Кніга Алеся Бяляцкага паедзе на ўручэнне Нобеля. А аўтар — застаецца за кратамі
Кніга Алеся Бяляцкага адкрывае чытачу Беларусь, што працягвае змаганне за праўду.
Гэта здарылася! Кніга (пра) Алеся Бяляцкага надрукавана і паедзе ў Осла на цырымонію ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, паведамляе «Беларускі ПЭН».
«Кніга паказвае зараджэнне і станаўленне грамадзянскага актывізму ў Беларусі і асобу Алеся Бяляцкага як аднаго з найбольш яркіх яго прадстаўнікоў. Адкрывае чытачу Беларусь, што працягвае змаганне за праўду, правы чалавека, за сваю культуру і незалежнасць.
У выданні выкарыстаны ўспаміны Бяляцкага, апублікаваныя ў розных ягоных кнігах, публікацыі ў перыёдыцы, выступленні на канферэнцыях, у судах, напісанае ў лістах на свабоду, у шматлікіх інтэрв’ю беларускім і замежным СМІ. Кніга таксама змяшчае выказванні паплечнікаў Алеся. Гэта дыялог з ім, даніна павагі нашаму сябру і калегу, магчымасць сказаць яму «дзякуй».
У кнізе 240 старонак, яна надрукавана ў цвёрдай і мяккай вокладках, выдадзена Беларускім ПЭНам і выдавецтвам «Полацкія лабірынты».