«Паланізацыя беларусаў». Рэжым, верагодна, ужо вырашыў адмовіцца ад лацінкі
У інтэрнэт трапіў дакумент, які сведчыць, што ўлады ўсё ж не дадуць жыць на нашых вуліцах прыгожым знакам. Ščučynščyna адмяняецца.

Выкарыстанне беларускай лацінкі для транслітарацыі нацыянальных геаграфічных назваў на вулічных паказальніках у апошнія месяцы 2022-га актыўна крытыкавалі праўладныя актывісты і блогеры, патрабуючы гэтую практыку адмяніць. Рэжым абмеркаваў праблему 8 снежня на пасяджэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы. Тады пра рашэнні нічога не паведамлялася — як быццам іх не было. Больш за тое, у той жа дзень чыноўнікі запэўнівалі, што транслітарацыя нікуды не падзенецца. Але, здаецца, гэта няпраўда.
Дакумент апублікавалі ў адным з тэлеграм-каналаў, ён уяўляе сабой дакладную запіску аб выкананні даручэння Лукашэнкі. Па словах крыніцы, аналагічныя дакументы рассылаюцца ў розныя дзяржаўныя ўстановы, у тым ліку школы, якія павінны даць справаздачу аб выкананні — гэта значыць аб «выключэнні практыкі прымянення лацінкі».
Як гаворыцца ў дакуменце, пасля пасяджэння Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры адміністрацыі Лукашэнкі яе кіраўнік Ігар Сергяенка падаў Лукашэнку дакладную запіску, дзе выклаў праблему.

Вось што адзначыў Сергяенка.
Лацінка з дыякрытычнымі (надрадковымі) знакамі выкарыстоўваецца па законе ў адпаведнасці з пастановай Дзяржкамітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2000 г. № 15 «Аб зацвярджэнні Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта»; вулічныя паказальнікі і шыльды з надпісамі на лацінцы з'явіліся ў Мінску ў асноўным у 2014 годзе перад чэмпіянатам свету па хакеі (прыводзяцца фота такіх паказальнікаў).
«Апошнім часам выкарыстанне такога напісання выклікае крытыку з боку навуковай супольнасці, патрыятычна настроеных грамадзян, грамадскіх актывістаў і блогераў».
У зваротах у дзяржорганы такія асобы канстатуюць «навязванне з дапамогай лацінізацыі беларускай мовы заходніх ліберальных каштоўнасцей і культурных традыцый», адзначаюць «складанасць успрымання» лацінкі і беларусамі, і замежнікамі, а таксама тое, што паказальнікі на лацінцы «перагружаюць гарадское асяроддзе».
Як піша далей кіраўнік адміністрацыі, на пасяджэнні ўсе ўдзельнікі, абгаварыўшы пытанне, пагадзіліся, што лацінка на паказальніках «ускладняе ўспрыманне інфармацыі і арыентаванне».

Пры гэтым у дакладной запісцы на імя Лукашэнкі было адзначана, што «ў яе аснову пакладзены польскі варыянт лацінскай графікі, які з XVI стагоддзя выкарыстоўваўся з мэтай паланізацыі беларусаў разам з навязваннем каталіцтва».

У выніку, піша Сергяенка, Савет прыняў рашэнне адмовіцца ад лацінкі.
«З улікам неабходнасці ўмацавання гісторыка-культурнай агульнасці беларускага народа, недапушчэння прасоўвання чужых пісьмовых традыцый і культурных каштоўнасцей Рэспубліканскім саветам па гістарычнай палітыцы прынята рашэнне рэкамендаваць мясцовым органам улады выключыць практыку прымянення лацінкі ў найменнях вуліц і іншых тапаграфічных аб'ектаў і паступова пакінуць толькі дзяржаўныя мовы», — гаворыцца ў дакуменце.
Дакладная запіска Сергяенкі датуецца 14 снежня. Мяркуючы па апублікаваным дакуменце, пасля атрымання гэтай запіскі, 16 снежня, Лукашэнка падпісаў даручэнне № 10/87, якое прадпісвае дзяржорганам выключыць прымяненне лацінкі. І дзяржорганы прынялі гэтае даручэнне да выканання.

Дарэчы, арыгінальную Інструкцыю па транслітарацыі геаграфічных назваў, тую самую пастанову Дзяржкамітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2000 г. № 15, зараз практычна немагчыма знайсці ў адкрытым доступе ў актуальным выглядзе. З сайта Дзяржкамітэта па маёмасці, які займаецца пытаннямі картаграфіі, яна і зусім выдалена.