
Марына Гарбуз
Марына Гарбуз сутыкнулася з жорнамі дзяржаўнай машыны яшчэ ў дзяцінстве,
якое правяла ў дзіцячым доме. «Я ўсё сваё жыццё змагалася з дзяржавай. Трэба
разумець, што дзеці з дзіцячых дамоў ведаюць пра дзяржаву ўсё, і ўсё толькі
самае дрэннае», — адзначала жанчына ў адным з інтэрв’ю.
За плячыма Марыны прынамсі пяць год валанцёрскай дзейнасці. Яе муж Павел Гарбуз — валанцёр ПЦ «Вясна» — быў затрыманы 31 жніўня 2020 года па падазрэнні ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» 9-11 жніўня.
«Калі я ўбачыў, што пад'язджае машына з людзьмі ў масках, я зразумеў, што яны прыехалі за кімсьці. Але за мной? Што я зрабіў? Пісаў лісты палітвязням, даў пераначаваць Фурманавым, калі яны абвяшчалі галадоўку каля сценаў Валадаркі, валанцёрыў на Акрэсціна, хадзіў на акцыі і шэсці. Гэта ж дробязі. Але секунда — і я ўжо ў машыне, тварам у падлогу, у кайданках: «Ну што, папаўся, рэвалюцыянер?», — распавядаў Павел Гарбуз пра абставіны свайго затрымання.
Мужчына правёў у зняволенні 10 сутак — спачатку на Акрэсціна, потым на Валадарскага. Пасля выхаду на волю Павел з жонкай Марынай і двума маленькімі дзецьмі з’ехалі ў Польшчу. Мы паразмаўлялі з Марынай Гарбуз пра сутнасць валанцёрства і досвед эміграцыі.
— Cпадарыня Марына, як бы вы сфармулявалі тое, што пабуджае людзей далучацца да валанцёрскай дзейнасці?
— Мяркуючы па асабістым досведзе і досведзе маіх сяброў, магу сказаць, што ў валанцёры ідуць тады, калі жадаюць палегчыць свой боль. Магчыма, гэта нават крыху эгаістычна. Калі жадаеш неяк сцішыць тое, што баліць, тады ідзеш дапамагаць іншым і такім чынам ратуеш сябе.
Я пачынала валанцёрскую дзейнасць з дапамогі жывёлам, але ў 2020 годзе, калі мелі месца рэпрэсіі ў дачыненні да каманды Ціханоўскага, я далучылася да гэтай каманды і валанцёрыла там. А калі пачаліся першыя масавыя затрыманні — уступіла ў ПЦ «Вясна» і дапамагала сем’ям палітвязняў. Мы з мужам насілі перадачы, валанцёрылі на мітынгах і пад ІЧУ на Акрэсціна. Я проста рабіла тое, што магла, хоць разумела сваё бяссілле перад гэтым жахам.
— Ці выконвала валанцёрская дзейнасць тую функцыю, якую вы на яе ўскладалі, ці палягчала боль?
— Так, безумоўна. І зараз палягчае. Я працягваю падтрымліваць сем'і палітвязняў — гэта адзіны спосаб, які дапамагае не звар’яцець, не апусціць рукі. Калі бачыш чалавека, якому яшчэ горш, і разумееш, што ты ў стане яму дапамагчы, тады становіцца ясна, што ў цябе ўсё не так і дрэнна.
— Як валанцёрская дзейнасць сумяшчаецца са звычайным жыццём — з побытавымі клопатамі, з працай?
— Насамрэч, проста. Гэта ўсяго толькі пытанне прыярытэтаў. Але зараз, у эміграцыі, вядома, бывае, складана. Мы здымаем кватэру, ёсць пэўныя клопаты з дзіцячым садком і школай… А таксама з працай. Калі ў Беларусі мы мелі сваю кватэру, свой бізнес, тады тут даводзіцца згаджацца амаль на любую працу. Але і гэта не такія значныя перашкоды пры правільна расстаўленых прыярытэтах. Трэба проста памятаць пра свае мэты, пра тое, з чаго ўсё пачалося і чаму істотна гэтую справу працягваць.
— Як палітычнае валанцёрства адрознівалася ад валанцёрства ў класічным варыянце?
— Яно стала небяспечным. Наколькі ведаю, зараз у Беларусі за валанцёрскую дзейнасць мне пагражае каля 15 гадоў за кратамі. За тое, што проста дапамагала.
На мітынгі ў якасці валанцёра я часта выходзіла з дзецьмі і тлумачыла ім, што мы робім добрую, важную справу. А потым з гэтымі ж дзецьмі даводзілася бегчы ад АМАПу. У дзяцей узнікаў дысананс, патрэбна было неяк тлумачыць ім, што адбываецца і чаму за дабро тут караюць. Напэўна, гэта і было самым складаным.
Павел і Марына Гарбуз з дзіцём
— Ці можна сказаць, што валанцёры заўжды робяць тую працу,
з якой не спраўляецца дзяржава?
— Вядома. У Беларусі так было заўжды. Памятаю, у 2009 годзе мы дапамагалі ініцыятыве «Ежа замест бомбаў» і ўжо тады сутыкаліся з рэпрэсіямі. Мы проста хацелі накарміць бяздомных, але і гэта забаранялася.
— Ці маглі вы калісьці ўявіць, што праз вашую дзейнасць прыйдзецца прайсці праз палітычны пераслед і з’ехаць з краіны?
— Часам у моманты, калі апускаюцца рукі, я думаю: «Як жа так, мы ж проста імкнуліся зрабіць нешта добрае!» Таму падумаць, што ўсё так абернецца я насамрэч не магла. Але ці шкадую я? Не, не шкадую. Я працягваю сваю справу і ведаю, што яны не правы, а я права.
— Як вы зараз? Ці атрымалася пабудаваць новы побыт у эміграцыі?
— Зараз, у параўнанні з тым, што адбываецца ў свеце, у нас усё добра. Мы ў Польшчы, у бяспецы, у мяне і ў мужа ёсць праца. Базавыя патрэбы ў нас закрытыя, таму яшчэ хапае моцы і магчымасці валанцёрыць.
Перад Раством мы падтрымліваем дзяцей палітвязняў, дорым падарункі. А таксама, праз праграму «Сябар сям’і» фонда «Краіна для жыцця» штомесяц дапамагаем матэрыяльна сям’і палітвязня.
Тут, у эміграцыі, вельмі страшна страціць сувязь з Беларуссю. Раней я пісала шмат лістоў за краты, але зараз яны проста не даходзяць. А калі пішаш у пустэчу, становіцца складаней. Для мяне насамрэч істотна атрымліваць нейкую зваротную сувязь. Таму калі бачыш, што падарунак дайшоў, што сям’я атрымала падтрымку, тады становіцца проста лягчэй знаходзіцца тут. У эміграцыі цяжка. У Беларусі зараз таксама цяжка.
— Я звярнулася да вашых пастоў і падалося, што апошнім часам вы моцна стаміліся ад такога маральнага цяжару. Ці так гэта?
— Так. Акрамя іншага, шмат маіх сяброў зараз у зняволенні. Марфа Рабкова, якой далі 18 гадоў, Антон Сташэўскі, які насіў перадачы… Мяне мучыць сумленне ад таго, што яны сядзяць, а ў мяне атрымалася выехаць. І так, гэта вялікі цяжар.
Да таго ж валанцёрства звычайна займае ўвесь час, гэта кругласуткавая праца без заробку. А калі ў цябе два дзіця, якія жадаюць есці, да таго ж трэба плаціць за кватэру, тады проста раздзіраешся, кідаешся ад аднаго да іншага.

У траўні гэтага года я прыняла рашэнне глабальна адысці ад палітычнай павесткі і пачаць займацца бізнесам. Такім чынам у мяне з’явіліся пэўныя сродкі, каб ужо крыху іншым спосабам падтрымліваць беларусаў, якія маюць у гэтым патрэбу.
Таму так, я вельмі стамілася. Як і ўсе. Трэба крыху адпачыць, але ніколі не забываць пра свае асноўныя мэты.