаў Волю, што яна набрала маме і папрасіла
прывезці ёй гэтую суму. Затым Воля з гэтым мужчынам паехалі ў Мінск па нейкім
адрасе. Вольга засталася ў машыне, а знаёмы кудысьці пайшоў, нібыта перадаваць
грошы. Пазней на судзе гэты чалавек заявіў, што нікому нічога не даваў, а
проста падманваў, каб выцягнуць у сям'і грошы.
Пасля той
паездкі, кажа Аляксей, знаёмы знік, а сітуацыя з крымінальнай справай Юрыя так
і не змянілася. У снежні 2021-га мужа і жонку забралі ў ДФР.
— Волю
дапытвалі некалькі гадзін. Не выпускалі ні ў туалет, ні лекі выпіць, хоць яна
сардэчніца і прымаць таблеткі ёй трэба па раскладзе, — не хавае эмоцый мужчына.
— Той дзень скончыўся тым, што Волю адпусцілі, а Юру павезлі ў ІЧУ. Яна паспела
толькі з’ездзіць дадому, каб прывезці яму таблеткі, таму што ў яго праблемы з
ціскам. З таго часу ён за кратамі. У канцы восені яго судзілі і далі тры з
паловай гады.
«На судзе
агучвалі яе праблемы са здароўем, паказвалі ўсе даведкі і выпіскі»
Як кажа суразмоўца, Вольга спачатку была сведкай па справе, а пазней ператварылася ў абвінавачаную. Наколькі вядома мужчыну, хтосьці з сяброў напісаў заяву пра паручальніцтва, што дазволіла Вользе да прысуду быць дома.
Суд над
жанчынай пачаўся ў жніўні 2022-га. Яе абвінавачвалі па ч. 1 і ч. 2 арт. 431
(даванне хабару і даванне хабару паўторна або ў буйным памеры). Прысуд — два з
паловай гады калоніі агульнага рэжыму і штраф.
— На судзе
агучвалі яе праблемы са здароўем, паказвалі ўсе даведкі і выпіскі. Нягледзячы
на гэта, пасля прысуду яе адправілі ў Салігорскі ІЧУ, а потым у СІЗА ў Жодзіна.
Там яна знаходзілася тры месяцы, пакуль не прайшла апеляцыя, — кажа знаёмы. — У
адным з лістоў Воля напісала, што неяк адчула сябе кепска. Сукамерніцы
паклікалі доктара. Калі медык прыйшла, ёй паведамілі, што Волі нядобра, яна
ледзь не траціць прытомнасць. Медык на гэта адказала: «Вось калі страціць
прытомнасць, тады мяне паклічаце». Калі родныя пра гэта даведаліся, адвакат
паехаў да начальніка СІЗА на размову, пасля чаго яны заварушыліся. Пачалі браць
у яе аналізы, хоць і нерэгулярна. Увогуле, сітуацыя змянілася ў лепшы бок.
Паводле
Аляксея, за час у СІЗА ў Вольгі раз ці два здараліся невялікія крывацёкі, але
шпіталізацыя ёй не патрабавалася.
— Асаблівай
магчымасці кантраляваць здароўе ў ізалятары ў Вольгі не было, але, паколькі яна
шмат гадоў піла разрэджвальны прэпарат, доктарка навучыла яе падбіраць
патрэбную дозу лекаў, — апісвае сітуацыю суразмоўца. — Звычайна яна прымала
2−2,5 таблеткі. Гэта дапамагала падтрымліваць МНА ў роўным стане. Здараліся і
збоі. У нейкі перыяд у яе па руках і нагах пайшлі плямы, як маленькія сінячкі,
— сведчанне, што пачынаецца непарадак з крывёй. Яна паказвала іх доктарцы, але
тая нічым не дапамагла. У адным з лістоў Вольга расказвала, што, калі сітуацыя
не зменіцца, яна плануе запісацца на прыём да начальніка СІЗА.
«Калі яе
родныя патэлефанавалі ў абласную бальніцу, ім паведамілі, што Волю прывезлі ў
цяжкім стане»
Апеляцыя па справе Вольгі прайшла ў канцы верасня. Доктарка, якая аперыравала Вольгу, у суд прыехаць не змагла.
— Але яна
напісала ліст, у якім адзначыла, што з такім дыягназам, як у Волі, ёй нельга
знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. Гэта можа прывесці да смерці, — адзначае
Аляксей. — Яе мама і адвакат таксама пра гэта казалі. Вольга гатовая была
панесці пакаранне, але не тое, якое б спрыяла пагаршэнню яе здароўя.
Аднак
Мінскі абласны суд не змяніў рашэння Салігорскага раённага суда. У сярэдзіне
кастрычніка 2022-га жанчыну этапавалі ў Магілёў, а потым у Гомель.
— Лекі,
якія Воля прымала, ёсць беларускай і заходняй вытворчасці. Нашыя не
падыходзіла, таму сваякі перадавалі ёй замежныя. Па прыездзе ў Гомель яе
адправілі на каранцін і забралі лекі. Пачалі выдаваць айчынны аналаг і свае
мачагонныя. Гэта доўжылася пяць дзён, — расказвае знаёмы. — Мабыць, праз гэта, а
яшчэ пасля цяжкай дарогі і перажыванняў у яе моцна зацяклі ногі. Яна пісала: «У
мяне такое пачуццё, што хутка разарвецца скура». Пазней яна сустрэлася з
мясцовым доктарам, прэпараты вярнулі, і ёй палягчэла.
Свае 40
гадоў Вольга адсвяткавала ў калоніі. Паволі яна адаптавалася да ўмоваў. Жыццё,
здавалася, пайшло сваім ходам, але ў канцы лістапада ад яе перасталі прыходзіць
лісты. Родныя расхваляваліся.
— Потым яна
напісала, што ў яе адкрыўся моцны крывацёк, і яе шпіталізавалі ў рэанімацыю
Гомельскай гарадской бальніцы, — успамінае суразмоўца. — Там яна прабыла з 23
па 28 лістапада. За ўвесь гэты час, наколькі мне вядома, нікому з родных нават
не паведамілі, што Воля ў бальніцы. Пасля выпіскі яе перавялі ў санчастку
калоніі. Наколькі я ведаю, гомельскія дактары не хацелі выпісваць яе так хутка,
але на гэтым настаяла калонія. Нібыта яны тлумачылі гэта тым, што ў іх няма
магчымасці ажыццяўляць у бальніцы належны нагляд.
Са словаў
суразмоўцы, у санчастцы Вользе стала лепш. У лістах гэтага перыяду яна
расказвала, што «справы больш-менш нармальна, здароўе як звычайна». Ёй далі
працу па сілах — яна вязала вяхоткі.
— Доктар,
які яе вёў, расказваў блізкім, што тады Воля выглядала вельмі пазітыўнай і дзён
праз пяць-дзесяць яе б выпісалі, — кажа знаёмы. — Наколькі ведаю, у калоніі
аналізы ў яе бралі, але як часта, я не ў курсе. Чуў, у апошнім лісце яна
напісала, што МНА ў крыві амаль у два разы вышэйшы за норму.
Паводле
словаў знаёмага, у ноч на 17 снежня Вольгу даставілі ў рэанімацыю Гомельскай
абласной бальніцы. Што здарылася, «родным пра гэта ніхто не кажа».
— Доктар,
які яе лячыў, тады не працаваў. Ужо потым ён паглядзеў па картцы, што ў той
дзень ёй прызначылі нейкую кропельніцу. Мабыць, медыкі калоніі спрабавалі
дапамагчы сваімі сіламі, але не справіліся, — працягвае Аляксей. — Калі пазней
родныя патэлефанавалі ў абласную бальніцу, ім паведамілі, што Волю прывезлі ў
цяжкім стане, быў страчаны час. Памерла яна 21 снежня. Наколькі мне вядома,
здарыўся інсульт. Да гэтага званка калонія, зноў жа, не паведаміла родным, што
Воля ў бальніцы ў цяжкім стане.
Аляксей
кажа, што цяпер родныя памерлай хочуць, каб кампетэнтныя органы разабраліся ў
сітуацыі:
— Яны ўпэўненыя, што пакаранне Вользе вынеслі няправільнае. Калі б далі «хатнюю хімію» або ўмоўны тэрмін, яна была б жывая. Але ніхто не прыслухаўся да рэкамендацый доктара. Доктар з калоніі сказаў родным, што яны з калегамі здзівіліся Волінаму дыягназу. Сказаў, такіх людзей да іх дастаўлялі адзінкі. Ды і артыкулы ў іх былі сур'ёзнейшыя. У іх, казаў, няма дастатковых медыцынскіх умоваў, каб назіраць такіх зняволеных.