Міхалевіч: Большасць палітвязняў, нягледзячы на звышжудасныя ўмовы, не пагодзіцца на выкуп з палону

Алесь Міхалевіч разважае, чаму палітычны пераслед у Беларусі адмоўна адбіваецца на іміджы Інтэрпола і пра тое, ці прадасць Лукашэнка палітвязняў

175917625_10159128162129861_4769992533382718247_n.jpg

У Мінску судзяць лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага і ягоных калег. Штодня паступае інфармацыя пра чарговыя затрыманні палітычных іншадумцаў. Наладжваюцца завочныя суды над тымі, хто з’ехаў з краіны. Механізм рэпрэсій працягвае сваю гвалтоўную працу.

Як на гэта рэагуе прававая сістэма цывілізаванага свету? «СН плюс» пагаварыла пра гэта з адвактам Алесем Міхалевічам, які мае шырокую адвакацкую практыку ў краінах Еўрасаюза.

Бяляцкага судзяць за дзейнасць, за якую ён уганараваны Нобелеўскай прэміяй

— У практыцы Інтэрпола і ўвогуле ў практыцы міжнародна-прававога супрацоўніцтва фактычна ўсе крымінальныя артыкулы, уведзеныя ў Крымінальны кодэкс у 2020 годзе і пазней, зрэшты, як і старыя (падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак; масавыя беспарадкі; большасць “экстрэмісцкія злачынствы”), лічацца палітычнымі. Таму фактычна на аўтамаце падача Беларуссю запытаў па гэтых артыкулах трактуюцца Інтэрполам як палітычны пераслед, і ў сваю базу гэтых людзей ён не ўключае.

Тое, за што судзяць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановімча, Уладзіміра Лабковіча, — гэта, безумоўна, палітычныя артыкулы, і сведчаць пра тое, што іх судзяць не толькі за перакананні, але і грамадскую дзейнасць. Дзейнасць Алеся Бяляцкага, за якую ён удастоены Нобелеўскай прэміі, і часткова лягла ў аснову абвінавачання.


“Выйграць экстрадыцыйны працэс па беларускім кліенту вельмі лёгка”

— Ці даводзіцца табе абараняць беларусаў, на якіх беларускія ўлады палююць з дапамогай Інтэрпола?

— Інтэрпол ад самага пачатку ставіўся да Беларусі з вялікай падазронасцю. Трэба нагадаць, што беларускія ўлады і мяне расшуквалі праз гэту арганізацыю. І гэта быў ці не апошні выпадак, калі яна дазволіла Беларусі прымяняць адносна палітычныя артыкулы.

Для падачы запытаў у Інтэрпол ёсць два шляхі.

Першы — “чырвоны цыркуляр”, які разыходзіцца па ўсіх краінах, што з’яўляюцца членамі Інтэрпола. І дзе б чалавека ні арыштавалі, Беларусь мае абавязак прасіць яе пра экстрадыцыю, што само па сабе дастаткова смешна і весела: Мінск павінен арганізаваць свой канвой, заплаціць камандзіровачныя… Ясна, што гэты варыянт не працуе.

Але ёсць другі варыянт — так званы фьюжын: выбіраецца група краінаў, у якія дасылаецца запыт. Раней Беларусь магла злоўжываць фьюжынамі і дасылаць запыты толькі ў “правільныя” краіны, у якіх ёсць верагоднасць затрымаць чалавека. Калі чалавека расшуквалі пра фьюжын, то Інтэрпол не ўмешваўся ў працэс, гэта выглядала як прамая высылка з Беларусі ў Казахстан, з Беларусі ў Турцыю.

Пасля пачатку актыўнай фазы вайны ва Украіне Інтэрпол фактычна забараніў і Расіі, і Беларусі рабіць нешта без папярэдняга прагляду; датуль, пакуль цэнтральны сакратарыят Інтэрпола не праверыць запрошанага чалавека, Беларусь нічога не мае рабіць.


Ёсць разавыя выпадкі аб’яўлення чалавека ў вышук. Напрыклад, па Уласіку: беларускія ўлады падалі яго ў вышук за нясплочаныя аліменты, але Інтэрпол тут жа выключыў з базы, як толькі мы даказалі, што рэальна гаворка ідзе пра пераслед па палітычных матывах.

Таму калі Беларусь пажадае аб’явіць у вышук некага за “экстрэмізм”, за “падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, за любы артыкул, з якога тырчаць палітычныя вушы, Інтэрпол безумоўна не ўключыць яго ў базу. Беларусь на сённяшні дзень для Інтэрпола з’яўляецца хутчэй праблемай; усе разумеюць: паколькі краіна актыўна выкарыстоўвае палітычны пераслед, супрацоўніцтва з ёй адбіваецца на іміджы самога Інтэрпола. Думаю, Інтэрполу будзе нашмат лягчэй, калі такая практыка будзе працягвацца — то бок не прымаць ад Беларусі зусім нічога.

— Іншымі словамі, усе беларусы, якія збеглі (з’ехалі) з Беларусі па палітычных матывах, выдавацца беларускім уладам не будуць?

— Ёсць краіны, якія не выдаюць такіх людзей як правіла, ёсць краіны, якія не выдаюць у прынцыпе, але ёсць у Еўрасаюзе і такія, якія могуць разглядаць запыты аб выдачы: напрыклад, Італія, тэарэтычна і Кіпр можа разглядаць. Але калі чалавек мае хоць мінімальную абарону, то выдача яму не пагражае. Адзін з аргументаў — выкарыстанне катаванняў і бесчалавечнага абыходжання ў беларускіх турмах. Унутры Еўропы, прычым не толькі ў Еўрасаюзе, але і сярод краінаў-удзельніц Рады Еўропы, куды да нядаўняга часу ўваходзіла і Расія, — гэта краіны, на якія распаўсюджваецца практыка Еўрапейскага суда па правах чалавека і юрысдыкцыя ЕСПЧ. Адным з асноўных артыкулаў і адным з асноўных правоў Еўрапейскай канвенцыі з’яўляецца права асобы на непрымяненне да яе катаванняў і бесчалавечнага абыходжання.


У сучаснай Беларусі 15 сутак арышту безумоўна з’яўляюцца і катаваннем, і бесчалавечым абыходжаннем, а ўся беларуская пенітэнцыярная сістэма, сістэма пакарання — гэта татальныя катаванні і бесчалавечае абыходжанне. Выйграць сёння экстрадыцыйны працэс па беларускім кліенту вельмі лёгка, за што і афіцыйны Мінск, і расійская пракуратура абвіначваюць Еўропу, маўляў, не дае караць злачынцаў. Каб мець магчымасць караць злачынцаў, то спачатку перастаньце прымяняць катаванні да звычайных людзей, выпусціце палітзняволеных, давайце зробім так, каб запрацавала прававая сістэма. Бо сёння людзей падвяргаюць неправавому пакаранню: адсутнасцю сну, адсутнасцю нармальнага харчавання, адсутнасцю інфармацыі. Мы ведаем, што чарговая партыя адвакатаў пазбаўленая ліцэнзій, а гэта значыць, што палітвязні пазбаўляюцца адзінага канала камунікацыі з вонкавым светам. А значыць, мы не ведаем, ці прымяняюцца ў адносінах да іх дадатковыя катаванні, у якім фізічным стане яны знаходзяцца. Ва ўсім Еўрасаюзе, нават калі мы будзем параўноўваць з самымі слабымі краінамі ЕС, напрыклад, Балгарыяй ці Румыніяй, — да людзей у турмах ставяцца намнога лепш.

У маім жыцці была цікавая гісторыя. У 2011 годзе я сядзеў у “амерыканцы”, разам са мной у камеры быў беларус і грамадзянін Афганістана. Беларус кажа: з нас тут здзекуюцца, да нас прымяняюць розныя рэчы, але ўсё ж тут лепш, чым у турме ў Талібан. На што афганец скокнуў з верхняй шконкі і адказвае: “Я был в тюрьме у Талибан, там нет всей этой модернизации (паказвае на белую пасцельку), но к людям там относятся намного лучше”.

Афганец даў добрае тлумачэнне. Каля я езджу па Еўропе, па еўрапейскіх ізалятарах, бачу, што ізалятар “Цэнтрал” у Рызе матэрыяльна не вельмі моцна адрозніваецца ў лепшы бок ад мінскай Валадаркі, але да людзей там ставяцца нашмат лепш. Абмежаванне перадач, абмежаванне пасылак у Беларусі — гэта фактычна катаванне галоднай смерцю. Мне не хочацца ўсё гэта ўзгадваць, бо сам праз усё праходзіў; праўда, як высвятляецца цяпер, у экспрэс-рэжыме — сядзеў трохі больш за месяц. А беларуская пенітэнцыярная сістэма тады — дэма-версія праграмы, дзе ўсё гэта ўжо было, і катаванні практыкаваліся на ўсю катушку. Але калі параўнаць 2011 год з 2020-м, 21-м, 22-м гадамі, то гэтая сістэма развілася ў найгоршы бок і з прыцэлам на масавае прымяненне.



Лукашэнка прадасць палітвязняў, калі атрымае выгаду

— Зараз моцна дыскутуецца пытанне пра лёс беларускіх палітвязняў. Ці можна ім неяк дапамагчы цяпер? Могуць яны спадзявацца на хуткае вызваленне ці сядзець ім да заканчэння вайны ва Украіне?

— Гэта больш пытанне палітычнае.

Але ключ ад вызвалення палітвязняў знаходзіцца ў руках афіцыйнага Мінска. Безумоўна, на гэты працэс аказваюць уплыў расійскія падзеі. Пасля таго, як Расія перастала гуляцца ў стандарты правоў чалавека, чым займалася многія гады, выкарыстоўваць Маскву для ціску на беларускі рэжым бессэнсоўна. Мы бачым, што Беларусь даўно ўжо з’яўлялася навучальным плацдармам Крамля, дзе абкатваліся “перадавыя тэхналогіі” катаванняў, ціску на грамадзянскую супольнасць, журналістаў, на палітычны, грамадскі сектар. Так што ключ безумоўна знаходзіцца ў руках афіцыйнага Мінска.

Я б ні ў якім выпадку нікога не абвінавачваў у тым, што нехта нечага не зрабіў. Зараз стала модным праводзіць аналогіі паміж Заходняй і Усходняй Нямеччынай, калі ФРГ выкупляла палітвязняў у ГДР. Мы мусім памятаць, па-першае, што гэта была адзіная краіна, адзін народ, а па-другое, спачатку ГДР прадавала ФРГ сваіх палітвязняў, а затым набірала новых вязняў. Таму мне цяжка сказаць, што то была ідэальная мадэль выкупу палітвязняў. Думаю, большасць тых, якія сядзяць сёння, нягледзячы на звышжудасныя ўмовы, не пагодзіцца на выкуп з палону. Такі метад вядзе да таго, што Лукашэнка будзе набіраць новых палітвязняў — новы матэрыял для гандлю.

Безумоўна, ключ ад вызвалення беларускіх палітвязняў знаходзіцца не на Захадзе, не ў беларускай апазіцыі, не ў беларускага ўрада ў выгнанні, не ў Офіса Ціханоўскай, а ў руках афіцыйнага Мінска.

— Дык што — трэба змірыцца з лёсам і чакаць удалага збегу абставінаў?

— Я люблю фразу пра тое, што Беларусь — краіна вялікіх магчымасцяў, гэта значыць, там можа здарыцца ўсё. Магчыма ўсё. Калі афіцыйнаму Мінску будзе выгодна (яго нават афіцыйным Мінскам называць нельга, ён ужо стаў неафіцыйным), калі Лукашэнку будзе выгодна, ён вызваліць палітвязняў.