Іранскі футбаліст асуджаны на 26 гадоў турмы пасля масавых пратэстаў

Раней паведамлялася, што Амір Рэза Наср Азадані атрымаў смяротны прысуд, але іранскія ўлады гэта абверглі.

iran_2_1.webp

Экс-абаронца іранскага «Трактара», які падтрымаў масавыя пратэсты ў Іране, быў абвінавачаны ў саўдзеле ў забойстве трох паліцэйскіх, а таксама ва ўдзеле ў змове з мэтай парушэння грамадскай бяспекі і сяброўстве ў незаконных групоўках.
У суме Азадані быў асуджаны на 26 гадоў, аднак паколькі лічыцца, што адбываць тэрміны ён будзе адначасова, футбаліст правядзе ў зняволенні толькі 16 гадоў — максімальны тэрмін за адно са злачынстваў, якія яму ставяцца ў віну.
Раней СМІ паведамлялі, што Амір Азадані быў прысуджаны да смяротнага пакарання, але затым улады Ірана абверглі гэтую інфармацыю.
Трое іншых іранцаў, якія нібы маюць дачыненне да забойства трох басіджы (паліцэйскіх) у горадзе Ісфахан у сярэдзіне лістапада, былі прысуджаныя да смяротнага пакарання і яшчэ адзін да двух гадоў пазбаўлення волі, паведаміла агенцтва Mizan.