10 тысяч чэкістаў. Стала вядома, колькі працуе на КДБ
У снежні 2022 года выйшаў першы нумар штоквартальнага часопіса «Разведчик», створанага па ініцыятыве савета ветэранаў Службы знешняй выведкі Расійскай Федэрацыі. У адным з артыкулаў часопіса распавядаецца пра КДБ Беларусі.
«У прафесійным асяроддзі Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь мае рэпутацыю эфектыўнага ведамства, супрацоўнікі якога паспяхова спраўляюцца з пастаўленымі задачамі і дабіваюцца высокіх вынікаў у супрацьдзеянні дэструктыўным памкненням заходніх дзяржаў.
У рамках міжнароднага супрацоўніцтва беларускія чэкісты вядуць абмен інфармацыяй па праблематыцы міжнароднага тэрарызму і арганізаванай злачыннасці з шырокім колам партнёраў — ад суседзяў па СНД да ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая. Прычым замежныя сувязі КДБ Рэспублікі Беларусь увесь час пашыраюцца: на пачатак 2022 года падтрымліваўся кантакт з 46 замежнымі спецслужбамі», — гаворыцца ў артыкуле.
У матэрыяле таксама паведамляецца, што агульная колькасць супрацоўнікаў КДБ Рэспублікі Беларусь не перавышае 10 000 чалавек. Раней даныя аб колькасці супрацоўнікаў КДБ нідзе не прыводзіліся, у артыкуле на «Вікіпедыі» напісана, што гэта засакрэчаная інфармацыя.
Маскоўскія калегі падвялі беларускіх.
У часопісе таксама расказалі аб структуры КДБ Беларусі. Паведамляецца, што асноўнымі падраздзяленнямі ведамства з'яўляюцца:
Галоўнае ўпраўленне контрвыведкі;
Галоўнае ўпраўленне знешняй выведкі;
Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з карупцыяй і аргзлачыннасцю;
Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам;
Упраўленне міжнароднага супрацоўніцтва;
тэрытарыяльныя падраздзяленні (шэсць упраўленняў па абласцях).