«F...ck war, Kiev is in my heart». За гэта затрымалі намесьніка гендырэктара «Беларуснафты»
Сяргея Патупчыка, сына былога міністра энэргетыкі Уладзімера Патупчыка, затрымалі перад навагоднім карпаратывам кампаніі. Падрабязнасьці справы.

Радыё Сваб*да даведался падрабязкі ў крыніцы:
«На "Беларуснафце" ўсе былі проста ў шокавым стане ад затрыманьня Сяргея Патупчыка. Гэта здарылася перад навагоднім карпаратывам кампаніі. Яшчэ большы шок быў ад прычыны затрыманьня — допісу ў Instagram, зробленым у лютым 2022 году. Сяргей проста напісаў тады на ангельскай мове «f...ck war, Kiev is in my heart». І больш нічога», — паведаміла крыніца.
Цяпер акаўнт Сяргея Патупчыка ў Instagram закрыты. Паводле суразмоўцы, былі затрыманыя і іншыя супрацоўнікі «Беларуснафты» з Гомля і Рэчыцы. Але ў іх выпадку «абышлося» суткамі і звальненьнем. «Патупчыку першапачаткова далі 15 сутак. Усе маўчалі, бо думалі, што яго адпусьцяць пасьля сутак. Але завялі крымінальную справу. Паводле якога артыкулу, пакуль невядома», — дадала крыніца.

Іншы суразмоўца, былы супрацоўнік «Беларуснафты», паведамляе, што Сяргея Патупчыка цанілі і паважалі на працы, бо ён быў прафэсіяналам і кампэтэнтным спэцыялістам. У ягоным профілі ў Lindkelin напісана, што топ-мэнэджэр скончыў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя П.Сухога і атрымаў ступень MBA (Master of Business Administration) у Акадэміі Леана Казьмінскага ў Варшаве.

Сяргей Патупчык
Імя Сяргея Патупчыка ўжо прыбралі з сайта «Беларуснафты».
Сяргей Патупчык займаецца трыятлёнам, у ягоных сацыяльных сетках шмат здымкаў з розных спаборніцтваў. У 2021 годзе ён атрымаў званьне «жалезнага чалавека» — удзельнічаў у спаборніцтвах «IRONSTAR SOCHI 2021». Гэта, пачынаючы са спрынту (плаваньне 750 мэтраў, роварная гонка 20 кілямэтраў, бег 5 кілямэтраў), і дыстанцыя 226 кілямэтраў (плаваньне, роварная гонка, бег).