Сваякі асуджаных па «справе Аўтуховіча» паведамляюць пра новую хвалю ціску на блізкіх

У гродзенскай турме асуджаным па «справе Аўтуховіча» пагражаюць карцарам, прымушаюць распранацца ў халодным памяшканні, штурхаюць і б'юць.

_124985740_281268870_4792953940832945_8952412730922562664_n_logo_1.jpg

Ужо тыдзень невядома дзе знаходзіцца баранавіцкі актывіст з інваліднасцю (няма нагі) Уладзімір Гундар.

«Уся інфармацыя пакуль толькі праз трэція рукі. Сама хачу паехаць у аўторак, каб патрапіць на спатканне... З іх усіх зараз здзекуюцца, вобшукі бясконцыя, распранаюць у халодным памяшканні, падкідваюць паперкі з надпісамі, быццам бы «малявы», — заявіла «Позірку» жонка Уладзіміра Гундара Алена.

Яго дачка Інга Стромская распавяла, што ўжо тыдзень дакладна невядома, дзе знаходзіцца бацька.

«Яго гвалтоўна вывелі з праслухоўвання аўдыяматэрыялаў паседжання, куды зараз водзяць усіх фігурантаў. У гэты момант тата паспеў крыкнуць, што яго б'юць там. Пасля гэтага ў калідорах уключылі музыку, і больш нічога пра яго невядома», — сказала Стромская.

У дзяжурнай частцы сваякам паведамляюць, што Уладзімір Гундар знаходзіцца ў камеры, прымаюць перадачы. «Калі ўсё добра, чаму тады яго не прыводзяць на паседжанні, як і ўсіх?» — запыталася жанчына.

Пра вышэйапісаную сітуацыю распавялі сваякі аднаго з фігурантаў справы, з якім было спатканне.

Прысуд па «справе Аўтуховіча» быў вынесены 17 кастрычніка. Фігурантам справы прысудзілі аграмадныя тэрміны. Усяго судзілі 12 чалавек, якіх абвінавачвалі паводле 15 артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Суддзя Максім Філатаў прысудзіў фігурантам «справы Аўтуховіча» агулам 197 гадоў і 7 месяцаў калоніі і амаль 100 тысяч долараў штрафаў.

Мікалаю Аўтуховічу, якога абвінавачвалі па 12 артыкулах, у ліку якіх «здрада Радзіме» і «акт тэрарызму» — 25 гадоў і штраф у тысячу базавых велічынь (32 000 рублёў). Першыя пяць гадоў ён будзе знаходзіцца ў турме, астатні тэрмін — у калоніі. Таксама рашэннем суда Мікалай Аўтуховіч пазбаўлены звання старшага прапаршчыка ў адстаўцы;

Уладзіміру Гундару, абвінавачанаму па ч. 1 арт. 285, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК Беларусі («Стварэнне злачыннай арганізацыі, замах на злачынства і захоп або ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам») — 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Вользе Маёравай, абвінавачанай паводле ч. 2 арт. 285, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 3 арт. 130, ч. 3 арт. 361, ч. 4 арт. 295 («Удзел у злачыннай арганізацыі і замах на захоп або ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», «Распальванне варожасці», «Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь», «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў») — 20 гадоў калоніі;

Паўлу Саву, абвінавачанаму паводле ч. 2 арт. 285, ч. 3 арт. 289 КК Беларусі («Удзел у злачыннай арганізацыі і ўчыненне актаў тэрарызму») — 20 гадоў пазбаўлення волі і 700 базавых велічыняў штрафу (22 400 рублёў);

Віктару Снегуру — абвінавачанаму паводле па ч. 2 арт. 285 КК («Удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме»), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК («Замах на захоп улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 4 арт. 295 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, учыненыя арганізаванай групай»), ч. 3 арт. 333-1 КК («Незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплекты боепрыпасаў да яго, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад») — 19 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў).

Ірыне Гарачкінай па ч. 3 арт. 295 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў») і ч. 1 арт. 405 КК («Пакрыванне цяжкага злачынства») — 6 гадоў і адзін месяц калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 300 базавых велічыняў штрафу (9600 рублёў);

Сяргею Рэзановічу па ч. 2 арт. 285 КК («Удзел у злачыннай арганізацыі»), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК («Замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 295 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб») — 16 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 600 базавых велічыняў штрафу (19 200 рублёў).

Любові Рэзановіч па ч. 2 арт. 285 КК «Удзел у злачыннай арганізацыі»), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК («Замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 13 ч. 3 арт. 289 КК («Замах на акт тэрарызму»), ч. 4 арт. 295 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, учыненыя арганізаванай групай») — 15 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 600 базавых велічыняў штрафу (19 200 рублёў).

Паўлу Рэзановічу па ч. 3 арт. 285 КК («Стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй, здзейсненыя службовай асобай»), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК («Замах на змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК («Падрыхтоўка да акту тэрарызму, здзейсненая арганізаванай групай»), ч. 4 арт. 295 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў, здзейсненыя арганізаванай групай») — 19 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў).

Галіне Дзербыш па ч. 2 арт. 285 КК («Удзел у злачыннай арганізацыі»); ч. 3 арт. 289 КК («Акт тэрарызму, здзейснены групай асобаў»); ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам») — 20 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 700 базавых велічыняў штрафу (22 400 рублёў).

Ірыне Мельхер па ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК («Падрыхтоўка да акту тэрарызму, зробленая групай асобаў»), ч. 2 арт. 285 КК («Удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме»), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК («Замах на захоп улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») — 17 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 700 базавых велічыняў штрафу (22 400 рублёў).

Антону Мельхеру па ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») — два гады і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго вызвалілі ў зале суда, бо залічылі тэрмін утрымання пад вартай.

Нагадаем, Мікалая Аўтуховіча і іншых фігурантаў справы затрымалі яшчэ ў снежні 2020 года. Улады абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі.

У залежнасці ад ролі іх удзельнікаў «групы Аўтуховіча» абвінавацілі агулам па 15 артыкулах Крымінальнага кодэкса, а матэрыялы справы склалі 65 тамоў. Справу разглядаў суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў. Дзяржаўнае абвінавачанне на судзе падтрымлівалі намесніца старшыні пракурора Людміла Герасіменка і старшы памочнік пракурора Рабаў. Народныя засядацелі — Ставорка, Ждановіч і Нічыпор.

Паводле версіі следства, Мікалай Аўтуховіч і ўдзельнікі арганізаванай групы ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 2020 года падрыхтавалі запальную сумесь на аснове аўтамабільнага бензіну і іншых гаручых рэчываў. Пасля чаго аблілі гэтай сумессю і падпалілі аўтамабіль «Audi 80» і аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, якія належалі супрацоўніку міліцыі. У лістападзе 2020 года Мікалай Аўтуховіч і «іншыя ўдзельнікі злачыннай арганізацыі» на тэрыторыі Гродзенскага раёна вырабілі самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове трацілавай шашкі і неўстаноўленага дэтанатара, пасля чаго на вуліцы Вялікая Альшанка ў Гродне ўзарвалі аўтамабіль «Skoda Octavia», які належаў супрацоўніку міліцыі.

Абвінавачанне сцвярджала, што Аўтуховіч рыхтаваў тэракты і збіраў звесткі аб сілавіках па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў. Акрамя гэтага, «група Аўтуховіча» па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў нібыта рыхтавалася захапіць расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі для катаванняў і перадачы атрыманых у іх звестак.

З абвінавачання Аўтуховічу вынікае, што ўдзельнікаў групы ён выкарыстоўваў для збору інфармацыі аб супрацоўніках праваахоўных органаў і органаў кіравання. Гэта, нібыта, было патрэбна яму для запалохвання, пагроз і абраз, здзяйснення актаў тэрарызму, падпалаў, выбухаў аўтамабіляў і дамоў, для таго, каб прымусіць людзей адмовіцца выконваць свае службовыя абавязкі і тым самым дэстабілізаваць грамадскі парадак у краіне.

Адзначым, што менавіта суддзя Філатаў прысудзіў пяць гадоў калоніі Вітольду Ашурку, які памёр у траўні 2021 года ў шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах.