Галоўную рэдактарку аўтамабільнага партала «Аўтабізнес» асудзілі да 1,5 года калоніі
Праваабаронцам стаў вядомы вынік судовага працэсу над галоўнай рэдактаркай аўтамабільнага парталу «Аўтабізнес» Юліяй Мудрэўскай.
Справу палітзняволенай у судзе Фрунзенскага раёна Мінска восенню разглядала суддзя Алена Бушава. Жанчыну
абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе і асудзілі да 1,5 года
калоніі.
Пазней прайшоў разгляд апеляцыйнай скаргі на прысуд, які
пакінуў яго без зменаў.
Юлію Мудрэўскую затрымалі ў чэрвені 2022 года. Тады ж затрымалі таксама рэдактара спецпраектаў ABW.BY Юрыя Гладчука. Супраць яго таксама распачалі крымінальную справу паводле артыкула 342 КК. Вядома, што суд над Гладчуком пачаўся 2 снежня. На якой стадыі разбіральніцтва зараз і ці вынесены прысуд, пакуль невядома.
Пасля чэрвеньскага затрымання журналістаў «Аўтабізнесу» сілавікі распаўсюдзілі ў праўладных тэлеграм-каналах відэа, на якім адзін з супрацоўнікаў выдання распавядаў пра тое, што «ў жніўні 2020 года публікаваў у працоўным чаце паведамленні з заклікам да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі». Таксама сілавікі заявілі, што галоўрэд партала нібыта заклікала падпальваць аўтамабілі супрацоўнікаў дзяржСМІ.
Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, за кратамі цяпер знаходзяцца 30 прадстаўнікоў беларускіх медыя.