Алесь Міхалевіч: Прававыя механізмы ў Беларусі не працуюць
Кандыдат у прэзідэнты 2010 году Алесь Міхалевіч пракаментаваў сітуацыю, што складваецца вакол банкіра, які кінуў пальчатку дзеючаму беларускаму кіраўніку.
Алесь Міхалевіч: Я не падзяляю аптымізму тых экспертаў, якія мяркуюць, што той жа Віктар Бабарыка не можа апынуцца за кратамі. Сёння сітуацыя адрозная ад той, якая была ў 2010 годзе, калі і сотні людзей, і кандыдаты ў прэзідэнты апынуліся пад крымінальнай справай.
Беларуская сістэма пабудавана такім чынам, што рашэнні прымае толькі адзін чалавек. І выключна ад яго стану і настрою будзе залежыць, што будуць рабіць з людзьмі. Прававыя механізмы ў Беларусі не працуюць.
РР: Як вам увогуле гэтая прэзідэнцкая кампанія?
Алесь Міхалевіч: Даволі цікавая і жвавая, народ абудзіўся. Бачна, што нават некаторыя прыхільнікі беларускага кіраўніка змянілі свае погляды. Сёння ў Аляксандра Лукашэнкі тыповы электарат Вячаслава Кебіча ў 1994 годзе. Астатнія падпісваюцца за новае пакаленне палітыкаў – Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Валерыя Цапкалу… Таму ўсё вельмі цікава.
РР: У 2010 годзе прэсаваць кандыдатаў пачалі ў дзень выбараў, а зараз рэпрэсіі пачаліся за два месяцы да асноўнага дня галасавання. У чым справа?
Алесь Міхалевіч: Зараз пратэстны градус зусім іншы, як іншая і эканамічная сітуацыя. Дзесяць гадоў таму быў амаль пік эканамічнага дабрабыту беларусаў, а цяпер усё нашмат горш.
Таму сілавыя структуры дзейнічаюць прэвентыўна, каб кантраляваць сітуацыю. Пабачым, ці дапаможа гэта ім.
Паводле Радыё Рацыя