Муж журналісткі Ірыны Слаўнікавай звярнуўся да Офіса Ціханоўскай: «Павінны пачацца перамовы»

Аляксандр Лойка, муж зняволенай журналісткі Ірыны Слаўнікавай, звярнуўся ў лісце да Офіса Ціханоўскай з просьбай распачаць перамовы з рэжымам дзеля вызвалення палітвязняў. Пакуль на ягоны зварот ніхто не адказаў.

Аляксандр Лойка і Ірына Слаўнікава

Аляксандр Лойка і Ірына Слаўнікава


Аляксандр Лойка выказаў меркаванне, што дзеянні дэмакратычных сіл і ў першую чаргу Офіса Святланы Ціханоўскай за два гады не наблізілі Беларусь да развязання праблемы палітвязняў.

«Павінна быць мэта, павінна быць дзеянне, павінен быць вынік. А мы нават не бачым аніякай мэты. Вядома, там ёсць агульная мэта — зрынуць рэжым і гэтак далей, але што для гэтага робіцца?» — цытуе яго сайт экстрэмісцкага ў Беларусі тэлебачання.

Мужчына ўпэўнены, што лёс палітзняволеных у першую чаргу залежыць ад дзеянняў Офіса Ціханоўскай як фактычнага прадстаўніка Беларусі для краін Захаду.

«Усе кажуць, што павінны пачацца перамовы. І тое, што павінен, на мой погляд, зрабіць штаб — гэта звярнуцца да дыпламатаў, звярнуцца ў першую чаргу да кіраўніцтва ЗША з прапановай, каб дыпламаты зноў вярнуліся ў Беларусь і пачаліся перамовы», — кажа ён.

У якасці медыятара ў будучых перамовах з рэжымам Лукашэнкі, на думку Лойкі, можа выступіць амбасадарка Швейцарыі ў Беларусі Крыстынэ Гонэгер-Залатухін, якая мае багаты дыпламатычны досвед і актыўна ідзе на кантакт з абодвума бакамі.

Муж палітзняволенай мяркуе, што цяперашняя стаўка дэмакратычных сіл на заходнія санкцыі як на спосаб вызвалення палітвязняў не спрацавала: «Можа, трэба зайсці з іншага боку? Прапанаваць адмяніць санкцыі, каб выпусцілі палітзняволеных. Бо палітзняволеныя сядзяць, а калі пачнуць працаваць тыя санкцыі? Праз тры гады, праз пяць, праз дзесяць гадоў? Колькі існуе краін у свеце, на якія накладзены санкцыі: Паўночная Карэя, Іран, на які накладзены санкцыі больш за сорак гадоў таму, Венесуэла. Дзесьці абрынуўся рэжым, нешта здарылася?»

Са сваёй прапановай па вызваленні палітвязняў Аляксандр Лойка звярнуўся ў лісце да Офіса Ціханоўскай, на вечар 6 снежня мужу асуджанай журналісткі Ірыны Слаўнікавай ніхто не адказаў.


Нагадаем, Ірына Слаўнікава і яе муж Аляксандр Лойка былі затрыманы год таму, 30 кастрычніка 2021 года, у аэрапорце Мінска, калі вярталіся з адпачынку. Першапачаткова пара была асуджана на 15 сутак арышту за «публікацыю ў фэйсбуку экстрэмісцкага кантэнту».

Пазней далі яшчэ 15 сутак, па сканчэнні якіх на Ірыну завялі крымінальную справу, а затым яе перавялі ў Следчы ізалятар №1 у Мінску. Ірыне першапачаткова было выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак ці ўдзел у іх»), а пазней яе прызналі вінаватай у «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання».

3 жніўня Ірыну Слаўнікаву асудзілі на пяць гадоў калоніі. Прычым далі на год больш, чым прасіў пракурор.

Бацькі журналісткі сустрэліся з дачкой пасля разгляду і адхілення апеляцыі ў Вярхоўным судзе, пра што стала вядома 8 снежня. Паводле іх, Ірына выглядае добра і адчувае сябе бадзёра. Яна пераканана ў сваёй невінаватасці і ў тым, што яе зняволенне — палітычны пераслед за журналісцкую дзейнасць.