Крыніцы: Янчэўскі прыдумаў, як абіраць айцішнікаў. КДБ пачаў кампанію супраць рэзідэнтаў ПВТ за данаты 2020-га

У ІТ-кампаніі — рэзідэнты Парку высокіх тэхналогій — даслалі спісы супрацоўнікаў, якія данацілі ў фонды салідарнасці, у прыватнасці ў «BySol», паведамляе dev.by са спасылкай на дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы ў буйной кампаніі.

e2c42f0a524556d387b026c945cd9f81.jpg

Са слоў суразмоўцаў, спісы даслалі з адміністрацыі ПВТ, якую ўзначальвае лукашэнкаўскі назначэнец Усевалад Янчэўскі.

«Толькі з нашай кампаніі ў гэтым спісе апынулася некалькі сотняў чалавек. Кіраўніцтву прапанавана правесці з усімі работнікамі са спісу асабістую гутарку і прапанаваць ім пагутарыць з прадстаўнікамі спецслужбаў. Потым заданаціць у 10 разоў больш у фонд, які назавуць. У гэтым выпадку абяцаюць не пачынаць крымінальны пераслед», — распавёў адзін з суразмоўцаў.

Паводле слоў крыніцы, па выніку гутаркі кампанія павінна паведаміць, ці пойдзе супрацоўнік на сустрэчу. Крыніца кажа, што некаторыя работнікі пагадзіліся пагутарыць са спецслужбамі, некаторыя яшчэ думаюць.

Як стала вядома «Н*шай Ніве», КДБ адпрацавала тыя даныя аб данатах у фонд «B*SOL», што рабіліся ў 2020-2021 гадах. Гаворка пра пераводы з беларускіх карт, калі фонд яшчэ не быў прызнаны лукашэнкаўцамі «экстрэмісцкім». Наданне законам «зваротнай сілы» стала ў Беларусі сістэмай.

Апошнія тыдні ў ІТ-кампаніі сталі прыходзіць лісты з Камітэта дзяржаўнай бяспекі са спісамі супрацоўнікаў, якія ў 2020-2021-м рабілі пераводы ў фонд беларускай салідарнасці «B*SOL», што дапамагае ахвярам палітычных рэпрэсій.

«Натуральна, большасць пераводаў была ад тых, хто мог сабе дазволіць траціць грошы на дапамогу — ад айцішнікаў. За фінансаванне «экстрэмісцкай дзейнасці» прадугледжваецца турэмнае зняволенне. Але кіраўнік ПВТ Усевалад Янчэўскі прыдумаў хітры ход», — расказаў чалавек з Парку высокіх тэхналогій.

«Янчэўскі дамовіўся з КДБ, што садзіць людзей не будуць, таму што сфера і так перажыла шмат шокаў за апошнія два гады і страціла вядучыя кампаніі і кадры. Калі ж тысячы людзей — а данацілі дзясяткі тысяч людзей — будуць ведаць, што над імі вісіць меч пасадкі за данат, то здарыцца чарговая хваля міграцыі. Янчэўскі прыдумаў схему, якая спадабалася наверсе», — дадае суразмоўца.

Лукашэнкаўцы цяпер рассылаюць па ІТ-прадпрыемствах спісы супрацоўнікаў і прымушаюць іх, «каб пазбегнуць далейшых праблем», перавесці суму даната ў дзесяцікратным памеры на ўказаны рахунак.

Што будзе з тымі, хто адмовіцца плаціць па мульціплікатары, невядома.

Частку з тых, хто ахвяраваў, выклікаюць на размовы ў КДБ.

«Лічыцца, што правільная тактыка тут — прыкідвацца дурачком і казаць, што быў не ў курсе пра «злачынную дзейнасць «Б*йсол» і «асабліва не ўчытваўся ў тое, на што просяць грошы», думаў, што ахвяруеш на дапамогу інвалідам», — кажа суразмоўца.

Лукашэнкаўцам вядомы тыя пераводы, якія рабіліся з беларускіх плацежных карт і рахункаў, калі фонд яшчэ не быў прызнаны «экстрэмісцкім». Пераводы з карт, эмітаваных замежнымі банкамі, яны бачыць не маглі.

130754700_3781924901859720_7595729411662990962_n.jpg

Фонд «Б*йсол» дапамог дзясяткам тысяч ахвяр палітычных рэпрэсій і іх сем'ям — арыштаваным і звольненым з працы. Эфектыўнасць і адвага, з якой дзейнічаў фонд, зрабіла яго адной з галоўных цэляў для лукашэнкаўскіх спецслужбаў.

Кіраўнік «B*Sol» Андрэй Стрыжак выключае ўцечку даных пра людзей, якія данацілі, з баз даных фонду. Ëн мяркуе, што гаворка пра данаты з рахункаў у беларускіх банках.

«Мы настойліва рэкамендуем пакінуць краіну тым, каго выклікаюць на «размову». Ніхто не ведае, чым яна скончыцца канкрэтна для вас», — напісаў Стрыжак у сваім тэлеграм-канале.