Амністыя ў Беларусі. Цяпер афіцыйна: палітвязняў не выпусцяць

Закон аб амністыі да Дня народнага адзінства падпісаны беларускім кіраўніком. Пра гэта паведаміла 8 снежня яго прэс-служба.

_cihi_pratest___sakavik_2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__5__logo_1.jpg

Паведамляецца, што «дзяржава дае магчымасць асуджаным, якія выправіліся, датэрмінова вызваліцца ад адбывання пакарання», а амністыя «прымяняецца толькі да асобаў, што станоўча характарызуецца ў перыяд адбыцця пакарання, якія сталі на шлях выпраўлення», адзначае Люстэрка.

«Законам вызначаны катэгорыі асоб, якія падлягаюць вызваленню ад пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці за злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі або адносяцца да катэгорыі меней цяжкіх. Гэта ў тым ліку непаўналетнія; цяжарныя жанчыны; жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, за выключэннем тых, хто ўчыніў злачынства ў дачыненні да непаўналетняга; якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту; інваліды I і II груп; пэўныя асобы, што хварэюць на шэраг захворванняў; ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў; пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый; якія атрымалі раненні (кантузіі), калецтвы, захворванні ў перыяд праходжання ваеннай службы або ў сувязі з ажыццяўленнем службовай дзейнасці», — паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Прадугледжана таксама вызваленне ад пакарання асоб, асуджаных з адтэрміноўкай выканання пакарання, з умоўным непрымяненнем пакарання, без прызначэння пакарання, прысуды ў дачыненні да якіх пастаноўленыя на дзень уступлення ў сілу закона; асуджаных да пакарання ў выглядзе арышту, а таксама шэрагу іншых катэгорый асуджаных.

«Пры гэтым дзеянне закона аб амністыі не будзе распаўсюджвацца на асоб, якія ўчынілі злачынствы тэрарыстычнай або экстрэмісцкай накіраванасці. Дакумент змяшчае таксама шэраг іншых выпадкаў, пры якіх амністыя не будзе прымяняцца», — удакладнілі ў прэс-службе.

У выніку амністыі плануецца вызваліць ад крымінальнага пакарання каля 4,5 тысячы асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі 1,6 тысячы. Акрамя гэтага, яшчэ каля 4 тысяч асуджаных тэрмін пакарання будзе скарочаны на год.


Праваабаронца Павел Сапелка распавядаў «Нямецкай хвалі», што гэты закон складзены дыскрымінацыйна ў дачыненні да асуджаных, якія не згодныя з палітыкай рэжыму Лукашэнкі. «Практычна ўсе артыкулы, паводле якіх асуджаныя палітвязні, занесены ў спіс, на які амністыя не распаўсюджваецца, — кажа эксперт. — Мы памятаем, як Лукашэнка анансаваў закон да 17 верасня, нібыта нас чакае прымірэнне грамадства. Нічога падобнага». Да таго ж амністыя не распаўсюджваецца «злосных парушальнікаў рэжыму», а такі статус, на жаль, сёння ў большасці палітвязняў, якія паспелі пабываць у ШІЗА, і на асуджаных, якіх перавялі з калоніі ў турму.  “Штучна навесіць парушэнні на асуджанага для адміністрацыі калоніі не праблема. І атрымліваецца, што палітвязні не могуць выйсці па амністыі», — адзначае Сапелка.

Закон аб амністыі ўступае ў сілу з дня яго апублікавання, далей даецца шэсць месяцаў на вызваленне асуджаных. Калі дэпутаты будуць галасаваць па законапраекту, пакуль не паведамляецца. Вядома толькі, што ў бягучай сесіі, якая працягнецца да 9 снежня.