Адзнака «Вясны». Беларускія праваабаронцы атрымалі чарговую міжнародную прэмію

8 снежня ў Гаазе прайшла цырымонія ўручэння праваабарончай прэміі «Цюльпан правоў чалавека 2022», заснаванай урадам Нідэрландаў.

Міністр замежных спраў Нідэрландаў Вопке Хукстра і праваабаронцы Марына Кастылянчанка і Канстанцін Старадубец

Міністр замежных спраў Нідэрландаў Вопке Хукстра і праваабаронцы Марына Кастылянчанка і Канстанцін Старадубец

У тройку прэтэндэнтаў на прэмію ў гэтым годзе былі абраны беларускі Праваабарончы цэнтр «Вясна», праваабаронца з Камбоджы Ленг Оуч і «Тайскія адвакаты за правы чалавека».

Сёння стала вядома, што лаўрэатам прэміі стала беларуская «Вясна», аб чым паведамілі самі праваабаронцы. Узнагароду ўручаў міністр замежных спраў Нідэрландаў Вопке Хукстра.

Падчас уручэння прадстаўнікі «Вясны» адзначылі: «Нягледзячы на ліквідацыю, нягледзячы на пагрозу крымінальнай адказнасці, нягледзячы на шматлікія перашкоды, арышты і пакаранні «Вясна» працягвала працаваць, працягвала сведчыць, дакументаваць і выкрываць усе без выключэння парушэнні з боку ўлад. Мы працягваем гэтую працу і сёння, хоць некаторыя з нас знаходзяцца ў зняволеннні, а многія ў выгнанні.

Прычына гэтага ў тым, што мы сапраўды верым, што тое, што мы робім, фундаментальна правільна. Мы верым, што гэтая цяжкая праца рана ці позна прынясе плён як для нас, так і для ўсёй дэмакратычнай Беларусі. Наша барацьба не скончана і будзе працягвацца, пакуль апошні палітвязень не выйдзе на волю, а справядлівасць не адновіцца. І мы можам гарантаваць, што праваабаронцы прыйдуць на дапамогу ў патрэбны час, калі нарэшце наступяць незваротныя змены».

Пераможца атрымлівае прыз у памеры 100 000 еўра і бронзавую скульптуру ў форме цюльпана. Урад Нідэрландаў спадзяецца, што прыз дазволіць пераможцу атрымаць міжнародную вядомасць і прызнанне, далей развіваць і пашыраць маштабы сваёй працы ў галіне правоў чалавека, дазваляючы ахапіць большую колькасць людзей у як мага большай колькасці месцаў, натхняць іншых.

«Цюльпан правоў чалавека» — штогадовая прэмія ўрада Нідэрландаў, якой уганароўваюцца  праваабаронцы за іх працу па прасоўванні і абароне правоў чалавека ва ўсім свеце, а таксама асвятленне сумежных праблем. Прэмія ўручаецца штогод, пачынаючы з 2008 года.

Адзначым, што за кратамі зараз знаходзяцца шасцёра прадстаўнікоў «Вясны», уключаючы лідара арганізацыі Алеся Бяляцкага.

За гады сваёй працы, і асабліва пасля выбараў 2020 года, «Вясна» атрымала шмат прэмій, якімі адзначаліся высілкі яе чальцоў па абароне правоў чалавека ў лукашэнкаўскай Беларусі. Апагеем міжнароднага прызнання вясноўцаў, вядома, стала Нобелеўская прэмія міру, якую сёлета атрымаў палітвязень Алесь Бяляцкі.