Вынішчаюць ушчэнт. Затрыманы адзін з найбольш вядомых беларускамоўных блогераў у «нулявыя»

Стала вядома, што затрымалі аднаго з пачынальнікаў беларускамоўнага ЖЧ (LiveJournal) Івана Марозава.

marozau_ivan.jpeg

Івану 39 гадоў, раней ён вёў блог у Livejournal пад мянушкай hondurazian. Мужчына скончыў юрфак БДУ, а пасля паехаў вучыцца на сацыёлага ў Маскву — але не скончыў. Пасля працаваў распрацоўшчыкам сайтаў, менеджарам у ІТ, таксама некалі быў прадпрымальнікам.
Таксама Іван быў актывістам розных ініцыятываў — да прыкладу, Задзіночання беларускіх студэнтаў і КХП-БНФ. У 2006 годзе яго затрымлівалі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях і прысудзілі 5 сутак арышту, у 2011-м за «маўклівыя» акцыі ён атрымаў яшчэ 10 сутак, а ў 2020 годзе адбываў арышт у Магілёве.
Пра Івана Нашай Н*ве распавёў ягоны сябра:
«Янка калісьці быў адным з пачынальнікаў беларускамоўнага ЖЖ у сярэдзіне 2000-х. Вельмі вядомы быў там персанаж.
У той час вакол ЖЖ утварылася вельмі моцнае ядро, многія людзі працягваюць камунікаваць па сёння. Янка на той момант быў заўзятым пазнякоўцам. Нейкі непрацяглы час узначальваў моладзевую фракцыю КХП-БНФ. Але потым перайшоў да больш цэнтрысцкіх пазіцый.
Янка захапляўся афлайн-квэстамі. Тады была страшна папулярная ў Мінску «Схватка», і ён пастаянны ўдзельнік быў.
Прынцыпова беларускамоўны заўсёды, але на відэа ГУБАЗіК ён размаўляе чамусьці па-руску — ці праз ціск сілавікоў, ці каб захаваць сябе. Мы шмат з кім з агульных знаёмых перапісваліся, але ніхто не ведае пакуль, калі затрымлівалі».
Мяркуючы па відэа сілавікоў, мужчыне закідаюць удзел у пратэстах у 2020 годзе. А таксама відавочна жартаўлівы каментар пра тое, што ён атакаваў бы хаймарсамі спецназ, каб яны стаялі ў яго гаражы.